Рамеснiк, не бойся падаткаў
Аляксандр ПУКШАНСКI
Кожны пяты рамеснiк рэспублiкi працуе ў Вiцебскай вобласцi. У апошнi час iм ва ўсiм, чым могуць, дапамагаюць мясцовыя ўлады: аператыўна рэгiструюць, на льготных умовах выдзяляюць памяшканнi для работы, забяспечваюць заказамi, прадстаўляюць аўтатранспарт.
На жаль, некаторыя энтузiясты, якiя жадаюць заняцца самастойнай працоўнай дзейнасцю, блытаюць паняццi «рамеснiк» i «прадпрымальнiк». У прыватнасцi, першыя не маюць права на льготных умовах вырабляць, напрыклад, сучаснае адзенне, «класiчную» мэблю, сфера рамеснiкаў — толькi кухонны iнвентар (аксесуары для вырабу i сервiроўкi страў), вырабы з чароту, лазы i г.д. Рамеснiкi могуць рабiць i рамантаваць граблi, лапаты, матыкi, сякеры, ручныя пiлы, сярпы i г.д. А хто лепш за народных умельцаў зробiць хамут цi лейцы? У параўнаннi з бiзнэс-структурамi i прадпрымальнiкамi рамеснiкi карыстаюцца прэферэнцыямi, калi вырабляюць альтанкi, вуллi, клеткi для жывёл, цяплiцы, займаюцца кавальскай справай... Добры вопыт актыўнага супрацоўнiцтва рамеснiкаў з уладамi ўжо ёсць у Аршанскiм, Лёзненскiм i iншых раёнах Вiцебшчыны. Прадстаўнiкi службы быту з задавальненнем лiтаральна на рабочых месцах купляюць у майстроў народных промыслаў плеценыя вырабы, якiмi ўпрыгожваюцца ўстановы бытоўкi. Рамеснiкi робяць больш утульнымi гандлёвыя кропкi райспажыўкааперацыi. Па дапамогу да iх звяртаюцца прадстаўнiкi турыстычных фiрмаў — iншаземцы ж заўсёды жадаюць прывесцi дадому што-небудзь «фальклорнае», «этнаграфiчнае». Пакуль што ў рэдкiх музеях можна набыць творы рамеснiкаў, бо музеям наогул не вельмi выгадна рэалiзоўваць што-небудзь, нават буклеты з фотаэкспанатаў, а ўсё з-за высокiх падаткаў на такi вiд дзейнасцi. (Добра, што апошняя праблема ў лiку iншых нядаўна абмяркоўвалася сенатарамi ў Полацку, дзе разглядалася пытанне аб развiццi музейнай справы ў краiне.) Затое заўсёды ўмельцы — жаданыя ўдзельнiкi на кiрмашах. Зараз на хвалi развiцця сельскага турызму ўладальнiкi сельскiх сядзiб актыўна супрацоўнiчаюць з рамеснiкамi, каб стварыць у вясковых мiнi-гасцiнiцах беларускую бытавую атмасферу. Новае развiццё атрымлiвае рух рамеснiкаў дзякуючы стварэнню аграгарадкоў, дзе народным умельцам заўсёды будзе шмат работы. Рамеснiкамi быць яшчэ i зручна, бо яны не павiнны праходзiць дзяржаўную рэгiстрацыю ў якасцi iндывiдуальных прадпрымальнiкаў. Неабходна толькi стаць на ўлiк у падатковай iнспекцыi па месцы жыхарства. Пры гэтым самiх падаткаў баяцца не трэба, бо толькi раз штогод неабходна аплачваць рамесны збор у памеры адной базавай велiчынi. Пакуль што ў рэгiёне зарэгiстраваны менш як пяцьдзесят рамеснiкаў. Невялiкую колькасць спецыялiсты тлумачаць тым, што, на жаль, па гэтай тэме яшчэ няшмат iнфармацыi ў СМI. Ды i вырабы, зробленыя ўласнымi рукамi, для многiх нашых землякоў — хутчэй хобi, а не пастаянная працоўная дзейнасць. Шмат умельцаў працуюць у дзяржаўных арганiзацыях цi ў прыватным сектары, i толькi ў вольны час робяць нешта для душы, каб падарыць свае творы сябрам цi знаёмым.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кожны пяты рамеснiк рэспублiкi працуе ў Вiцебскай вобласцi. У апошнi час iм ва ўсiм, чым могуць, дапамагаюць мясцовыя ўлады |
|