Усё пра медыцынскую дапамогу
Мiкалай ЛIТВIНАЎ
На пытаннi чытачоў «Звязды» адказвае начальнiк упраўлення арганiзацыi медыцынскай дапамогi Мiнiстэрства аховы здароўя Аляксандр Кiрылавiч ЦЫБIН
(Працяг. Пачатак у нумарах за 12, 15 і 17 красавіка.) Валер Рыгоравiч Шняк, г. Смалявiчы: — Адна са спецыяльнасцяў, па якой вядзецца падрыхтоўка ў ПТВ-204, — повар. Зразумела, што навучэнцы, якiя выбралi яе, павiнны праходзiць медкамiсiю. Аднак тут узнiкае пытанне. Справа ў тым, што ў Смалявiчах навучэнцы, якiм яшчэ не споўнiлася 18 гадоў, праходзяць медкамiсiю бясплатна. А вось навучэнцы, якiя маюць узрост больш за 18 гадоў, — ужо за грошы. Цi правiльна гэта? — Валер Рыгоравiч, на гэты конт iснуе спецыяльнае тлумачэнне Мiнiстэрства аховы здароўя ад 23 чэрвеня 2003 года. У адпаведнасцi з iм прафiлактычныя агляды навучэнцаў i студэнтаў (у тым лiку i для допуску iх да вытворчай практыкi) право- дзяцца бясплатна ў дзяржаўных медыцынскiх установах па месцы жыхарства альбо па месцы вучобы. А вось медыцынскiя агляды ў гасразлiковых палiклiнiках (арганiзацыях) ажыццяўляюцца на платнай аснове. Так што рознiца толькi ў гэтым. Валянцiна Пятроўна Трафiмовiч, г. Салiгорск: — Цi магу я трапiць на прыём да спецыялiста ў Мiнск? На якiх умовах гэта можна зрабiць, якiя паперы неабходна прадставiць? — Медыцынская дапамога звычайна аказваецца па месцы жыхарства. Аднак пацыенты маюць права звярнуцца на гэты конт у любую арганiзацыю аховы здароўя. Накiраванне хворых на абследаванне i лячэнне ў спецыялiзаваныя медыцынскiя ўстановы рэспублiканскага ўзроўню робiцца ўчастковымi ўрачамi, калi няма магчымасцi для дыягностыкi i лячэння мяркуемага захворвання ў арганiзацыях, што аказваюць першасную медыка-санiтарную дапамогу. Такiм правам валодаюць кiраўнiкi арганiзацый аховы здароўя i iх намеснiкi, галоўныя спецыялiсты (штатныя i пазаштатныя), якiя курыруюць пытаннi аказання лячэбна-прафiлактычнай дапамогi насельнiцтву, начальнiкi аддзелаў аказання лячэбна-прафiлактычнай дапамогi насельнiцтву ўпраўленняў абласных выканкамаў i камiтэта па ахове здароўя Мiнскага гарвыканкама, а таксама кiраўнiкi названых рэгiянальных падраздзяленняў i iх намеснiкi, якiя вядуць адпаведныя пытаннi. Тасама накiраванне ажыццяўляецца штатнымi i пазаштатнымi галоўнымi спецыялiстамi Мiнiстэрства аховы здароўя, якiя курыруюць пытаннi аказання лячэбна-прафiлактычнай дапамогi насельнiцтву, начальнiкамi аддзелаў i ўпраўленняў, мiнiстрам i яго намеснiкамi. Гэта агульная практыка, якая iснуе зараз. Падставай для накiравання хворых на абследаванне i лячэнне ў медыцынскiя ўстановы рэспублiканскага падпарадкавання з’яўляюцца адсутнасць магчымасцi для дыягностыкi i лячэння мяркуемага захворвання ў арганiзацыях аховы здароўя на абласным i гарадскiм (калi гэта датычыцца Мiнска) узроўнi, неабходнасць удакладнення дыягназу ў складаных выпадках, адсутнасць эфекту ад тых метадаў лячэння, што прымяняюцца, а таксама патрэба ў выкарыстаннi высокатэхналагiчных метадаў дыягностыкi i лячэння. Таму для таго, каб дакладна вырашыць пытанне наконт вашага накiравання на кансультацыю, перш за ўсё неабходна звярнуцца ў арганiзацыю аховы здароўя па месцы жыхарства. Там усё растлумачаць i дапамогуць. Вера Аляксееўна Тамко, г. Светлагорск: — Мой сваяк — грамадзянiн Расii. Калi прыязджаў да нас у госцi, яму тут зрабiлi аперацыю. За паўторную аперацыю выставiлi рахунак. Як нам растлумачылi, неабходна звярнуцца за вытворчым страхавым полiсам у Расiю. Што мы i зрабiлi. Але там сказалi, што адпаведная працэдура пакуль не дзейнiчае. Калi ж уступiць у сiлу закон аб роўнасцi правоў грамадзян Беларусi i Расii? Што рабiць майму сваяку? — У адпаведнасцi з «Палажэннем аб парадку прадастаўлення медыцынскай дапамогi грамадзянам Рэспублiкi Беларусь ва ўстановах аховы здароўя Расiйскай Федэрацыi i грамадзянам Расiйскай Федэрацыi ва ўстановах аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь», якое было зацверджана рашэннем Выканаўчага Камiтэта Садружнасцi Беларусi i Расii, устаноўлены спецыяльны парадак. Бесперашкодна на бясплатных умовах аказваецца хуткая i неадкладная дапамога. Таксама бясплатна ўсе вiды медыцынскай дапамогi аказваюцца Героям Савецкага Саюза i кавалерам ордэнаў Славы трох ступеняў. На такой жа аснове праводзяцца дыягностыка i лячэнне сацыяльна небяспечных захворванняў (па зацверджанаму пералiку). Планавая медыцынская дапамога аказваецца на платнай аснове. Справа ў тым, што адпаведнае пагадненне памiж урадамi Беларусi i Расii, што датычыцца парадку аказання медыцынскай дапамогi грамадзянам гэтых дзяржаў, было падпiсана 24 студзеня i ўступiць у сiлу пасля яго ратыфiкацыi. Ларыса Антонаўна Сiлiчонак, г. Мiнск: — У мяне дзiцячы паралiч, я з’яўляюся iнвалiдам II групы. У законе «Аб сацыяльнай абароне iнвалiдаў», якi быў прыняты 14 лiпеня 2000 года, агаворана, што iнвалiды могуць бясплатна карыстацца пэўным пералiкам паслуг. Мне ўрачы парэкамендавалi занят-кi на трэнажорах. Звярнулася па дапамогу ў адмiнiстрацыю Савецкага раёна, там выдалi патрэбны абанемент. Усё добра, але ж дабiрацца на заняткi вельмi далёка. Каля майго дома размешчана аддзяленне медыцынскага цэнтра «Нардзiн». Цi магу я займацца там бясплатна (альбо за частковую плату)? Дырэктар аддзялення сказаў, што гэта ў прынцыпе немагчыма... — На жаль, паважаная Ларыса Антонаўна, магу паведамiць толькi адно: камерцыйныя структуры аказваюць медыцынскую дапамогу выключна на платнай аснове. Андрэй Юр’евiч Мамедаў, г. Бабруйск: — Я жыву ў Бабруйску. Часта прыходзiцца выклiкаць «хуткую дапамогу» для сваячкi. Здараецца, што чакаць яе прыходзiцца вельмi доўга — да 2-3 гадзiн. Тлумачаць гэта тым, што шмат выклiкаў. Наколькi я ведаю, станцыя «хуткай дапамогi» абслугоўвае горад i раён, агульная колькасць насельнiцтва якiх складае 250 тысяч чалавек. У адпаведнасцi са спецыяльным сацыяльным стандартам брыгада павiнна абслугоўваць 12,5 тысячы чалавек. Iх у нас 18, атрымлiваецца, што, калi лiчыць па нарматывах, то гэта толькi на горад. Не хапае яшчэ 2 брыгад. Цi маю я рацыю? — Агульная колькасць насельнiцтва, калi быць дакладнымi, складае 242,8 тысячы чалавек. У адпаведнасцi з сацыяльнымi стандартамi (тут вы, Андрэй Юр’евiч, маеце рацыю) 1 брыгада хуткай медыцынскай дапамогi павiнна абслугоўваць 12,5 тысячы чалавек. Кругласутачна на лiнiю выходзяць 19,5 брыгады (гэта сярэднеарыфметычная лiчба): 20 ноччу i 19 днём. Такiм чынам, у сацыяльны стандарт такая колькасць укладваецца — атрымлiваецца, што на брыгаду прыпадае па 12450 чалавек. У сувязi з эпiдэмiяй грыпу i адпаведным павелiчэннем колькасцi выклiкаў адзначалiся выпадкi несвоечасовага выезду брыгад хуткай медыцынскай дапамогi да хворых. Таму гэтае пытанне ўзята на жорсткi кантроль мясцовай арганiзацыяй аховы здароўя, думаю, што ў далейшым якiх-небудзь «хiбаў» узнiкнуць не павiнна. Сяргей Васiльевiч Пятрэнка, г. Гомель: — Неаднойчы выпадала сутыкацца з тым, што «хуткую дапамогу» прыходзiцца чакаць вельмi доўга. Цi iснуюць адпаведныя часавыя нарматывы яе прыезду? Калi яны не выконваюцца, то якiм чынам чалавек можа паўплываць на сiтуацыю? — Нарматыўны час прыбыцця брыгады хуткай медыцынскай дапамогi на выклiкi складае да 15 хвiлiн у горадзе, i да паўгадзiны — на вёсцы. Пры адначасовым паступленнi на станцыю некалькiх выклiкаў i адсутнасцi дастатковай колькасцi свабодных брыгад у першую чаргу для аказання дапамогi спецыялiсты накiроўваюцца на выклiкi пры стане, якi патрабуе неадкладнага медыцынскага ўмяшання. Да iх лiку адносяцца няшчасныя здарэннi, раптоўныя захворваннi, стан, якi пагражае жыццю, выклiкi ў грамадскiя месцы i ўстановы, пры родах для перавозкi парадзiх у радзiльныя дамы, выпадкi масавых пашкоджанняў, да дзяцей i iнш. У мэтах удасканалення арганiзацыi хуткай медыцынскай дапамогi праводзiцца пастаянная работа па стварэнню адпаведных пастоў. А паўплываць на сiтуацыю (у выпадку, калi не выконваюцца ўстаноўленыя нарматывы) даволi проста: варта звярнуцца з адпаведным пытаннем у мясцовыя ўстановы аховы здароўя. Праблему павiнны вырашыць неадкладна. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi чытачоў «Звязды» адказвае начальнiк упраўлення арганiзацыi медыцынскай дапамогi Мiнiстэрства аховы здароўя Аляксандр Кiрылавiч ЦЫБIН |
|