21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Неспакойная «гаспадарка»

25.08.2009 21:39 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Наталля КАРПЕНКА

КАМУНАЛЬНАЯ РЭВАЛЮЦЫЯ

Галоўнае ў рабоце ЖЭСа — не наяўнасць падзяк, а адсутнасць скаргаў

Як толькi на нашай лесвiчнай пляцоўцы перагарае лямпачка, або мы, або суседзi (па чарзе) iдзём у магазiн i купляем ёй замену. Шчыра кажучы, нiякiх сумненняў у правiльнасцi сваiх дзеянняў у нас нiколi не ўзнiкала.

-Мiж тым замена лямпачак у пад’ездах — справа не жыльцоў, а адпаведнай жыллёва-эксплуатацыйнай службы, — мякка «карэкцiруе» наш з суседзямi альтруiстычны парыў начальнiк ЖЭСа № 3 Партызанскага раёна сталiцы Вiктар Верамейчык. — Для гэтага трэба патэлефанаваць дыспетчару i пакiнуць заказ. Лямпачкi, дзякуй Богу, сёння не дэфiцыт...

На сваёй пасадзе Вiктар Уладзiмiравiч з 98-га. Восем гадоў, ды яшчэ на такой неспакойнай рабоце, — гэта стаж. За апошнiя гады, лiчыць ён, змянiлiся як псiхалогiя жыльцоў, так i стаўленне да сваiх абавязкаў работнiкаў ЖЭСаў. З 1 верасня 2005 года ў ЖЭСах, выказваючыся афiцыйнай мовай, адбылася аптымiзацыя штатаў — штатны расклад быў прыведзены ў адпаведнасць з рэальнай наяўнасцю супрацоўнiкаў, пэўную колькасць рабочых па комплекснай уборцы тэрыторый, а таксама некалькi iнжынерна-тэхнiчных работнiкаў скарацiлi. На сённяшнi дзень у ЖЭСе № 3 маецца адна вакансiя цесляра i яшчэ адна — рабочага па комплекснай уборцы тэрыторыi. Усяго дзве, што зусiм нямнога, калi ўлiчыць, што ў штаце жыллёва-эксплуатацыйнай службы працуюць 124 чалавекi.

ЖЭС № 3, паводле слоў Вiктара Верамейчыка, магчыма, не самы лепшы ў раёне, але ж i адстаючым яго нiяк не назавеш. Цякучасць кадраў — мiнiмальная, калектыў стабiльны, у многiх стаж работы 5 гадоў i больш. I хоць работа ў жыллёва-камунальнай службе прэстыжнай не лiчыцца, але...

— Людзi хочуць у нас працаваць. Па-першае, з-за зарплаты, якая складае ў сярэднiм 460 тысяч рублёў у рабочых па бягучаму рамонту i 400 тысяч — у дворнiкаў i прыбiральшчыц. Па-другое, з-за магчымасцi атрымаць службовае жыллё, — гаворыць Вiктар Уладзiмiравiч.

Кватэра, няхай сабе i службовая, сапраўды сур’ёзны стымул, якi прымушае многiх трымацца за працоўнае месца, даражыць работай.

Службовым жыллём забяспечваецца той, хто, працуючы ў ЖЭСе, «адстаяў» у чарзе на атрыманне кватэры каля 5 гадоў (раней было яшчэ менш). У спiс чаргавiкоў новы работнiк заносiцца адразу. А далей застаецца толькi чакаць i... нармальна працаваць, адказна ставiцца да сваiх абавязкаў, незалежна ад таго, хто ты — дворнiк, сантэхнiк цi галоўны iнжынер.

(Заканчэнне на 4-й стар.)

Дарэчы, у апошнi час жыхары раёна заўважылi станоўчыя зрухi ў воблiку (знешнiм i ўнутраным) сярэднестатыстычнага работнiка ЖЭСа. Акуратныя, ветлiвыя, услужлiвыя (дарэчы, у гэтым слове няма абсалютна нiчога прынiжальнага), пунктуальныя, абавязковыя... Пра тое, каб з’явiцца па выклiку жыльца ў «непатрэбным» стане, i гаворкi не можа быць — на тваё працоўнае месца заўсёды знойдзецца некалькi жадаючых.

