Мэбля на ўсё жыццё
Вiкторыя ЗАХАРАВА, Алена ДАЎЖАНОК
ЧУП «Ружанская мэблевая фабрыка» працуе з 1944 года, калi была вызвалена Беларусь. I напярэдаднi Дня Перамогi калектыў прадпрыемства з асаблiвай прыемнасцю сардэчна вiншуе ўсiх ветэранаў з вялiкiм святам, жадае iм шчасця, здароўя i дабрабыту!
...Раней «вiзiтоўкай» Ружанскай мэблевай фабрыкi быў стол-тумба. Лiчылася, што нiчога больш у правiнцыi вырабляць не змогуць, дый прадпрыемства знаходзiлася далёка не ў лепшым стане. Сёння ж прадукцыю «мэйд iн Ружаны» — шырокi асартымент мяккай i корпуснай мэблi — ведаюць далёка за межамi Беларусi, а сама фабрыка не толькi годна вытрымлiвае канкурэнцыю, але ў некаторых тэхналогiях iстотна абганяе iншыя прадпрыемствы галiны. — За тры гады мы павялiчылi аб’ём выпускаемай прадукцыi ў 4,2 раза, — з гонарам заўважае дырэктар ЧУП «Ружанская мэблевая фабрыка» Валерый Мiкалаевiч СIДАРЭНКА (на фота). — У нас два цэхi: у Ружанах збiраюць корпусную мэблю, цэх нумар два, якi знаходзiцца ў Шэрашава, выпускае мяккую. Абодва цэхi, заўважу, працуюць кругласутачна, у чатыры змены. Гэта пры тым, што ўся фабрыка па спiсах складаецца з 490 чалавек. АД ПРУЖАН ДА ПАРЫЖА Цэх мяккай мэблi меншы па аб’ёмах вытворчасцi, але затое дзякуючы яму ў свой час фабрыка была манапалiстам па выпуску крэслаў для глядзельных кiна- i тэатральных залаў. I хоць зараз гэты рынак даволi насычаны, ружанская прадукцыя традыцыйна карыстаецца попытам. Тутэйшыя крэслы стаяць, напрыклад, у Курскiм драмтэатры i УУС Курскай вобласцi, у кiнатэатрах i лялечным тэатры Белгарада (апошнi заказаў асаблiвае крэсла-трансформер, якое мадэлiруецца максiмальна зручна пад дарослага i пад дзiця), у розных установах Новарасiйска, Краснадара, Санкт-Пецярбурга, Брэста, Пружан, Калiнкавiч, Мазыра, Вiцебска... У Мiнску крэсламi Ружанскай мэблевай фабрыкi задаволены студэнты i выкладчыкi БДЭУ i Акадэмii кiравання пры Прэзiдэнце, супрацоўнiкi мытнага камiтэта i сталiчнага УУС, пагранiчнiкi. Апошнi буйны заказ быў атрыманы ад Нацыянальнай бiблiятэкi, спецыяльна для якой распрацавалi новы тып крэслаў — хутка мы зможам iх ацанiць. Што датычыцца корпуснай мэблi, бадай, самыя вядомыя яе ўзоры — наборы мэблi для спальняў «Александрына», «Алеся», «Купалiнка», «Веранiка», сценкi «Паўлiнка», «Эльвiра» i «Янiна». Пры жаданнi можна ўсю кватэру аформiць у стылi «Александрыны»: фабрыка выпускае аднайменныя гарнiтуры для гасцёўнi i прыхожай, толькi вось кухнi не робiць. Практычна ўся мэбля выпускаецца ў трох варыянтах колеру: цёмны дуб, вольха i белая эмаль. Усяго ж у асартыменце — каля 40 найменняў мэблi. — На што мы робiм стаўку, каб выжыць у канкурэнтнай барацьбе? — перапытвае Валерый Сiдарэнка. — Найперш на даступнасць па цане, разумнае спалучэнне цаны i якасцi. Мы арыентуемся не на багатага пакупнiка, а на радавога беларуса, каб яму былi па кiшэнi нашы вырабы. Мяркуйце самi: адпускная цана на спальнi вытворчасцi Ружанскай мэблевай фабрыкi — ад 460—470 долараў ЗША i вышэй, наколькi дазволiць фантазiя i кашалёк; наборы для гасцёўнi каштуюць ад 280 долараў ЗША. У «мэблевы сезон» восень-зiма з’яўляюцца больш дарагiя мадэлi, вясной-летам — прасцейшыя i таннейшыя. Каментарыi, як кажуць, залiшнiя. Спакусiлiся ружанскай мэбляй i спажыўцы далёка за межамi Беларусi — у Францыi, Бельгii, Галандыi. Спачатку беларускiя вытворцы прапанавалi еўрапейцам сасновую мэблю ў старажытным стылi. Паступова, пераабсталяваўшы фабрыку сучаснай тэхнiкай, працягнулi супрацоўнiцтва ў новым напрамку — зараз добра прадаецца тая ж «Александрына». Тым больш, працуючы на еўрапейскi рынак, прадпрыемства пераходзiць i на еўрапейскiя стандарты — сёлета якраз пачалi