Пiсьмо без праўкi
Дзень добры, паважаныя супрацоўнiкi газеты «Звязда».
Вы з такой павагай i любоўю пiшаце пра наш край, пра мiлыя людзям мясцiны, што не чытаць вас проста нельга, не пiсаць — таксама. Асаблiва, калi ёсць нагода. Але найперш — шчыры дзякуй вам за артыкул Вольгi Акулiч «I пакiнулi ФАП у жывых», змешчаны 15 лютага. ФАП застаўся, а гэта значыць — засталася ўвага да людзей. Артыкул прачыталi ўсе мае родныя. Бо ў тых Кудзiнавiчах, што на Капыльшчыне, у той неперспектыўнай, а для нас — самай мiлай i прыгожай на свеце вёсачцы — нашы каранi. Там нарадзiўся мой тата, яго браты i сёстры, бавiлi час i раслi мы, iх дзецi. Больш за тое — бываць там мы можам i цяпер. Не раскiдана наша гняздо, не стаiць з забiтымi вокнамi родная хата, жыве ў ёй роданачальнiца — бабуля Аляксандра Аляксееўна Верамейчык. На Юр’е, 6 мая ёй споўнiцца 100 гадоў. Бог пакiраваў так, што гэта падзея адбудзецца ў суботу, у выхадны дзень. Для таго, мабыць, каб нам — дзецям, унукам, праўнукам, прапраўнукам — было лягчэй з’ехацца. А для таго, каб мы мелi куды — i жыве наша бабулька. Не адна. Для гэтага з Карэлii спецыяльна пераехала цётка, яе дачка — Нiна Канстанцiнаўна. Яна трымае дом, гаспадарку, даглядае сваю матулю. Бо ведае, што жыццё яе нiколi не было лёгкiм. На Фiнскую, а потым на Вялiкую Айчынную забiралi мужыка. Ёй з дзецьмi напоўнiцу хапiла i голаду, i холаду, i жаху, калi фашысты палiлi суседнiя Жавалкi, а Кудзiнавiчы цэлыя суткi трымалi ў акружэннi. Але Бог i людзi дапамаглi ёй, выжылi ўсе пяцёра дзяцей. Шостае — нарадзiлася ў 40 гадоў, калi з фронту вярнуўся муж. А колькi наша бабуля ведае песень, народных абрадаў, павер’яў! Пра адно, дарэчы, на старонках «Звязды» пiсаў Янка Крук, а нам расказвала бабуля. У бацькоў яе памiралi, не гадавалiся дзецi. I таму, калi нарадзiлася чарговае — маленькая, кволая дзяўчынка, бацька выйшаў на гасцiнец i першую сустрэчную жанчыну папрасiў у хросныя мацi. Сустрэчнай — была жабрачка. А дзiця, якое назвалi Алесяй не проста выжыла — стала потым Аляксандрай Аляксееўнай — нашай бабуляй. Напярэдаднi яе стагоддзя можна многага жадаць: здароўя, цёплага сонца. Але ўсе нашы агульныя думкi вельмi дакладна, вельмi хораша выказаў паэт: Я гляджу ў яе вочы. Што свецяцца шчасцем, Гладжу рукi сухiя, Прапахлыя зеллем, I хiлюся да сэрца... А трэба б упасцi Перад ёю — нядужай, сiвой — На каленi... Вось i мы... Вельмi хацелася б хоць пяць радкоў аб сваёй бабулi прачытаць на старонках любiмай газеты. Прачытаць ёй услых, бо сама яна непiсьменная. З павагай старэйшая з унучак 53-гадовая Iрына Iванаўна СКАЧКО са старажытнага горада Нясвiжа. Ад рэдакцыi. Можна б, здавалася, адрэдагаваць гэты лiст — пакiнуць, ну, зразумела ж, не «пяць радкоў», а i верш, i словы вiншаванняў, але... Важным i неабходным тут падалося ўсё. У тым лiку i наш, рэдакцыйны нiзкi паклон Аляксандры Аляксееўне, яе дзецям, унукам... Роду. I роданачальнiцы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзень добры, паважаныя супрацоўнiкi газеты «Звязда». Вы з такой павагай i любоўю пiшаце пра наш край, пра мiлыя людзям мясцiны, што не чытаць вас про
|
|