Засмучае толькi старасць...
Наталля КАРПЕНКА
Так званыя «круглыя», юбiлейныя даты Перамогi мы адзначалi ў мiнулым i пазамiнулым гадах. Адгрымелi залпы святочных салютаў, адмаршыравалi ўзорна-паказальныя парады, раз’ехалiся па дамах ветэраны... Сёлетняя дата, магчыма, не такая гучная. I ўсё ж гэта — свята. Светлае свята Перамогi, калi прынята звяртацца да мiнулага, ацэньваць цяперашняе i думаць аб заўтрашнiм — аб тым, што яшчэ можам зрабiць мы для адыходзячага пакалення, якое адстаяла мiр на нашай зямлi...
Сяргей БАРАНАЎ, старшыня Варанчанскага сельскага Савета дэпутатаў Карэлiцкага раёна: — На нашай тэрыторыi засталося 8 ветэранаў Вялiкай Айчыннай вайны, 3 iнвалiды вайны i 3 сям’i загiнулых. Людзi яны сцiплыя, многа не просяць, а звяртаюцца ў сельскi Савет са звычайнымi жыццёвымi праблемамi: прывезцi i разгрузiць палiва, адрамантаваць агароджу, пасадзiць бульбу... Праблем, якiя б не вырашалiся ў адносiнах да гэтых людзей, няма. Трымаем усё на кантролi, я амаль штомесяц з кожным сазвоньваюся або сустракаюся... Ёсць сярод iх такiя, якiя жывуць у аддаленых вёсках. Але ў кожнай нашай вёсцы выбраны стараста, з якiм таксама трымаем пастаянную сувязь. Медабслугоўванне, лiчу, знаходзiцца на добрым узроўнi. З ветэранамi i iнвалiдамi вайны пастаянна сустракаецца ўчастковы ўрач, а адзiн раз на год яны праходзяць планавае медыцынскае абследаванне. Да таго ж, у кожнага ёсць тэлефон, i пры неабходнасцi старыя могуць самi звязацца са старастам, са мной цi з медустановай. Туды, дзе няма магазiна, два разы на тыдзень ходзiць аўталаўка i дастаўляе прадукты «пад заказ» — малако, кефiр, масла, хлеб... Усе нашы ветэраны, акрамя аднаго, хадзячыя, практычна ўсiх абслугоўваюць сацыяльныя работнiкi, прычым абслугоўванне i для ўдзельнiкаў вайны, i для сем’яў загiнулых бясплатнае. Святкаванне 9 мая арганiзуем з дапамогай спонсара — СВК «Свiцязянка-2003». Будуць i «салодкi» стол, i 100 франтавых грамаў, i канцэрт мастацкай самадзейнасцi. Iрына ГАНЕВIЧ, старшыня Бердаўскага сельскага Савета дэпутатаў Лiдскага раёна: — У нас застаўся толькi адзiн ветэран — Аляксандр Васiльевiч Лобан, ёсць адна працаўнiца тылу i адзiн былы вязень... Праблем з дапамогай iм няма. Напрыклад, Аляксандру Васiльевiчу гаспадарка бульбачку выдае пастаянна. Калi старыя папросяць — засяваем соткi. Летась выдзялялi матэрыяльную дапамогу, грошы на замену электраправодкi, устанаўлiвалi процiпажарныя апавяшчальнiкi i рамантавалi печкi. У нашым парку стаiць абелiск, там жа знаходзiцца i брацкая магiла. Парк даглядаюць вучнi сярэдняй школы — лiтаральна днямi скончылi яго прыбiраць. А сам помнiк замацаваны за сельскiм Саветам — кожны год падфарбоўваем, падбельваем, цэментам падмазваем. Але ж помнiк нiколi сур’ёзна не рамантаваўся... Дык вось у сувязi з тым, што ў нас ужо будуецца аграгарадок, мы ўнеслi ў план пункт, якi датычыцца капiтальнага рамонту помнiка загiнулым воiнам. Са святкаваннем 9 мая звычайна дапамагае СВК «Бердаўка-Агра» — выдзяляюць прэмii ветэранам. Летась выдзялялi грошы ў межах 40 тысяч кожнаму — нашым ветэранам i тым, што пражываюць на тэрыторыi суседняга Дубровенскага сельсавета. Дарэчы, учора ў нас было пасяджэнне выканкама па добраўпарадкаванню. Прысутнiчалi i сацыяльныя работнiкi. Я спытала: праблемы ў людзей ёсць? Можа, каму-небудзь са старых што-небудзь трэба? Не, кажуць, нi скаргаў, нi праблем няма. Ала САЛМIНА, старшыня Чарняўскага сельскага Савета дэпутатаў Хоцiмскага раёна: — Сельсавет наш не вельмi багаты, але ветэраны нiколi не былi пакрыўджаныя. Сёлета iх засталося ўсяго двое (аднаго з iх ужо забрала дачка), i дзве сям’i загiнулых. Палiвам забяспечваем iх штогод, летась адрамантавалi агароджы. Усiм замянiлi ў хатах электраправодку, устанавiлi тэлефоны. Школьнiкi дапамагаюць iм i снег расчышчаць, i агарод да ладу даводзіць. Сама, як куды збiраюся, абавязкова