Долар у лiхаманцы...
Iгар ШЧУЧЭНКА
Грошы Перспектывы гэтай валюты падаюцца аналiтыкам змрочнымiДолар будзе падаць i далей, iнфляцыя ў амерыканскай эканомiцы будзе толькi ўзмацняцца, мыльныя пухiры на рынках нафты i нерухомасцi хутка ператворацца «ў гарбуз i мышэй», з такiм несуцяшальным прагнозам для таго ж USD выступiлi кiраўнiк багацейшага ў свеце iнвестыцыйнага фонду Berkshire Hathaway Бафет i яго партнёр Чарлi Мангер. Да меркавання гэтага чалавека-iнвестара, якi прафесiйна ўмее ўкладваць грошы ў самы розны бiзнэс, у свеце прыслухоўваюцца. Дзякуючы таленту, асабiстае багацце Бафета саступае толькi багаццю Бiла Гейтса, а створаны iм фонд з’яўляецца буйнейшым у свеце па капiталiзацыi. Гаворачы аб валюце сваёй краiны, дакладней аб яе перспектывах, Бафет, у прыватнасцi, заявiў: «Я не ведаю, калi здарыцца абрушэнне курса: у гэтым месяцы, у гэтым цi будучым годзе. Аднак мы кожны дзень iнвесцiруем па ўсiм свеце па два мiльярды долараў, i ўсё гэта кладзецца цяжкiм грузам на нашу валюту». Мiж тым на сусветных рынках, як ужо склалася апошнiм часам, долар губляе свае пазiцыi: еўра каштуе 1,286 долара — за мiнулыя суткi еўра вырас больш чым на працэнт. У Расii ўпершыню за шэсць з паловай гадоў долар упаў нiжэй 27 рублёў: учора на ранiшнiх таргах ММВБ амерыканская валюта разлiкамi «сёння» гандлявалася на ўзроўнi 26,96 рубля. — Сiтуацыя з доларам напружаная не першы год, — каментуе ўзнаўленне негатыўнай тэндэнцыi для гэтай валюты вядомы эканамiст Валерый Дашкевiч. — Звязана гэта, перш за ўсё, з вялiкiм дэфiцытам плацежнага i гандлёвага балансу Злучаных Штатаў, i тым, што ЗША вымушаны пастаянна прыцягваць вялiкiя сумы для пакрыцця дэфiцыту свайго бюджэту. Да таго ж зараз трэба мець на ўвазе, што валютныя рынкi празмерна палiтызаваныя. Удзельнiкi сусветнага валютнага рынку надзвычай уважлiва адсочваюць палiтычную сiтуацыю i баяцца менавiта палiтычных катаклiзмаў. I ўлiчваючы нейкую агрэсiўнасць палiтыкi ЗША ў адносiнах да таго ж Iрана, праблемы з Лацiнскай Амерыкай, патэнцыяльныя трымальнiкi долараў апасаюцца таго, што Злучаныя Штаты далей будуць уцягвацца ва ўсе авантуры, дэфiцыт бюджэту будзе расцi, i, натуральна, абменны курс можа падаць. Чаканнi далейшага падзення падштурхоўваюць да таго, што долар актыўна прадаюць. Акрамя таго, iснуе вялiкая няяснасць у паводзiнах новага кiраўнiцтва Федэральнай рэзервовай сiстэмы: цi будзе яно працягваць палiтыку павышэння ўлiковых ставак для барацьбы з iнфляцыяй, або спынiцца зараз. Гэта няпэўнасць з паводзiнамi долара, з палiтыкай ЗША нагнятае напружанасць, i валютныя спекулянты зараз гуляюць на панiжэнне USD. — Як доўга гэта можа працягвацца? — Цяжка сказаць, але, я мяркую, што долар можа апусцiцца дзесьцi да мяжы прыкладна 1,3 долара за еўра. — Гэта перспектывы якога перыяду? — Блiжэйшага месяца. Пасля гэтага, я думаю, амерыканцы прадпрымуць пэўныя намаганнi па скарачэнню дэфiцыту свайго бюджэту. Па крайняй меры, аб’явяць аб гэтых мерах для таго, каб замарудзiць падзенне курса долара. — А калi зазiрнуць яшчэ далей? — Шмат фактараў будуць уплываць на тое, якiм будзе курс долара ў будучым. Узяць той жа рынак нафты: як ён будзе развiвацца ў гэтым годзе. Зараз адносна спакойны перыяд, але наперадзе сезон ураганаў у Атлантыцы i ў Мексiканскiм залiве, дзе амерыканцы здабываюць значную частку сваёй нафты. Зноў жа i гэта можа паўплываць на долар. Незразумелая сiтуацыя i з Iранам. Пагэтаму, мяркую, будзе лiхаманiць i рынак нафты, i долар. Цалкам верагодна, што на працягу блiжэйшага года курс долара ўпадзе да суадносiнаў, скажам, 1,4—1,45 долара за еўра. Напрыканцы адзначым, што калi долар падае, то каштоўныя металы растуць у цане. Працягвае ўпарта падбiрацца да абсалютнага рэкорда на сусветных рынках золата. Ужо дасягаўся ўзровень у 725 долараў за тройскую унцыю, а ўчора ранiцай цана складала 717 долараў за унцыю. Серабро наблiжаецца да 15 долараў за унцыю, а летась, дарэчы, год пачынаўся з узроўню 8,8 долара за унцыю. Ёсць пытанні па школах? Пацiкаўцеся ў Мiнаблвыканкаме... 15 i 16 мая Упраўленне адукацыi Мiнскага абласнога выканаўчага камiтэта арганiзуе работу «гарачых» телефонных лiнiй. Патэлефанаваўшы ў гэтыя днi па нумарах 227-34-82, 227-62-21 i 227-34-11 педагогi, бацькi школьнiкаў, выпускнiкi, кiраўнiкi навучальных устаноў змогуць задаць любое пытанне, звязанае з дзейнасцю сiстэмы адукацыi Мiншчыны. «Гарачая» лiнiя будзе працаваць 15 i 16 мая з 8 гадзiн ранiцы да 17 гадзiн з перапынкам на абед з 13 да 14 гадзiн. Надзея НIКАЛАЕВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Перспектывы гэтай валюты падаюцца аналiтыкам змрочнымi |
|