Малако цячэ ракою. Пакуль што...
Ужо некалькi гадоў запар Жарабковiцкi сельсавет трымае першае месца ў вобласцi па закупцы малака ў насельнiцтва. А чым гэта выклiкана? Малако, як правiла, людзi здаюць у той мясцовасцi, дзе асаблiва нiдзе больш не заробiш грошай. Калi сельгаскааператыў заняпалы, то вясковы люд вымушаны прадаваць малако дзяржаве. Але ж у Жарабковiчах гаспадарка — адна з лепшых у раёне...
— А звярнiце ўвагу, як у нас апранаюцца жанчыны. Адна перад адной выхарошваюцца — вось i бягуць навыперадкi здаваць малако, — пажартаваў старшыня сельсавета Вiктар Касель. А можа, ён сказаў гэта i на поўным сур’ёзе? Амаль усё малако людзi прадаюць, пакiдаючы сабе ад надоенага 15—20 працэнтаў. Сёння на тэрыторыi сельсавета 860 двароў, а кароў толькi 448. Праўда, многiя трымаюць па 3—4 каровы, але гэта не ўплывае на сiтуацыю ў цэлым, бо на кожную карову тут прыпала здадзенага малака ў мiнулым годзе па 3600 лiтраў (у той час як у пазамiнулым было 4042 лiтры). — Калi ў нас дояць карову ў вядро, то ў Свяцiцы — у патэльню, — пачуў у Жарабковiчах. Свяцiца — вёска з палескай зоны раёна, i там, на балотнай траве, жывёла асаблiва не разгуляецца. Але ж, якой бы высокай бальнасцi нi была зямля, пракармiць некалькi кароў няпроста. Сенам СВК забяспечвае толькi адну карову, а з астатнiмi гаспадары ўпраўляюцца самi. Саломы хапае ўсiм, жамерыны ад цукровых буракоў купiць можна, i жывёла iх з сечкай есць у ахвоту. Хто працуе ў сельгаскааператыве, атрымлiвае па некалькi тон збожжа, якое, у асноўным, i iдзе на корм жывёле. Дык хто б’е ўсе рэкорды на здачы малака? Як нi дзiўна, гэтыя жанчыны — не паляводы i не жывёлаводы. Людмiла Туцiна працуе няняй у дзiцячым садку. Ад чатырох кароў яна здала 15 506 лiтраў малака. Ларыса Новiк — спецыялiст па ўлiку ў ваенным стале — таксама трымае чатыры каровы (13 458 лiтраў), а вось Тамара Палянiца (бухгалтар СВК) ад трох кароў здала 15 435 лiтраў малака. За 2005 год па сельскаму Савету прададзена 1787 тон малака, а гэта 20 працэнтаў ад здадзенага 11 сельсаветамi раёна. Што ж мае сельсавет ад закупу малака? — За першае месца атрымалi дыплом i дыван 2х3 метры, а яшчэ — задавальненне, што мы тут такiя дзелавыя i спрытныя, — сказаў старшыня сельсавета. За закуп малака адказвае сельсавет, але ўвесь «навар» iдзе мясцоваму СВК. За кожную тону малака завод пералiчвае яму 55 тысяч рублёў. У цэлым сума набiраецца пад сто мiльёнаў, i для сельсавета такiя грошы былi б iстотнай падтрымкай. Праўда, сказаць, што ў сельсавета — фiнансавыя праблемы, нельга. Ва ўсiх кабiнетах зроблены еўрарамонт, i такога аздаблення не давялося бачыць нi ў адным сельсавеце вобласцi. Ды яшчэ i новую аўтамашыну купiлi. А тое, што «народныя» грошы iдуць сельгаскааператыву, тлумачыцца проста. Гаспадарка забяспечвае прыватны статак кармамi i гэтым самым набывае права на тыя 55 тысяч за тону. У мiнулым годзе за лiтр малака плацiлi 330 рублёў, а сёлета ўжо 366 рублёў. Людзi лiчаць, гэтага мала, бо ў магазiне яно ўдвая, а то i ўтрая даражэй. Здатчыкаў зразумець можна, але калi б цана на закуп малака была адпушчана, то яшчэ нявядома, якая склалася б сiтуацыя. Магчыма, кошт на яго i вырас бы, але аб’ёмы закупу зменшылiся б, i тады здаць малако было б праблематычна. Неўзабаве пачнецца масавая здача малака. Вiктар Касель лiчыць, што i сёлета сельсавет не ўступiць пазiцыю. Сымон СВIСТУНОВIЧ, Ляхавiцкi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ужо некалькi гадоў запар Жарабковiцкi сельсавет трымае першае месца ў вобласцi па закупцы малака ў насельнiцтва |
|