Гiсторыя болю i надзеi
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Прэзентацыя Матэрыял для гэтай кнiгi збiраўся яшчэ да падзеi, пра якую яна расказвае. Аўтары яе не здагадвалiся, што пачынаюць летапiс, i пра што ён будзе апавядаць. Яны аказалiся ў той час i ў тым месцы з зусiм iншымi мэтамi. Спачатку. Арнiтолаг, этнограф i журналiст — кожны з iх рабiў сваю справу. Але ў вынiку аказалася, што яны, кожны па-свойму, убачылi i зафiксавалi драму, падобнай якой чалавецтва не ведае. У год 20-годдзя катастрофы на атамнай электрастанцыi з’явiлася кнiга з унiкальнымi фатаграфiямi, якiя апавядаюць пра Чарнобыль нязвыкла i па-новаму. Аповяд гэты ўражвае сваёй глыбiнёй, ён прымушае задумацца не толькi пра сутнасць таго, што адбылося тады i працягваецца дагэтуль, а ўвогуле пра Чалавека, пра яго ўзаемаадносiны з Прыродай, пра Сiлу Жыцця, пра Боль i Вечнасць... Кнiга гэта — вялiкi, цудоўна выкананы фотаальбом «Чарнобыль» Iгара Бышнёва, Анатоля Клешчука i Дзянiса Раманюка.Iдэя кнiгi нарадзiлася два гады таму ў мастака Дзянiса Раманюка. Ён добра ведаў мясцiны, якiя пацярпелi ад аварыi, яшчэ да выбуху ездзiў туды разам з бацькам, вядомым этнографам Мiхасём Раманюком, — у навуковыя экспедыцыi. Яны думалi, што ў iх яшчэ ёсць час, што тут, на берагах Прыпяцi, Дняпра i Сожа яшчэ не адно дзесяцiгоддзе людзi будуць адмыслова аздабляць сваю вопратку, вадзiць i хаваць «стралу», распiсваць посуд i рабiць незвычайныя, толькi гэтым рэгiёнам уласцiвыя, рэчы. Аказалася, яны былi сведкамi апошнiх дзён iснавання цэлай культуры, жыццё якой спынiлася ў адзiн момант. Але расказ толькi пра гэту страту не стварыў бы поўнай карцiны таго, што адбылося. Спачатку Дзянiс думаў зрабiць кнiгу адзiн. Думаў, што свае i бацькоўскiя архiвы будзе дастаткова дапоўнiць свежымi фатаграфiямi, якiя пакажуць, што адбылося ТАМ за два апошнiя дзесяцiгоддзi. Ён паехаў i ўбачыў шмат нечаканага. Напрыклад, бортнiцтва, якое адрадзiлася i развiваецца на забруджаных цэзiем тэрыторыях. Прычым мёд, якi атрымлiваюць бортнiкi, — чысты. Дзянiс Раманюк убачыў, што Чарнобыль — гэта жыццё, але жыццё iншае. I тады ён зразумеў, што, каб расказаць пра гэтае жыццё, уласных фатаграфiй не хопiць. «Калi ў хаце загрымеў чыгунок, я напэўна ведаў, што там гаспадарыць не чалавек, а жывёла. Толькi якая? Уявiце сабе, гэта была балотная чарапаха. Яна тупала па кухнi, быццам хатняя гаспадыня, што збiраецца гатаваць вячэру...» Гэта подпiс да здымка Iгара Бышнёва, вучонага, аўтара фiльма «Чарнобыльскiя джунглi», якi з першых дзён даследаваў наступствы аварыi з боку прыроды. У альбоме шмат зробленых iм унiкальных, проста фантастычных кадраў: чорныя буслы ў вёсцы, воўк у хаце, медзведзяня на падворку... «Гледзячы, хто сёння засяляе дамы ў Зоне, iх можна так i называць: дом ваўка, дом дзiка, дом вос, дом пугача... Гэты, у Радзiне (вёсцы, якая не iснуе ўжо нi на адной карце), — дом раслiн. Яшчэ захавалiся шыбы ў вокнах, а дом лiтаральна перапоўнены раслiнамi. Вось-вось зялёная бiямаса вырвецца вонкi патокамi лiстоты i галля...» Прырода, народ, гiсторыя i чалавек — праз гэтыя чатыры глабальныя паняццi кнiга апавядае пра наступствы тэхнагеннай катастрофы. Тэкст i большасць здымкаў раздзела «Чалавек» належаць Анатолю Клешчуку, карэспандэнту «Звязды». Анкалагiчна хворыя дзецi i iх мацяркi, людзi, якiя 20 гадоў жывуць у 50-кiламетровай зоне, i тыя, хто з’ехаў — перасяленцы i iх кiнутыя хаты... Гiсторыя змагання чалавека з радыяцыяй i яе наступствамi. Змагання ўнутранага: у душы, ва ўласным целе, змагання духоўнага. Атрымалася вельмi фiласофская кнiга, у якой боль спалучаецца з захапленнем, гора з надзеяй. Гэтыя дзiўныя здымкi, сабраныя разам i ўдумлiва раскладзеныя, утвараюць эфект «другога дна», калi хочацца вяртацца да iх зноў i зноў, каб расшыфраваць, убачыць тое, што адразу было не заўважана. Каб зразумець нешта для сябе вельмi асабiстае, i адначасова нешта касмiчнае. Усе тэксты напiсаны на трох мовах: беларускай, нямецкай i ангельскай. Альбом незвычайнага фармату i выдатнай якасцi выдадзены з дапамогай спонсараў: дыпламатычных мiсiй, фiрмаў i арганiзацый.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Матэрыял для гэтай кнiгi збiраўся яшчэ да падзеi, пра якую яна расказвае. Аўтары яе не здагадвалiся, што пачынаюць летапiс, i пра што ён будзе апавяда |
|