— Таго ж цесляра ў ЖЭСе няма толькi таму, што мы маем магчымасць выбiраць. I пакуль што не задаволены прапановамi — катэгарычна не хочам браць людзей, якiя маюць спагнаннi за прагулы цi iншыя парушэннi працоўнай дысцыплiны. Калектыў, якi склаўся сёння, не выпадковасць, а вынiк мэтанакiраванай работы, якая ў сiстэме сталiчнай жыллёва-камунальнай гаспадаркi праводзiцца ўжо даўно.

Сёння ЖЭС № 3 штодзённа — зладжана i арганiзавана — выходзiць на планавы месячнiк па ўборцы тэрыторыi. Вывозiцца смецце, рамантуюцца бардзюры, падсыпаюцца дарожкi, даводзяцца да ладу дзiцячыя пляцоўкi, вычышчаюцца падвалы i гарышчы... За чысцiню i парадак у невялiкiм доме (скажам, у пяцiпавярхоўцы з чатырма пад’ездамi) адказвае адзiн рабочы (прыбiральшчыца). У вялiкiм — два. Калi хто не ведае, майце на ўвазе — «вiльготнае» падмятанне пад’езда павiнна рабiцца штодзённа, як i ўборка прыдамавой тэрыторыi. Мыюцца ж пад’езды адзiн раз на тыдзень, вокны — два разы ў год (плюс па неабходнасцi). Падвалы ўбiраюць адзiн раз у месяц. Натуральна, падвальныя памяшканнi i гарышча павiнны быць зачынены, каб не ператварацца ў прыстанiшча для бамжоў. I гэта таксама штодзённа кантралюе ЖЭС.

Сёлета ў кватэрах пераважнай большасцi мiнчан было незвычайна цёпла — тэмпература кантралявалася прыборамi аўтаматычнага рэгулявання, якiмi абсталяваны ўсе жылыя дамы. Прыбор чуйна «рэагаваў» на ваганнi тэмпературы паветра на вулiцы i ў залежнасцi ад яе «павышаў» цi «панiжаў» тэмпературу ў дамах. У вынiку скарацiлася i колькасць скарг ад жыльцоў на холад у кватэры. Вiктар Уладзiмiравiч успомнiў толькi адзiнкавыя выпадкi, калi падчас моцных маразоў тэмпература ў некаторых жылых памяшканнях была нiжэй санiтарнай нормы (18 °С). Безумоўна, гаспадарам гэтых кватэр быў зроблены пераразлiк аплаты за камунальныя паслугi.

Хоць, на думку Вiктара Уладзiмiравiча, тэмпературны ўзровень у кватэры залежыць ад многiх фактараў. У новых дамах, дзе ўжо ў працэсе будаўнiцтва закладзена «цеплавая рэабiлiтацыя», падобных пытанняў увогуле не ўзнiкае. А ў старых, асаблiва панэльных, холадна. Паўплываць на «надвор’е ў доме» можа нават разбiтае аконнае шкло ў падвале (не кажучы пра пад’езд). Шмат цяпла выходзiць праз драўляныя, старога ўзору рамы, якiя з цягам часу рассыхаюцца. Колькi iх нi ўцяпляй, ля вокнаў будуць гуляць скразнякi.

Дарэчы, жыхары падпарадкаванай ЖЭСу № 3 тэрыторыi маюць магчымасць замянiць старыя драўляныя рамы на новыя адпаведнай канструкцыi, са шклом. Пры Партызанскiм ЖРЭА створаны спецыялiзаваны сталярны цэх, дзе могуць выканаць адпаведныя заказы насельнiцтва. Каштаваць гэта будзе значна танней, чым славутыя рамы з ПВХ. Ды i дрэва ёсць дрэва — яно «дыхае»...

