21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Выдранка, царква i радыяцыя

25.08.2009 21:38 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

20 ГАДОЎ ПАСЛЯ

Цяпер каля вёскi Выдранка, што ў Краснапольскiм раёне, працуе дарожна-будаўнiчая тэхнiка. Гэта асфальтуецца дарога ад Краснаполля да Чачэрска, якая iдзе праз зону, дзе па прычыне высокага ўзроўню радыяцыi адны вёскi пахавалi, а iншыя ледзь трымаюцца. Адна з iх — Выдранка, рэабiлiтаваная на паперы, аднак так i не адноўленая ў рэальным жыццi. Мясцовыя жыхары лiчаць, што вёска выжывае толькi дзякуючы сваёй царкве.

Храм, якi суцяшае i захоўвае

Выдранскай царкве сёлета споўнiлася роўна 100 гадоў. Яна была асвечана ў гонар мiтрапалiта Растоўскага Дзмiтрыя, якi жыў у пятроўскую эпоху i складаў жыцii святых. Свята-Дзмiтрыеўская царква пабудавана крыжом, з дрэва i, як гаворыць легенда, без адзiнага цвiка. Прасторная i светлая, з разнымi поручнямi хароў, а купал — сiняе неба ў жоўтых зорках, упрыгожанае выявамi крылатых анёлаў.

Чатыры гады працуе тут настаяцелем айцец Iгар. Ад свайго папярэднiка ён атрымаў i захоўвае прастрэлены абраз Божай мацi Казанскай, якi захаваўся з паслярэвалюцыйных часоў барацьбы з рэлiгiяй. Тады царква захавалася толькi дзякуючы спiртзаводу, якi складзiраваў у яе будынку збожжа.

Потым у гiсторыi царквы пакiнула адбiтак радыяцыя. Паводле мясцовага падання, яшчэ напярэдаднi чарнобыльскай катастрофы на абразе Серафiма Сароўскага ў iканастасе жанчыны-прыхаджанкi аднойчы заўважылi нейкае воблака, якога раней не было. Святар i вернiкi палiчылi, што гэта знак бяды, але якой — хто ж тады ведаў? А радыяцыйная навала прывяла да таго, што раней квiтнеючая вёска прыйшла ў заняпад.

— Але ўсё ж такi трэба выжываць, — гаворыць айцец Iгар. — Царква вучыць нас, людзей, дабру, мiласэрнасцi, любовi адзiн да аднаго. Не трэба злавацца, давайце будзем аптымiстамi! Тады i радыяцыя не страшная i нiякiя нягоды!

Сам айцец Iгар — святар-аптымiст. Нiколi не журыцца i заўсёды гатовы падтрымаць свайго блiжняга добрым словам. Храм у Выдранцы нiколi не зачыняецца. Сюды прыязджаюць вернiкi з навакольных вёсак, нават з Гомельшчыны i расiйскай Браншчыны. Усе iмкнуцца паставiць свечку каля старога намоленага абраза Мiкалая Цудатворцы, пра якога гавораць, што, калi нешта папросiш добрае, ды яшчэ не для сябе, а для блiжняга, абавязкова спраўдзiцца.

Навучылiся самавыжыванню

Да радыяцыi ў Выдранцы было чатыры сотнi двароў. Саўгас, урадлiвыя землi, спiртзавод, сярэдняя школа, клуб — усё адышло ў нябыт пасля Чарнобыльскай катастрофы. Цяпер тут засталося ў дзесяць разоў менш двароў, дзецi ў школу едзяць у iншую вёску, гаспадаркi няма i кожны селянiн зарабляе сабе на жыццё так, як можа.

Самы распаўсюджаны спосаб — у сезон здаваць лiсiчкi камерсантам, якiя летась плацiлi недзе 6 тысяч рублёў за кiлаграм. Лiсiчкi здаюць тонамi, бо месцы тут грыбныя, i зарабляюць за сезон па некалькi мiльёнаў рублёў. А тое, што грыбы брудныя на радыенуклiды, дык на гэта, гавораць, заказчыкi не зважаюць: прадаюць грыбы за мяжу, дзе iх выкарыстоўваюць як сыравiну для нейкiх лекаў.

