«Жывём не горш за iншых»
Святлана ЯСКЕВIЧ
Калi гаворка заходзiць пра пацярпеўшыя ад радыяцыi рэгiёны Брэстчыны, то найперш называюць Столiн з Лунiнцам, затым Пiнск, а пра Драгiчын у гэтым кантэксце нават не ўсе ведаюць.
Але ў Драгiчынскiм раёне на забруджанай радыенуклiдамi тэрыторыi пражывае крыху больш за 5700 чалавек, а ў Пiнскiм — каля 2700. Напрыклад, Iванаўскi раён, якi суседнiчае з Пiнскiм, лiчыцца чыстым, а ў Драгiчынскiм, якi размешчаны, калi глядзець па карце, намнога лявей, 17 вёсак зачапiла гэтая навала. Адна з iх — Залессе Радастаўскага сельсавета знаходзiцца ў зоне з правам на адсяленне, дзе сярэднегадавая доза апраменьвання, кажучы мовай спецыялiстаў, перавышае адзiн мiкразiверт, або ўзровень радыяцыi больш за пяць кюры. Дык вось летась у Радаставе была ўведзена ў строй новая сельская бальнiца. Факт сам па сабе цiкавы. У той час, калi вясковыя бальнiцы спрэс зачыняюцца, тут, у самай глыбiнцы, пабудавалi новую. I не проста новую, а прыгожую, светлую, па самаму сучаснаму праекту. Праўда, здадзены толькi першы корпус лячэбнай установы, на заканчэнне другога сродкаў не хапiла. Але i ў адным будынку радастаўскiя медыкi абсталявалi ўсё кампактна i зручна, каб было камфортна працаваць i лячыцца. Размаўляем пра ўсё гэта ў вельмi маленькiм кабiнеце галоўнага ўрача, цi, як правiльна цяпер называецца пасада, загадчыка бальнiцы Валерыя Кучко. Валерый Еўдакiмавiч адразу патлумачыў, чаму кабiнет кiраўнiка такi сцiплы па памерах. Гэта ўжо трэцяя бальнiца, якую будаваў доктар Кучко. Так, менавiта будаваў. Адна засталася ў Магiлёўскай вобласцi, у раёне, дзе ўсiх неўзабаве адсялiлi, другая — у Вiцебскай, на радзiме. А Радастаўская — трэцяя, якую ён з улiкам свайго трыццацiгадовага вопыту разам з праекцiроўшчыкамi, будаўнiкамi, што называецца, «перабiраў» па цаглiне, а то i па сантыметру. Многае па ходу спатрэбiлася ўдакладняць, прыстасоўваць, падганяць. Вось i прасторны кабiнет, якi праектанты адвялi галоўнаму ўрачу, пераабсталявалi пад працэдурную, а сабе Валерый Еўдакiмавiч адвёў малюсенькае падсобнае памяшканне на другiм паверсе. Бальнiца пабудавана на сродкi Дзяржаўнай праграмы па пераадоленню наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. На ўзвядзенне аб’екта было выдзелена 2 мiльярды 394 мiльёны рублёў. Адно толькi бальнiчнае абсталяванне каштавала амаль 150 мiльёнаў. Усё неабходнае ёсць: свая лабараторыя, апарат ЭКГ, абсталяванне для правядзення фiзiятэрапеўтычных працэдур, патрэбныя медыкаменты, — увесь арсенал для таго, каб вясковы чалавек атрымаў квалiфiкаваную дапамогу. Бальнiца разлiчана на 25 ложкаў, штомесяц лячэнне атрымлiваюць у сярэднiм 42 чалавекi. Лечацца ў асноўным людзi з Радастава i яшчэ чатырох навакольных вёсак. Валерый Кучко расказвае, што хварэюць вяскоўцы, як i ва ўсёй краiне, найбольш сардэчна-сасудзiстымi захворваннямi. Узровень анкалагiчных паталогiй не вышэй сярэдняга па рэспублiцы. Але прафiлактычная работа, асаблiва ў вёсках, пацярпеўшых ад радыяцыi, вядзецца пастаянна згодна з даўно заведзеным парадкам. Штогод планава аглядаецца палова насельнiцтва, на другi год — другая палова. У названым ужо Залессi ўчастковы доктар прымае вяскоўцаў, а таксама наведваецца дадому да хворых кожны месяц. На ўчастку педыятра мясцовай бальнiцы Тамары Кучко —520 дзяцей. З аздараўленнем школьнiкаў, лiчыць Тамара Аляксееўна, нiякiх праблем няма. «Наадварот, — расказвае ўрач, — раз-пораз звоняць з раёна: накiруйце ў санаторную школу цi аздараўленчы цэнтр каго-небудзь, ёсць месцы. А школьнiкi са Сварынскай сярэдняй школы (Сварынь — адна з 17. — С.Я.) перыядычна аздараўлiваюцца цэлымi класамi ў тым лiку i на працягу наву-чальнага года». Цiкава, што Радастаўскi сельсавет — самая пацярпеўшая ад радыяцыi тэрыторыя, але тут, гiстарычна так склалася, i трымаецца да гэтага часу самая высокая нараджальнасць у раёне. Так што патранажнай медсястры Таццяне Церашчук работы хапае. I зараз на ўчастку 36 немаўлят да года. А напiсаць Таццяна прасiла пра тое, што ўсе маладыя бацькi ў iх адказныя i сур’ёзныя. «Пачытаеш газеты, паглядзiш тэлевiзар, — кажа медсястра, — прытулкi поўныя, дзяцей кiдаюць, проста жах бярэ. Не, у нас такога няма. Ёсць у нас на ўчастку мама, якой 16 