Сам ЖЭС № 3 аказвае насельнiцтву 118 вiдаў платных паслуг. Асноўныя з iх — малярныя i сантэхнiчныя. Найбольшай папулярнасцю карыстаецца ўстаноўка iндывiдуальных прыбораў улiку (т.зв. лiчыльнiкаў гарачай i халоднай вады). На думку Вiктара Уладзiмiравiча, справа гэта выгадная i выйгрышная, у чым ён упэўнiўся на асабiстым прыкладзе. Там, дзе кватэра не абсталявана iндывiдуальным прыборам, людзi плацяць за ваду з разлiку каля 10 куб. метраў на чалавека, з лiчыльнiкам — у 2—3 разы менш.

Прыкладна 90 працэнтаў ад заробленых за аказанне платных камунальных паслуг грошай iдзе на зарплату работнiкам ЖЭСа i падаткi, а 10 працэнтаў — гэта прыбытак, якi ў мiнулым годзе ў ЖЭСе № 3 склаў 4 мiльёны рублёў. На што iх можна патрацiць? На набыццё iнвентару для рабочых, спецадзенне, матэрыялы, тыя ж лямпачкi...

Пашыраць пералiк аказання платных паслуг, канешне, можна, лiчыць Вiктар Верамейчык, але ж не бясконца. Ва ўсякiм разе цырульню пры ЖЭСе ён адкрываць дакладна не збiраецца. Платныя паслугi ў неабмежаванай колькасцi могуць увогуле перашкодзiць выкананню асноўнай задачы — якаснаму абслугоўванню жылллёвага фонду i падведамаснай тэрыторыi. А менавiта на гэта ў першую чаргу нацэлена работа ЖЭСа.

У Кнiзе заўваг i прапаноў ЖЭСа № 3 за мiнулы год зроблена 45 запiсаў. 16 з iх — падзякi. Астатнiя — самi разумееце...

— Нiякай катастрофы ў наяўнасцi заўваг я не бачу. Колькi людзей — столькi i пытанняў. Галоўнае — своечасова на iх адрэагаваць, а зрабiць гэта не заўсёды проста. Як, скажам, у такiм выпадку: «... была адключана гарачая вада. Прашу прад’явiць мне пераканаўчыя доказы таго, што жыльцы былi папярэджаны пра гэта загадзя». Вось так, нi больш нi менш.

Увогуле, аб кожным адключэннi — водазабеспячэння цi ацяплення — ЖЭС апавяшчае жыхароў за некалькi дзён, для чаго ля кожнага пад’езда прыстасавана дошка аб’яў. Канешне, нехта можа аб’яву сарваць з пачуцця пратэсту, але адсачыць гэта на сто працэнтаў немагчыма.

Канешне, любыя адключэннi (па сабе ведаю) параджаюць у душах жыльцоў буру эмоцый. Негатыўнага, зразумела, характару. Ну нiяк не ўкладваецца ў галаве, што ЖЭС адключае ваду зусiм не таму, што хоча з нас паздзеквацца. «Яны там што, з глузду з’ехалi?» — абураемся мы, убачыўшы чарговую аб’яву.

На самай справе адключэнне той цi iншай камунальнай паслугi звязана ў першую чаргу з аварыйнымi работамi ў дадзеным раёне. Часам перабоi з гарачай цi халоднай вадой адбываюцца па прычыне ўстаноўкi iндывiдуальных прыбораў улiку ў адной з кватэр пад’езда. У гэтым выпадку халодная i гарачая вада па чарзе адключаюцца толькi па «вертыкалi» пад’езда — з таго боку, дзе знаходзiцца кватэра. Але паколькi прыбор устанаўлiваецца ў дастаткова сцiслы прамежак часу (за 2 гадзiны), нязручнасцi для людзей зводзяцца да мiнiмуму. Летняе адключэнне гарачай вады ўвогуле планавае i праводзiцца з мэтай прафiлактычнай работы i замены ўчасткаў цеплатрасы.