зазiрну па дарозе, даведаюся пра жыццё-быццё. Канешне, сёння ўсе лiчаць грошы. Але 9 мая — гэта свята асаблiвае. Так што гаспадаркi, напэўна, нешта падрыхтуюць у якасцi падарункаў. Але ж не трэба забываць, што i ў самiх ветэранаў неблагiя пенсii — каля 400 тысяч рублёў, i атрымлiваюць яны iх рэгулярна. Ёсць у нас свая амбулаторыя. А ў аддаленыя населеныя пункты раз на месяц выязджаюць сацыяльныя i медыцынскiя работнiкi, супрацоўнiкi аптэкi. Аднаго нашага ветэрана, пасля таго, як у яго памерла жонка, даглядаюць суседзi (дай Бог усiм такiх). Жывуць, як адна сям’я. Аляксандр БЯЛЮН, старшыня Друйскага сельскага Савета дэпутатаў Браслаўскага раёна: — Асноўныя пытаннi, з якiмi звяртаюцца да мясцовай улады нашы ветэраны, — гэта апрацоўка прысядзiбных участкаў, нарыхтоўка палiва, складзiраванне дроў... Летась праблемы былi больш сур’ёзныя — давялося мяняць дах у дамах двух нашых ветэранаў (зразумела, бясплатна). Усяго на тэрыторыi сельсавета пражывае 7 удзельнiкаў вайны i 4 iнвалiды. Сёлета ў сельскi Савет яны не звярталiся, толькi адзiн ветэран папрасiў аднавiць агароджу — i да 9 мая мы гэта зробiм. А ўвогуле ўсе надзённыя пытаннi — пачынаючы ад навядзення парадку ў двары i заканчваючы апрацоўкай агарода — могуць дапамагчы вырашыць школьнiкi, што i робяць, калi ёсць на гэта заяўкi ад нашых ветэранаў. Больш сур’ёзныя работы нiколi не адмовяцца выканаць СВК «Плiсавiца» i сельскагаспадарчае унiтарнае прадпрыемства «Друйскi». Так што нiхто са старых людзей на ўладу не крыўдзiцца. Сельсавет у нас вялiкi — 80 населеных пунктаў. I каб далёка не вазiць ветэранаў, не ствараць iм нязручнасцяў, будзем адзначаць свята Перамогi адразу па 3 пастах, каля трох помнiкаў воiнам-вызвалiцелям. Нягледзячы на звычайныя для сельскага Савета фiнансавыя цяжкасцi, пастараемся знайсцi сродкi на падарункi, каб нiкога не пакрыўдзiць. Сёлета мы дасканала абследавалi матэрыяльна-бытавыя ўмовы ветэранаў i адзiнокiх людзей, ведаем, хто як i чым жыве, не па чутках. Усе просьбы, нават маленькiя, запiсалi. Скажу, што невырашальных сярод iх няма. Асабiста я наведваю гэтых людзей з вялiкiм задавальненнем. Такi ў iх запал i настрой... Адзiнае, што засмучае — старасць. Валянцiна СУПРУН, старшыня Агарэвiцкага сельскага Савета дэпутатаў Ганцавiцкага раёна: — Нашаму сельскаму Савету ёсць аб кiм клапацiцца: 12 удзельнiкаў Вялiкай Айчыннай i 15 iнвалiдаў, 10 сем’яў загiнулых, 5 былых паўналетнiх вязняў фашысцкiх канцлагераў i 4 непаўналетнiх... Мы штогод праводзiм абследаваннi ўмоў iх жыцця, наведваем, распытваем — i многiя ветэраны гавораць: дзякуй, нiчога нам не трэба, было б здароўе. Такiя выказваннi гучалi i на апошнiм справаздачна-выбарчым сходзе ветэранскай арганiзацыi. Але ж мы разумеем: людзi гэтыя розныя, адны жывуць у сям’i, iншыя — асобна. Таму i трымаем iх жыццё «на кантролi». Выдзялялi бясплатна штыкет для агароджы i цэглу, рабiлi печкi i праводку — таксама бясплатна. СВК «Агарэвiчы» дапамагаў з пасадкай бульбы. Я не скажу, што ў нас у сельскiм Савеце вялiкi бюджэт i мы багата жывём. Еўрарамонтаў нiкому не зробiм, але штодзённыя праблемы вырашыць абавязкова дапаможам. Мы i за рамонт помнiкаў на тэрыторыi сельсавета адказваем — iх у нас 7. На гэта iдуць так званыя «свабодныя сродкi». А адкуль у сельскага Савета свабодныя сродкi? Вось i круцiмся, стараемся. Шукаем спонсараў, але жадаючых стаць iмi вельмi мала. Дзякуй, летась iндывiдуальны прадпрымальнiк выдзелiў штыкет. Да 9 мая аказваюць дапамогу арганiзацыi i гаспадаркi. Грашовыя прэмii выдзяляюцца невялiкiя — тысяч па 30, можа, i менш... Але ж нiхто, нi адзiн з ветэранаў не скардзiцца на жыццё.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Так званыя «круглыя», юбiлейныя даты Перамогi мы адзначалi ў мiнулым i пазамiнулым гадах. Адгрымелi залпы святочных салютаў, адмаршыравалi ўзорна-пака |
|