гадоў. Вядома, да яе мы ходзiм нават часцей, чым патрабуюць iнструкцыi. Але ж калi адчуваеш аддачу, то i хочацца навучыць, падказаць. Вiдавочна, што гэта дзяўчына дзiцятка сваё не кiне, ды i бацькi ў яе сталыя, дачку падтрымлiваюць». Першае, пра што загаварыў жыхар Залесся пенсiянер Васiль Iванавiч Церашчук, гэта тое, якая ўважлiвая i добразычлiвая ў iх доктар, хоць i вельмi маладая. Алеся Цалко ў Радастава прыехала па размеркаванню, працуе толькi са жнiўня мiнулага года, але ў Залессi яе ўжо ўсе ведаюць, называюць паважлiва Алеся Васiльеўна. Кожны трэцi чацвер месяца ўчастковы тэрапеўт прымае хворых у залескiм Доме сацыяльных паслуг. Пад яго прыстасавалi былую пачатковую школу. Малады ўрач таксама ўжо ведае ўсiх вяскоўцаў, стан iх здароўя. Хто не прыходзiць на прыём па прычыне нямогласцi, да тых доктар Цалко наведваецца сама. А пенсiянер Васiль Церашчук даглядае адзiную вясковую грамадскую ўстанову, куды жыхары Залесся заходзяць не толькi на ўрачэбны прыём. Па графiку сюды заязджаюць службы раённага камбiната бытавых паслуг, гандлёвыя арганiзацыi, iншыя службы. Магазiна ў Залессi няма, два разы на тыдзень сюды прыходзiць аўталаўка. У вёсцы зараз 46 чалавек. Амаль усе трымаюць кароў. Яшчэ ў Залессi спакон веку разводзiлi авечак. I цяпер аматары баранiны з Драгiчына на рынку выглядаюць гаспадароў з Залесся. Вёска, на першы погляд, самая звычайная. Вылучаецца хiба толькi прыгажосцю навакольных пейзажаў. У ваколiцах Радастава, на былых балотах, краявiды не асаблiва прыкметныя. А тут... Гэтая навала нiбы ў насмешку над людзьмi выбiрала самыя прыгожыя i жывапiсныя мясцiны. З аднаго боку Белаазёрскi канал з шумным вадаспадам на плацiне, з другога — лес, азёры, месцы, iдэальныя для адпачынку, для агратурызму, каб не пяць кюры i права на адсяленне... Дома застаць жыхароў Залесся аказалася не так проста. Старшыня Радастаўскага сельсавета Пётр Церашчук патлумачыў, што напярэдаднi Вялiкадня вяскоўцы прыводзяць у парадак могiлкi, шчыруюць на агародах. Жыхары гэтай вёскi, паводле слоў Пятра Iосiфавiча, вялiкiя працаўнiкi. Тут няма п’янiц i лайдакоў. Жывуць у асноўным сталыя людзi, якiя ўжо вырасцiлi дзяцей, адпрацавалi не адно дзесяцiгоддзе на калгаснай вытворчасцi. Любоў Савельеўна Капуза многа гадоў была зборшчыцай малака, Марыя Макараўна i Мiхаiл Канстанцiнавiч Кабакi калiсьцi лiчылiся аднымi з лепшых працаўнiкоў гаспадаркi, тое ж можна сказаць i пра былога механiзатара Васiля Андрэевiча Данiлюка. Васiль Церашчук, з якiм усё ж удалося ў той дзень пагаварыць, лiчыць сваю вёску самым лепшым месцам на зямлi: — Жывём пакуль што, мабыць, не горш за iншых, — па-фiласофску заключыў пажылы чалавек. Яшчэ Васiль Iванавiч расказаў, што iм, як жыхарам, пацярпеўшым ад радыяцыi, выдзяляюць бясплатна камбiкорм для падсобнай гаспадаркi. Тутэйшая медыцына ўважлiва ставiцца да вяскоўцаў. Па вынiках проб малака ад кароў з прыватнага сектара ў 2004—2005 гадах перавышэння ўтрымання радыенуклiдаў не выяўлена. Як сказаў у гутарцы з карэспандэнтам «Звязды» начальнiк аддзела па праблемах лiквiдацыi наступстваў аварыi на ЧАЭС Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Шклярык, колькасць забруджаных зямель у Драгiчынскiм раёне скарачаецца дзякуючы пастаяннаму правядзенню так званых абарончых мерапрыемстваў. Каб ачысцiць зямлю, прымяняюцца дадатковыя дозы мiнеральных угнаенняў, вапнаванне глебы, ствараюцца культурныя кармавыя ўгоддзi ў прыватным сектары. Усё гэта робiцца згодна з рэспублiканскай праграмай пераадолення наступстваў чарнобыльскай аварыi. Па названай праграме апошнiм часам пабудаваны водаправод у вёсцы Аляксеевiчы. У вёсках Брашэвiчы, Заказель, Валавель, Нямержа, Перкавiчы праведзена рэканструкцыя сетак водаправода i артсвiдравiн. Вельмi важна, каб людзi на забруджанай тэрыторыi спажывалi чыстую ваду. Ну i прыярытэтным накiрункам Дзяржпраграмы назваў Аляксандр Шклярык аздараўленне насельнiцтва. Летась у санаторыях i прафiлакторыях пабывалi 899 жыхароў Драгiчынскага раёна, з iх 778 дзяцей. Драгiчынскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калi гаворка заходзiць пра пацярпеўшыя ад радыяцыi рэгiёны Брэстчыны, то найперш называюць Столiн з Лунiнцам, затым Пiнск, а пра Драгiчын у гэтым кант |
|