ўкараняць мiжнародную сiстэму ISO 9000. Найвышэйшаму ўзроўню якасцi павiнна адпавядаць усё, ад фурнiтуры да iнструкцыi па зборцы мэблi. У вынiку выйграе... правiльна, спажывец. У тым лiку i беларускi. ПА САКРЭТУ ТАТЫ КАРЛА Да таго, як узначалiць фабрыку, Валерый Сiдарэнка доўга працаваў на ёй у аддзеле маркетынгу, i разумеў, што патрэбны кардынальныя перамены, каб збочыць са шляху ў нiкуды на шлях у будучыню. Першым крокам стала тэхнiчнае пераўзбраенне — закупка сучаснага абсталявання ў «заканадаўцаў мэблевай моды» iтальянцаў. (Дарэчы, з дапамогай iтальянскiх тэхналогiй Ружанская фабрыка рыхтуе да восеньскай выставы «Мэбля-2007» сюрпрыз — i пакупнiкам, i канкурэнтам. Раскрываць раней часу мы яго не можам, але гарантуем, што гэта будзе модна i зручна!) Станкi «Bliesse» з таго часу працуюць у Ружанах верай i праўдай, даючы бездакорную якасць — у 2004 годзе фабрыка атрымала дыплом мiнскай мэблевай выставы за тэхнiчны ўзровень. Напэўна, з таго часу 60-гадовае прадпрыемства адрадзiлася наноў i канчаткова зламала стэрэатып наконт сваёй «правiнцыйнасцi». «Сёння нас ведаюць ужо многiя пакупнiкi, i я паставiў задачу зрабiць лагатып «РМ» пазнавальным, як «МАЗ» або «LG», — не спыняецца на дасягнутым поспеху дырэктар. Сёлета ў красавiку Ружанская мэблевая фабрыка ўпершыню ўзяла ўдзел у экспазiцыi «Мiнскi мэблевы салон». Па вынiках апытання наведвальнiкаў ружанскi стэнд быў названы самым папулярным. I не дзiва: дзе яшчэ ўбачыш забаўную канапу-«гармонiк» «Мамба», якой можна прыдаць любую форму, i стыльны чорна-белы набор «Матрыца»? Гэтыя мадэлi — няхай не рэвалюцыя, але дакладна новае слова ў свеце беларускай мэблi. Ружанская мэблевая фабрыка ўвогуле не працуе ў рэжыме «ўчарашняга дня». Традыцыi масiўнай i нязграбнай мэблi даўно ў мiнулым. Зараз тутэйшыя мадэлi — лёгкiя, рухомыя, адпавядаючыя самым розным густам. I абавязкова высакаякасныя. Гэта датычыцца як дызайну, так i тэхнiчнага боку вытворчасцi: iтальянскiя станкi з камп’ютарнымi тэхналогiямi, сучаснае пакрыццё, найлепшыя матэрыялы (плiты для каркасаў мэблi пастаўляе ААТ «Iвацэвiчдрэў», для фасадаў — вытворцы з Расii i Польшчы). Нездарма напрацоўкамi ружанскага прадпрыемства зацiкавiлiся прадстаўнiкi знакамiтай кампанii IKEA — магчыма, хутка ў iх з’явiцца сумесны праект. ТАКТЫКА I СТРАТЭГIЯ У кiраваннi прадпрыемствам Валерый Сiдарэнка паводзiць сябе як вопытны стратэг — усё робiць без мiтуслiвасцi, паступова, затое грунтоўна. Сцвярджае, што пакуль можна нарошчваць аб’ёмы вытворчасцi, гэта трэба рабiць. Лiчбы толькi пацвярджаюць правiльнасць абранага шляху: у 2003 годзе фабрыка перавысiла аб’ёмы вытворчасцi 2002 года ў 1,5 раза, у 2004-м — падвоiла паказчыкi 2003-га, у 2005-м — зноў павялiчыла аб’ёмы ў 1,5 раза, i за першы квартал гэтага года працягвае прытрымлiвацца тэндэнцыi павелiчэння. Акрамя магазiна непасрэдна пры фабрыцы, дырэктар марыць адкрыць фiрменную краму ў Мiнску — гэткi «палiгон для адпрацоўкi новых iдэй». Пакуль жа пазнаёмiцца з прадукцыяй Ружанскай мэблевай фабрыкi можна або ў сталiчным Доме мэблi, або непасрэдна ў краме ў пасёлку Ружаны (улiчваючы, што нацэнка тут усяго 10 працэнтаў, пакупнiкi прыязджаюць з усёй рэспублiкi), або ў Iнтэрнэце — на сайце www.rugany.mebel.by. А яшчэ... у адмiнiстрацыйным корпусе Ружанскай фабрыкi. Прадпрыемства не аказалася «шаўцом без ботаў» i цалкам абставiла офiс уласнай мэбляй. «Мы можам зрабiць практычна ўсё», — сцвярджае дырэктар. I гэта не пустыя словы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ЧУП «Ружанская мэблевая фабрыка» працуе з 1944 года, калi была вызвалена Беларусь. I напярэдаднi Дня Перамогi калектыў прадпрыемства з асаблiвай прыем |
|