— Я быў i застаюся пры сваiм меркаваннi, што Выдранка павiнна жыць, — цвёрда гаворыць старшыня Краснапольскага райсавета Фёдар Ганчароў. — Шкада, што праграмы рэабiлiтацыi так i не ажывiлi вёску. Тут бы вытворчасць пакiнуць, але эйфарыя перасяленства загубiла Выдранку i можа загубiць увесь раён.

Паводле слоў Фёдара Ганчарова, калiсьцi ён разам з калегамi прапаноўваў зрабiць у гэтых мясцiнах невялiкую гаспадарку, але iдэю «наверсе» не падтрымалi. Людзi iснавалi на пенсii i дапамогi на дзяцей, i з цягам часу прызвычаiлiся да самавыжывання.

Не так даўно ў Выдранцы з’явiлiся прадпрымальнiкi. Яны адкрылi тут лесапiлку, збiраюцца сеяць, трымаць бычкоў i разводзiць трусоў. Пакуль на фермерскай гаспадарцы працуюць толькi сем чалавек, ды i тое прыехалi з Магiлёва. Мясцовыя або прыглядаюцца да новай справы, або ўвогуле не хочуць працаваць. Большасць вырашыла, што прасцей стаць на бiржу працы i харчавацца з уласных гаспадарак.

Светлай будучынi самi выдранцы не чакаюць, ды i кiраўнiцтва раёна лiчыць, што сёння перспектывы вёскi вельмi малыя, бо час страчаны — лепшыя людзi з’ехалi або збiраюцца з’язджаць, iншыя — п’юць «горкую».

— Гэта наша хвароба, — прызнае Фёдар Ганчароў. — Людзi спiваюцца ад гультайства i адчування, што нiкому яны не патрэбныя. Чалавек тады паўнавартасны, калi ён працуе, калi ў яго ёсць справа. Хоць некаторыя мясцовыя самi едуць i кадзiруюцца ад алкагалiзму. Добраахвотна!

Выдранцы старыя i маладыя

Уладзiмiр Паўлавiч Палеенка сорак гадоў адпрацаваў механiзатарам. Пенсii на жыццё хапае, калi распарадзiцца ёй эканомна. Але з вёскi не з’язджае: жонка хворая, пяць гадоў ляжыць, трэба яе даглядаць.

— Нам усяго хапае, — гаворыць стары. — У краме ўсё ёсць, а чаго няма — можна замовiць. Аўтобус ходзiць двойчы на дзень. Вось толькi людзi з’ехалi, калi Чарнобыль здарыўся, i цяпер з’язджаюць. Калi тут нiчога не пабудуюць i не адкрыюць гаспадарку — вёска апусцее.

Дом Наталлi Церабiла стаiць на вулiцы Набярэжнай, дакладней — на тым, што засталося ад цэнтральнай вясковай вулiцы, дзе пахавалi частку дамоў. Муж — ляснiк, Наталля даглядае гаспадарку — карову, парася, курэй. У двары — трактар, якi набыты на пазыку. Унутранае ўбранне хаты падобнае да гарадскога i адчуваецца, што сям’я не бедная.

Наталля даглядае састарэлую бабулю, а ў будучым мяркуе перасялiцца ў раённы цэнтр. Пакуль жа дачка Наталлi, якой яшчэ няма i 5 гадоў, едзiць за 10 кiламетраў у дзiцячы садок на рэйсавым аўтобусе.

— Мы тут за 20 гадоў да рыдыяцыi прызвычаiлiся, — гаворыць Наталля. — Я вось пабывала ў Магiлёве: госпадзi, смурод i шум, аўтамабiлi i заводы... Я так не магу. Лепей буду жыць у сваёй Выдранцы. Тут хоць i радыяцыя, але я яе ў чыстым паветры не адчуваю.

Сiваковы — шматдзетная сям’я. Вольга, якая нарадзiла 6 дзяцей, сёлета атрымала ордэн Мацi. На грашовую прэмiю набыла для сям’i музычны цэнтр i вiдэамагнiтафон. Едзiла да Аляксандра Лукашэнкi на прыём у гонар 8 Сакавiка, узяла аўтограф, але расказаць пра праблемы сваёй роднай вёскi i сям’i не асмелiлася.