— Калi гэтага не зрабiць, зiмой будзем мець яшчэ больш праблем. Бо падземныя камунiкацыi састарэлi i патрабуюць рэгулярнай «прафiлактыкi», — гаворыць Вiктар Уладзiмiравiч.

Што характэрна, колькасць заўваг ад жыльцоў (у тым лiку ў вышэйшыя iнстанцыi) у апошнi час зменшылася. У мiнулым годзе «за межы» ЖЭСа выйшла ўсяго некалькi скаргаў. Значна менш нараканняў выклiкаюць чэргi «пад кабiнетамi». Сёння, каб атрымаць тую цi iншую даведку, зусiм не абавязкова iсцi ў ЖЭС i стаяць у чарзе. Людзi могуць проста патэлефанаваць дыспетчару або майстру цi ў прыёмную, заказаць патрэбную паперку i ў агавораны — зручны для сябе — час яе забраць.

Але не толькi жыльцы маюць права скардзiцца на ЖЭС. Сама жыллёва-эксплуатацыйная служба таксама можа прымяняць штрафныя санкцыi ў адносiнах да жыльцоў, напрыклад, за псаванне дзяржаўнай маёмасцi або незаконна, без адпаведнага дазволу i дакументаў, выкананую перапланiрлўку кватэры цi месцаў агульнага карыстання (Ну любяць некаторыя нашы грамадзяне адгарадзiць сабе ў пад’ездзе «пляцовачку» пад кладоўку.) Аб тым, што ў кватэры пачалася перапланiроўка, работнiкi ЖЭСа даведваюцца iмгненна, нават без дапамогi суседзяў. Адбываецца гэта звычайна падчас штодзённых абходаў пад’ездаў. Майстар абавязкова заўважае, што жыльцы мяшкамi выносяць з кватэры будаўнiчае смецце... У такiх выпадках жылец абавязаны дазволiць доступ у кватэру работнiку ЖЭСа. У вынiку складаецца пратакол у раённую адмiнiстрацыйную камiсiю, з гаспадара спаганяецца штраф за незаконную перапланiроўку...

— I ўсё ж самая вялiкая «бяда» ЖЭСа — жыльцы-неплацельшчыкi, асаблiва «хранiчныя». Некаторыя ўжо год нi за што не плацяць, iншыя — два гады. З-за iх мы недаатрымлiваем каля 20 мiльёнаў рублёў кожны месяц (гэта сума назапасiлася за апошнiя два гады). Але гэта яшчэ не самая вялiкая лiчба па раёну, — гаворыць Вiктар Верамейчык.

Прыватныя «выхаваўчыя» гутаркi, наведваннi з мiлiцыяй i афармленнi iскавых заяў у суд нiчога не даюць, як i частковае адключэнне камунальных паслуг (акрамя цяпла, якое падаецца цэнтралiзавана). Калi ж у кватэры неплацельшчыка ёсць непаўналетнiя дзецi, то i абмяжоўваць камунальныя паслугi не дазваляецца. Можна паспрабаваць перасялiць сям’ю ў кватэру з горшымi ўмовамi, але ж i за яе трэба будзе камусьцi плацiць. Ды i дзе такiя кватэры браць? Вiктар Уладзiмiравiч упэўнены (i з iм пагодзяцца многiя яго калегi), што заканадаўчая база, якая рэгулюе адносiны памiж наймальнiкамi i ЖЭСам, патрабуе ў дадзеным выпадку ўдасканалення i дапрацоўкi. На сённяшнi дзень няма адзiнага — эфектыўнага — механiзму ўздзеяння на катэгорыю людзей, якiя паразiтуюць за кошт грамадства.

— Штодзень даводзiцца вырашаць дзесяткi праблем. Калi людзi нам удзячны — прыемна, але не гэта галоўнае. Галоўнае ў рабоце ЖЭСа не наяўнасць падзяк, а адсутнасць скаргаў. Дзень прайшоў без скаргаў — значыць, адпрацавалi нармальна.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Галоўнае ў рабоце ЖЭСа — не наяўнасць падзяк, а адсутнасць скаргаў
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика