Якi ён на смак — радыеактыўны «прысмак»?
Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ
20 ГАДОЎ ПАСЛЯ Першы раз летась лабараторыя Кармянскага раённага цэнтра гiгiены i эпiдэмiялогii правярала якасць малака ад рагулi жыхара вёскi Лiтвiнавiчы Мiкалая Чаўрызава ў пачатку лiпеня. Вынiк такi: ва ўказаным прадукце колькасць радыенуклiдаў перавышала дапушчальны ўзровень на 33,7 працэнта. Тое ж назiралася i ў гаспадарках М. Шаўчука, Н. Пiнчукова, Ю. Семчанкi з вёскi Новая Зенькавiна. I калi спецыялiсты дзяржсаннагляду спыталi ў iх, у чым тут справа, тыя толькi пацiснулi плячыма: а хто яго ведае, маўляў?А сакрэтаў тут нiякiх няма. Проста жывёла ўказаных гаспадароў пасвiлася не ў тых месцах, дзе трэба было, а ў пойменных лугавiнах цi лесе, дзе травы хоць i густыя, «сытныя», але ўцягнулi ў сябе з забруджанай зямлi небяспечны цэзiй. Усё гэта i было растлумачана людзям, пасля чаго зроблены прадпiсаннi ў Лiтвiнавiцкi i Кароцькаўскi сельскiя саветы, сутнасць якiх заключалася ў тым, што неабходна прыняць усе захады для атрымання прадукту належнай якасцi. Падобныя ж меры будуць садзейнiчаць знiжэнню гадавых доз унутранага апраменьвання тых, хто спажывае гэта малако. I што ж? Там, дзе людзi зрабiлi правiльныя вывады, у час наступнай праверкi (у канцы кастрычнiка) высветлiлася, што большасць iмёнаў «парушальнiкаў» са спiса знiклi. Я папрасiў пракаментаваць гэты факт галоўнага дзяржаўнага санiтарнага ўрача раёна Валянцiна КАМЕШКУ. — Радыяцыйны кантроль радыецэзiю ў сельскагаспадарчай сыравiне i гатовай харчовай прадукцыi цяжка пераацанiць, i ён ажыццяўляецца ў нас даволi шырока: у ветлабараторыi, раённым спажывецкiм таварыстве, пункце прыёму малака, сiстэме жыллёва-камунальнай гаспадаркi. Гэта так званы ведамасны кантроль. А дзейнiчае яшчэ i лабараторны радыяцыйны кантроль дзяржаўнага санiтарнага нагляду. I хачу адразу сказаць, што пачынаючы з 1997 года выпадкаў перавышэння ўстаноўленых нарматываў па ўтрыманню радыецэзiю ў прадуктах харчавання з грамадскага сектара i ў пiтной вадзе не зарэгiстравана, чаго нельга сказаць аб прадуктах, вырашчаных i вырабленых у прыватным сектары. — Возьмем мiнулы год, Валянцiн Мiхайлавiч. Якiя прадукты вы тады правяралi? — Розныя: бульбу, моркву, буракi, малако, зелянiну асабiстых гаспадарак 34 населеных пунктаў. Дык вось, летась радыелагiчнай лабараторыяй дзяржсаннагляду даследавана 984 пробы з прыватнага сектара, у тым лiку 49 — малака. Восем з iх (малако) перавышалi рэспублiканскiя дапушчальныя нормы. — Многа гэта цi мала? — А давайце параўнаем з апошнiмi гадамi. У 2002 годзе — 67 выпадкаў, 2003-м — 37, 2004-м — 8. — Чым вы растлумачыце рэзкi спад колькасцi «радыяцыйнага» малака? — Галоўны фактар тут у тым, што ў 2002—2003 гадах была праведзена вялiкая работа па перазалужэнню пашаў. Сёлета ж за першы квартал мы даследавалi 156 проб прадуктаў харчавання з асабiстых падсобных гаспадарак, у тым лiку 89 проб малака. Пяць з iх аказалiся «бруднымi» — ад кароў некаторых жыхароў Старой Венькавiны, Лiтвiнавiч, Сырска i Вынашаўкi. Асноўная прычына вядомая: кармленне кароў «брудным» сенам, якое нарыхтоўваецца людзьмi. Хачу тут прывесцi яшчэ адну лiчбу. За перыяд з 1996 па 2005 год колькасць населеных пунктаў, дзе малако не адпавядала патрабаванням РДУ па ўтрыманню цэзiю-137, знiзiлася ўдвая, i гэта красамоўна сведчыць, што, нягледзячы на ўсё вышэйсказанае, паступова вырашаецца праблема атрымання нарматыўна чыстых па ўтрыманню радыенуклiдаў харчовых прадуктаў асабiстых гаспадарак. Большай эфектыўнасцi дасягнула i растлумачальная работа з людзьмi. Цяжка не пагадзiцца з Валянцiнам Мiхайлавiчам. Зроблена сапраўды многа, i можа падацца, што 1,9 i 1,6 працэнта ўдзельнай вагi надоенага ў 2004 i 2005 гадах у прыватным сектары раёна малака, якое не адпавядае дапушчальным узроўням, не такiя ўжо значныя. Тым не менш, думаецца, што для стабiлiзацыi радыялагiчнай абстаноўкi пры вытворчасцi малака ў асабiстых гаспадарках неабходна праграма мерапрыемстваў, накiраваная на знiжэнне ўнутранага апраменьвання насельнiцтва (нарыхтоўка «чыстага» сена з акультураных пашаў, выдзяленне iх для выпасу свойскай жывёлы i г.д.). Асобнае пытанне — спажыванне людзьмi дароў прыроды (лясных ягад, грыбоў), лоўля рыбы, паляванне на дзiкiх жывёл. На жаль, сярод нашага люду (у тым лiку i кармянцаў) шмат такiх, хто не звяртае нiякай увагi на небяспеку, якую ўяўляюць названыя прадукты для чалавека, калi iх не правяраць. Па праўдзе кажучы, рэдка хто нясе iх на радыяцыйны кантроль. I тым не менш, летась раённы цэнтр гiгiены i эпiдэмiялогii, а дакладней, яго лабараторыя выявiла радыенуклiды ў 17 пробах з 30 у ягадах i ў 14 пробах з 29 у грыбах. Сёлета тры чалавекi з Валынцаў i Сырска вырашылi праверыць у лабараторыi мяса дзiкай жывёлiны, закансерваваныя ягады i грыбы, i ва ўсiх трох выпадках утрыманне радыенуклiдаў значна перавышала дапушчальныя нормы. Усе павiнны памятаць: чым больш мы спажываем такiя прадукты, тым больш у арганiзм паступае радыенуклiдаў, што i рэгiструюць лiчыльнiкi апраменьвання чалавека. Летась, напрыклад, на гэтай апаратуры абследавана 2740 жыхароў раёна, i ў 26 з iх былi перавышаны дозы ўнутранага апраменьвання. Кожны выпадак быў расследаваны з выездам на месца. Асноўнымi прычынамi перавышэння з’яўлялася ўжыванне ў ежу мяса дзiчыны, лясных ягад i грыбоў, рыбы з мясцовых вадаёмаў. (Аб небяспецы радыяцыйнага малака мы ўжо гаварылi.) У Кармянскiм раёне ўсiм вядома, што асноўнай задачай дзяржаўных праграм па пераадоленню вынiкаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС з’яўляецца выкананне мерапрыемстваў па стварэнню бяспечнага пражывання людзей у складаных радыялагiчных i экалагiчных умовах, правядзенне абарончых мераў, накiраваных на знiжэнне доз радыяцыйнага апраменьвання, забеспячэнне нармальных умоў для гаспадарчай дзейнасцi. I ў гэтым напрамку ў раёне зроблена сапраўды многа, што знайшло пацвярджэнне на апошняй сесii раённага Савета дэпутатаў. Не трэба забываць пры гэтым, што i раней, пачынаючы з дзевяностых гадоў, мясцовыя, абласныя i рэспублiканскiя службы не сядзелi склаўшы рукi. I ўсё ж радыяцыйная абстаноўка ў раёне застаецца складанай. У 61 населеным пункце (а гэта 81 працэнт ад iх агульнай колькасцi) сярэднегадавая доза апраменьвання перавышае адзiн мiлiзiверт, што ў адпаведнасцi з нацыянальным заканадаўствам i мiжнароднымi нормамi патрабуе правядзення ахоўных мераў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Першы раз летась лабараторыя Кармянскага раённага цэнтра гiгiены i эпiдэмiялогii правярала якасць малака ад рагулi жыхара вёскi Лiтвiнавiчы Мiкалая Ча |
|