— З году ў год нам у Выдранцы жывецца горш, — гаворыць Вольга. — Працы няма, мы з мужам узялiся даглядаць як сацыяльныя работнiкi састарэлых бабуль. Дзiцячага садка няма. Дзецi штодня ездзяць за 7 кiламетраў у школу i назад, а з аўтобусамi здараюцца праблемы. Старэйшая дачка едзiць за 10 кiламетраў у гомельскую вёску Палессе на веласiпедзе. Дзякуй Богу, што дырэктар — разумны чалавек, i ў моцны дождж цi снежную завiруху дазвяляе заняткi прапускаць. Так што трэба нам адсюль з’язджаць.

Сiваковы спадзяюцца, што ўлады для iх шматдзетнай сям’i набудуць дом у Краснаполлi. У райцэнтры, лiчыць Вольга, будзе больш магчымасцяў сачыць i за здароўем дзяцей: у адной дачкi пры паездках iдзе носам кроў, у iншай балiць пастаянна галава, i мацi лiчыць гэта наступствам i радыяцыi.

— Калi б не гэта радыяцыя, то наша жыццё было б зусiм iншым, — уздыхае Вольга. — I школа б дзейнiчала, i фермы. А так засталiся ля разбiтага карыта. На цяперашнi розум я кiнула б усё, схапiла дзяцей i бегла б адсюль як мага далей.

Сродкi на перспектыву

Угодкi чарнобыльскай катастрофы ў Краснапольскiм раёне збiраюцца адзначыць традыцыйна: загадзя прывесцi ў парадак памятныя знакi i 26 красавiка правесцi мiтынг-рэквiем памяцi ахвяр Чарнобыля. Лепшыя людзi, якiя не кiнулi свой раён i сумленна адпрацавалi на Краснапольшчыне гэтыя 20 гадоў, атрымаюць граматы i iншыя ўзнагароды.

— Мы хочам сказаць добрыя словы людзям за тое, што яны ў неспрыяльных умовах сёння працуюць, — гаворыць старшыня Краснапольскага райвыканкама Аляксандр Вятошкiн. — Прайшло 20 гадоў, а сiтуацыя ў раёне складаная.

Кiраўнiк раёна лiчыць самай вялiкай бядой Краснапольшчыны тое, што ў самым пачатку ў моцна заражаных радыяцыяй вёсках пабудавалi ўсё, што можна. I з-за гэтага змарнавалi вялiзныя сродкi, бо людзi адтуль хутка былi выселены. Цяпер жа сельскi раён мае вялiкую патрэбу ў iнвестыцыях: паводле слоў Аляксандра Вятошкiна, усё пагалоўе жывёлы ўтрымлiваецца ў старых, а часам аварыйных памяшканнях. Ён лiчыць, што калi не выдаткуюць грошы на рамонт i будаўнiцтва, жывёле проста не будзе дзе зiмаваць. I гэта таксама вялiкая праблема.

Хоць пацярпеўшыя ад радыяцыi сельскiя раёны, у тым лiку i Краснапольскi, нiхто не лiчыць вельмi перспектыўнымi, але тут жывуць i працуюць людзi, i Аляксандр Вятошкiн, якi толькi некалькi месяцаў таму прызначаны на пасаду старшынi райвыканкама, лiчыць, што кiраўнiцтва Магiлёўскай вобласцi i краiны зразумее сiтуацыю.

— Дзяржава на сёння аказвае вялiкую дапамогу ў сэнсе цяперашняга жыцця i выжывання, — тлумачыць ён. — А на перспектыву патрэбен асаблiвы падыход да пацярпеўшых раёнаў. На Краснапольшчыне трэба рабiць рэфармаванне сельскай гаспадаркi, таксама будаваць нармальнае жыллё, маладзёжны цэнтр, аздараўленчы комплекс. Але на ўсё патрэбны сродкi.

Разам з тым, падкрэслiвае кiраўнiцтва раёна, праблемы не азначаюць, што краснапольцы апусцiлi рукi. Яны лiчаць, што тут можна жыць i працаваць, спадзяюцца на лепшую будучыню. I нават у вёску Выдранка гэтай вясной зноў прыляцелi да свайго гнязда на стаўбе каля царквы буслы...

Iлона IВАНОВА,

Краснапольскi раён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цяпер каля вёскi Выдранка, што ў Краснапольскiм раёне, працуе дарожна-будаўнiчая тэхнiка. Гэта асфальтуецца дарога ад Краснаполля да Чачэрска, якая iд
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика