Пра небяспечную рыбалку i «залатыя» чарнiцыСЕЛЬСАВЕТ НА ГРАНIЦЫ Cварынь, Радастава, Ражное — вёскi ў Драгiчынскiм раёне, што знаходзяцца на самай гранiцы з Украiнай i на ўскрайку балот. Яшчэ ў сярэдзiне 70-х гадоў тут не было прамой дарогi на Драгiчын. Вяскоўцы добра памятаюць гэта, бо ў 1974-м, калi здарылася вялiкая паводка, кiраўнiк краiны Пётр Машэраў прылятаў сюды на верталёце, яму расказалi пра сваю бяду. Тады ў Драгiчын выбiралiся мiнiмум на суткi. Цi мала спраў у любога вяскоўца ў райцэнтры? Але без начлегу нават з’ездзiць за любой самай простай даведкай было немагчыма. Шлях пралягаў праз Дзівiн, Кобрын — словам, лiшнiя кiламетры вымяралiся не дзесяткамi, а добрай сотняй. Вялiкай радасцю стала для тутэйшых людзей асушэнне часткi балотаў i будаўнiцтва дарогi. Зараз шлях да райцэнтра займае каля гадзiны.— Транспартам мы забяспечаны вельмi добра, — расказвае старшыня Радастаўскага сельскага Савета дэпутатаў Пётр Церашчук. — Тры разы на дзень ходзiць аўтобус з райцэнтра i пяць маршрутных таксi заходзяць у вёску. Так што ў гэтым сэнсе патрабаваннi сацыяльных стандартаў мы нават перавыконваем. Людзi ацанiлi зручнасць i мабiльнасць маршрутак, гэты вiд транспарту карыстаецца найбольшай папулярнасцю ў вяскоўцаў. Старшыня Савета вельмi ганарыцца сваiмi аднавяскоўцамi i жыхарамi навакольных вёсак. Кажа, што такiх працаўнiкоў, руплiўцаў у наш час трэба яшчэ пашукаць. Спрадвеку ў гэтых мясцiнах былi вялiкiя, трывалыя сем’i. Пакаленне дзядуль i бабуль тых, хто зараз складае самую актыўную частку насельнiцтва, вырасла ў сем’ях, дзе гадавалася па восем-дзесяць дзяцей. Тут заўсёды трымалi вялiкую гаспадарку, працавалi на зямлi з цямна да цямна. Зараз, вядома, такiх шматлiкiх сем’яў няма, але ж нараджальнасць па-ранейшаму самая вялiкая ў раёне. Пётр Церашчук гаворыць, што для яго зусiм непрывычнае становiшча (пра гэта часам даводзiцца чуць ад калег), калi месяцамi не рэгiструюць шлюбы, нараджэнне дзяцей. У Радаставе такога няма. У пяцi населеных пунктах сельсавета жыве крыху больш за дзве з паловай тысячы чалавек. У прыватным сектары вяскоўцы трымаюць прыкладна 500 кароў i каля 300 коней. Амаль у кожным двары — конь. Заўсёды тут умелi працаваць, умелi i святкаваць. Але раней, расказваюць людзi, было i весялей, i цiкавей, пакуль не «працягнулi» гранiцу. Не, мяжа не адзначана калючым дротам, але ж кругом адны забароны. I з аднаго, i з другога боку цяперашняй гранiцы жылi працавiтыя, дружныя людзi. Многiя перажанiлiся, сумесных сем’яў у навакольных вёсках колькi хочаш. Раней на святы ездзiлi адзiн да аднаго ў госцi. А цяпер, каб трапiць ва ўкраiнскую вёску за пяць кiламетраў, трэба пераадолець... 140! Афiцыйны пераход Махро Iванаўскага раёна знаходзiцца за 70 кiламетраў ад Радастава, туды i назад — вось вам i 140. Нават, цешча зяцю не можа перадаць мех бульбы (сёлета ва Украiне другi хлеб даражэйшы). Няма сэнсу яго перадаваць, бо з улiкам транспартных выдаткаў стане ён «залаты». Ёсць, праўда, пераход значна блiжэйшы за Махро — Самары Кобрынскага раёна ўсяго ў 28 кiламетрах ад Радастава. Але жыхарам Драгiчынскага раёна там перасякаць гранiцу няможна. Так вырашылi ў вярхах. «Куды мы толькi не пiсалi, — расказвае старшыня сельсавета, — але ў высокiх сталiчных кабiнетах нас не пачулi. I мусiм мы ездзiць у Махро». Лясных дарог ва ўкраiнскiя сёлы хапае, ды паўсюль стаяць знакi з надпiсамi пра тое, што праезд строга забаронены. Але як ставiцца паляшук да падобных пагроз? Прачытаў i пайшоў сабе. Бывае, што ходзяць з аднаго i другога боку людзi напрасткi, хоць, вядома, рызыкуюць. I кур’ёзных, i крымiнальных прыгранiчных гiсторый тут могуць расказаць колькi хочаш. Вось летась, напрыклад, шасцярых маладых радастаўцаў забралi ў акалотак суседняй краiны за тое, што ступiлi на азёрны востраў. А справа была такая. Па жывапiсным возеры Белае праходзiць гранiца. Своеасаблiвым памежным знакам служыць тут востраў пасярэдзiне возера. Беларусам можна заплываць з аднаго боку толькi да вострава, украiнцам — адпаведна з другога. Гiсторыю расказаў чалавек, якi па зразумелых прычынах не хацеў, каб прозвiшча яго называлася. Дык вось сын яго ў той дзень разам з пяццю прыяцелямi лавiлi рыбу. I як на тое ліха паабапал вострава рыба найбольш бралася. Ну i ступiлi хлопцы на востраў. А тут пагранiчны нарад! Усiх пасадзiлi на катэр i адвезлi ў Любяшова як парушальнiкаў. Хлопцы паехалi, а матулi, вядомая справа, перажываюць. — Нехта пусцiў пагалоску, — расказвае мой суразмоўца, — што калi прывезцi якi-небудзь дакумент, то затрыманых адпусцяць. Вось жонка мяне i выправiла. Прыехаў наш герой на сваёй машыне да возера, там транспарт пакiнуў, перайшоў мяжу (вядома, нелегальна) i падаўся пехатою да ўкраiнскага райцэнтра — а гэта пятнаццаць кiламетраў. Прыйшоў, — расказвае, — а хлопцы i не тужаць, iх вячэрай накармiлi, спаць адправiлi. Беларус — да начальнiкаў камендатуры, а тыя i самога пагражаюць пасадзiць за незаконны пераход. Але ж зжалiлiся ўрэшце над чалавекам перадпенсiйнага ўзросту, нават машыну далi да гранiцы даехаць, сказалi: «Iдзi, дзядзька, мы цябе не бачылi, а маладыя людзi — законная «здабыча» пагранiчнага нарада, з iмi i абыдуцца па закону». У вынiку адбыўся суд у Любяшове, паводле рашэння якога няўдачлiвых рыбакоў дэпарцiравалi. Прывезлi ў Махро Iванаўскага раёна i перадалi беларускiм пагранiчнiкам. Потым яшчэ адзiн суд — у Iванава — аштрафаваў небарак на суму каля 90 тысяч рублёў кожнага, былi i непрыемнасцi на рабоце за вымушаныя прагулы. Такая атрымалася цана звычайнай рыбалкi. У хуткiм часе пасля гэтага нашы пагранiчнiкi затрымалi ўкраiнскiх жанчын, якiя збiралi чарнiцы на беларускай тэрыторыi. Як не галасiлi кабеты, як не прасiлiся, але ўсё адбылося па таму ж сцэнарыю: дэпартацыя цераз Махро, штраф. I выйшлi тыя чарнiцы, напэўна, даражэйшыя за ананасы. Рознiца цэн заўсёды служыць прыманкай i для крымiнальнага бiзнэсу. Раз-пораз затрымлiваюць у аколiцах Радастава гандляроў каровамi. За мяжой ялавiчына даражэйшая, чым ў Беларусi. Паводле слоў мясцовых жыхароў, пастаўшчыкi нелегальнага тавару на кожнай карове зарабляюць па сто долараў. Таму карцiна, калi пагранiчнiк з аўтаматам на плячы на павадку вядзе карову, нiкога ў навакольных вёсках не здзiўляе. Старшыня сельскага Савета расказаў, што нядаўна беларускiя пагранiчнiкi затрымалi перапраўшчыка, якi спрабаваў перагнаць нелегальна 36 кароў. Вядома, рагаты тавар канфiскавалi. Пётр Iосiфавiч гаворыць, што апошнiм часам здаралiся выпадкi i крадзяжу коней. Тады праваахоўным органам суседнiх памежных раёнаў хочаш — не хочаш, а даводзiцца супрацоўнiчаць. Такое вось вясковае жыццё на гранiцы. Святлана ЯСКЕВIЧ. Драгiчынскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Cварынь, Радастава, Ражное — вёскi ў Драгiчынскiм раёне, што знаходзяцца на самай гранiцы з Украiнай i на ўскрайку балот |
|