Праблемы «мясцовага маштабу». I не толькi...ВЫЯЗНАЯ ПРЫЁМНАЯ: ЛЮБАНСКI РАЁН Распавядаюць, што спробы асушыць непраходныя балоты Любаншчыны былi зроблены яшчэ ў канцы ХVIII стагоддзя. Тады ўрад царскай Расii выдаткаваў 13 млн рублёў серабром. А простыя палескiя мужычкi звычайнай рыдлёўкай на працягу 25 гадоў пракапалi 3,5 тысячы кiламетраў каналаў... Праўда, неўзабаве навукоўцы распачалi бiць трывогу — маўляў, калi так працягнецца i надалей, то ўся поўнач Украiны ператворыцца ў суцэльную пустыню. Работы спынiлiся. I аднавiлiся толькi на пачатку мiнулага стагоддзя. Аднак сапраўдны «бум» распачаўся ўжо ў савецкi час. Прычым у 1929 годзе «на дапамогу» сюды прыехала... брыгада дэмабiлiзаваных чырвонаармейцаў. Яны ж збудавалi першыя дамы. I заснавалi сваю камуну, якая, уласна кажучы, i дала назву новай вёсцы — Камуна.Тутэйшая гаспадарка, што атрымала iмя Беларускай вайсковай акругi (БВА), станавiлася ўдзельнiкам ВДНГ, атрымлiвала ордэн Ленiна, аднаўлялася пасля вайны, рабiла стаўку на вырошчваннi канопляў, мела свой канапляны i цагельны заводы... Прычым было ўсё — i ўзлёты, i падзеннi. Аднак нават у самыя горшыя часы тут, як кажуць, трымалiся «на плаву». I ўсё ж, пэўна, невыпадкова, што цi не самае галоўнае пытанне, якое прыйшлося пачуць падчас сумеснай «выязной прыёмнай» нашай газеты i кансультацыйнай групы Мiнскага аблвыканкама, датычылася менавiта лёсу сельскагаспадарчага вытворчага кааператыву iмя БВА. Разам з вайскоўцамi? СВК iмя БВА традыцыйна лiчылася гаспадаркай моцнай. Па ўсiх вытворчых паказчыках тут заўсёды, што называецца, «трымалi марку». Аднак якраз гэтая акалiчнасць у нечым i адыграла свой «злы жарт». Ад самага пачатку сельгаспрадпрыемства мела цесныя сувязi з вайскоўцамi. «Людзi ў пагонах» дзесяцiгоддзямi з’яўлялiся шэфамi i, натуральна, аказвалi ўсякую дапамогу. Але атрымалася, што атрымалася... Як распавёў галоўны ветурач гаспадаркi Iван Iванавiч Брэчка, падчас апошняга «падзелу» на шэфаў i падшэфных сельгаскааператыў не ўваходзiў у лiк аўтсайдараў, таму Мiнiстэрства абароны замацавалi за iншым аграпрамысловым прадпрыемствам у Бабруйскiм раёне. Вiдавочна, што пытанне, якое «балiць» вяскоўцам, не такое ўжо i простае. I вырашыць яго з ходу даволi складана. Застаецца хiба спадзявацца, што праблема не застанецца непачутай. Бо, па-сутнасцi, разбураць партнёрскiя сувязi, якiя напрацоўвалiся вельмi працяглы час, падаецца не зусiм лагiчным. Тым больш, што на неафiцыйным узроўнi стасункi ўсё ж захавалiся. Засталося iх зноў узаконiць? Жыллё. З дзвюма ўмовамi Камунараўскi сельсавет сёння — гэта 10 населеных пунктаў, 1780 двароў i 3860 жыхароў. Сапраўды, пэўна, як i паўсюль, колькасць жыхароў пакрысе змяншаецца. Хоць i не так хутка. Бо адна з адметнасцяў гэтага краю — значная колькасць шматдзетных сем’яў. Зараз на тэрыторыi сельсавета iх 61. Мiж тым, заўважана даўно: дзе шмат дзяцей — там нярэдка i вядомая «жыллёвая» праблема. I наш вiзiт у Камуну толькi пацвердзiў гэта назiранне. Жыхарка вёскi, даярка СВК iмя БВА i мацi траiх дзяцей Галiна Бышык распавяла, што некалькi гадоў таму яе сям’я вырашыла набыць хату. Вырашылi — зрабiлi. Вось толькi хата аказалася старой. I да таго ж — цеснаватай. А адсюль i ўзнiкла пытанне: цi можа сям’я Галiны Генадзьеўны атрымаць адзiн з домiкаў, што будуюцца ў гаспадарцы? — Дамы, якiя будуе сельгаскааператыў, узводзяцца за кошт ільготнага банкаўскага крэдыту i падлягаюць уключэнню ў лiк службовых жылых памяшканняў, — тлумачыць загадчык сектарам прававой работы з грамадзянамi, падведамаснымi органамi i арганiзацыямi юрыдычнага ўпраўлення Мiнскага аблвыканкама Наталля Гаркун. — Прычым такiя дамы ў парадку чаргi могуць прадастаўляцца толькi пры дзвюх умовах. Па-першае, чалавек павiнен знаходзiцца на ўлiку грамадзян, якiя маюць патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў — на такi ўлiк, у прыватнасцi, ставяцца асобы, на кожнага члена сям’i якiх прыпадае менш за 15 квадратных метраў агульнай плошчы. I, па-другое, прэтэндэнт на службовае жыллё павiнен уваходзiць у спецыяльны пералiк. На жаль, пакуль такога пералiку яшчэ няма — яго плануецца зацвердзiць у блiжэйшай перспектыве. Аднак да апошняга часу сюды сапраўды ўключалiся даяркi. Адпаведна, першы крок да паляпшэння жыллёвых умоў — заява аб пастаноўцы на ўлiк у сельсавет цi ў сельгаспрадпрыемства. Да яе пажадана дадаць пасведчанне шматдзетнай сям’i. А вось збiраць самому даведкi з БРТI аб наяўнасцi жылплошчы зараз ужо не абавязкова — па прынцыпу «аднаго акна» зараз гэта магчыма «даручыць» тым жа сельсавету i СВК. Працэдура, нiбыта, няхiтрая. Аднак бянтэжыць адно. Летась сельгаспрадпрыемства пабудавала 5 новых домiкаў. Сёлета, як плануецца, iх будзе яшчэ 3. Тым часам жадаючых справiць улазiны атрымлiваецца нашмат больш. Таму, заўважаюць спецыялiсты Мiнаблвыканкама, у падобнай сiтуацыi нельга скiдваць з рахункаў i iншы варыянт. — Сёння шматдзетныя сем’i могуць быць уключаны ў спiсы крэдытавання на будаўнiцтва, куплю i рэканструкцыю жылля па-за чаргой, — нагадвае Наталля Гаркун. — Iнакш кажучы, ёсць магчымасць узяць зямельны ўчастак i пабудаваць на iм дом з выкарыстаннем iльготнага банкаўскага крэдыту (у памеры 95 працэнтаў ад кошту) i 5-працэнтнай субсiдыi. Прычым пачынаць тут зноў-такi трэба са звароту ў сельскi Савет. Тым часам жыллё — актуальная тэма i для сям’i Шкробатаў. У Людмiлы Леанiдаўны i Мiкалая Вiктаравiча — таксама шматдзетная сям’я. Прычым здарылася, што не так даўно iм прыйшлося ўзяць банкаўскi крэдыт на спажывецкiя патрэбы. З улiкам гэтага запыталiся муж i жонка, цi ёсць у iх права на атрыманне яшчэ аднаго крэдыту — ужо на рэканструкцыю жылога памяшкання? — У прынцыпе, у шматдзетнай сям’i такое права ёсць, — адзначае Наталля Гаркун. — Аднак больш канкрэтна наконт магчымасцi ўзяць другi крэдыт усё ж лепш пракансультавацца ў банку. «Калодзежная» справа Свой клопат — у пенсiянера Лявонцiя Прановiча. Вулiца Смiрнова, дзе жыве Лявонцiй Аляксандравiч, будавалася ў самым пачатку 1980-х гадоў. I прыкладна тады ж тут паставiлi калодзеж. Нiякiх пытанняў як быццам не было. Аднак час аказаўся няўмольным — верхняя частка калодзежа пачала гнiць. Такiм чынам, трэба рабiць рамонт. Асаблiва калi ўлiчыць, што карыстаецца вадой адсюль ажно 13 гаспадарак. Нельга не заўважыць — просьба аказалася не новай. Прычым, запэўнiў старшыня Камунараўскага сельсавета Рыгор Лаворчык, яна будзе выканана. I ўжо да 1 мая. Хоць некаторыя пытаннi ў дадзеным выпадку ўсё ж узнiклi. Па мясцовых мерках гэтая праблема стаiць даволi востра, асаблiва калi мець на ўвазе тое, што на тэрыторыi сельскага Савета калодзежаў — каля 700. I многiя з iх таксама патрабуюць аднаўлення. А гэта — значныя выдаткi, якiя «вясковаму бюджэту» проста не выцягнуць. Таму дапамога самiх жыхароў была б вельмi дарэчы — прынамсi, тых, хто знаходзiцца ў працаздольным узросце. Абноўка з варыянтамi Прызнаемся шчыра, што праблема, з якой прыйшла на сустрэчу Надзея Iванаўна Iванова, аказалася даволi нечаканай. Паводле слоў пенсiянеркi, некалi ў Камуне працаваў камбiнат бытавога абслугоўвання. I адной з найбольш папулярных яго паслуг было... шыццё адзення «пад заказ». Зараз камбiната не iснуе. А ў комплексным прыёмным пункце, якi «ўзамен» адчынiўся ў вёсцы, такой паслугi ўжо няма. Вось i атрымлiваецца, што каб зладзiць сабе абноўку, тую ж сукенку цi кашулю, трэба ехаць у Любань. А ў сваю чаргу гэта — лiшнiя час i грошы... Каб праверыць, цi так усё на самай справе, мы вырашылi завiтаць у той самы комплексны прыёмны пункт. Тут, як высветлiлася, ёсць свая цырульня. Могуць прыняць заказ на рамонт цi хiмчыстку адзення. Або на рамонт тэлевiзара цi мэблi — спецыяльныя майстры прыедуць з райцэнтра непасрэдна «на дом». Словам, пералiк прапаноў аказаўся даволi разнастайным. I ў той жа час Надзея Iванаўна мела рацыю — шыцця адзення сярод iх няма. Што да прычыны, то яна вельмi простая. Па цяперашнiм часе на гэту паслугу — попыт амаль «нулявы»... Дзеля справядлiвасцi, сiтуацыя ўсё ж не аказалася безвыходнай. Варыянт знайшоўся тут жа. Справа ў тым, што ў вёсцы побач з КПП стаiць клуб. А ў iм... працуе швейны гурток. Так што пры жаданнi звярнуцца з просьбай можна туды. I, зазначае Рыгор Лаворчык, такiя прэцэдэнты ўжо былi. Стары — не значыць непатрэбны Камунараўская школа вядзе адлiк сваёй гiсторыi яшчэ з 1930 года. I яе лёс, як лёс самой вёскi, аказаўся надзвычай няпростым — у гады ваеннага лiхалецця школу спалiлi немцы. Прычым зноў запрацавала яна толькi ў 1949-м. А ў 1961 годзе — пераехала ў тыповы будынак. Тут адвучылася не адно пакаленне мясцовай дзятвы. Аднак, з цягам часу ўмовы сталi не зусiм спрыяльнымi: заняткi прыходзiлася ладзiць у дзве змены, не было спартыўнай залы, не хапала месца ў сталоўцы... Новую школу ў Камуне пачалi ўзводзiць гадоў дзесяць таму. Але па розных прычынах закончылi толькi летась. Новабудоўля атрымалася адметнай. Але прычына, па якой прыйшоў на нашу сустрэчу дырэктар Камунараўскай школы Анатоль Вялiчка, была таксама важкай. Нягледзячы на пераезд, у старым памяшканнi засталiся майстэрнi, кабiнеты выхаваўчай работы. Аднак цi не галоўнае — два музеi: этнаграфiчны i Янкi Купалы. Стары будынак школы тэрмiнова трэба давесцi да ладу. Але якiм чынам гэта можна зрабiць? Пытанне, заўважым, пакуль застаецца без адказу. Не выпадае сумнявацца толькi ў тым, што такiя работы сапраўды патрэбныя. Ужо таму, што гэтае месца як нельга лепей падыходзiць для размяшчэння тутэйшай «вiзiтоўкi» — унiкальнага музея мелiярацыi. Яшчэ адна праблема, якую падчас размовы закрануў Анатоль Iосiфавiч, — зусiм не мясцовага маштабу. Гаворка зайшла пра ... навучальна-пазнавальныя праграмы для дзяцей. Раней iх транслiравалi рэгулярна па тэлебачаннi, а вось зараз — чамусьцi не. Мiж тым, недахоп такой адукацыi, лiчыць дырэктар Камунараўскай школы, вельмi адчувальны. I асаблiва — для вучняў вясковых школ. Сяргей ГРЫБ, Мiкалай ЛIТВIНАЎ. Любанскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Распавядаюць, што спробы асушыць непраходныя балоты Любаншчыны былi зроблены яшчэ ў канцы ХVIII стагоддзя. Тады ўрад царскай Расii выдаткаваў 13 млн р |
|