Беларускiх дызайнераў убачаць у Канах
Лiна МАЛIНIНА
Прыгожае жыццё Больш як 500 удзельнiкаў сабраў XIV фестываль моды i фота «Млын моды», якi днямi завяршыўся ў Мiнску. У конкурснай праграме фэсту, заснаванага Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэтам пры падтрымцы шэрагу мiнiстэрстваў i ведамстваў, сёлета была паказана 181 калекцыя маладых дызайнераў. Гала-прадстаўленне калекцый, якiя перамаглi на «Млыне моды-2006», а таксама гасцявых, транслiравалася на вялiкiм экране Кастрычнiцкай плошчы сталiцы.Калi нехта задаецца пытаннем, чаму ж у Беларусi няма ўласных Юдашкiных i Зайцавых, цi хоць бы другога Варламава — абавязкова наведайце наступны, юбiлейны фестываль. Тады пераканаецеся, што прэтэндэнтаў хапае. Проста на радзiме яны з дапамогай Сашы Варламава «распраўляюць крылы», а на замежных фестывалях i конкурсах ужо «выстрэльваюць» на поўную моц. Дарэчы, i мiнскi фэст год ад году робiцца ўсё больш прадстаўнiчым — прадстаўнiкi знакамiтых еўрапейскiх дызайнерскiх школ лiчаць беларусаў вартымi канкурэнтамi. Сёлета, напрыклад, на «Млын моды» прыехала дэлегацыя ў складзе 25 чалавек з Берлiна, Мюнхена, Парыжа, Мiлана, Вены, Бароса (Швейцарыя)... Традыцыйна арганiзатары фестывалю прадстаўляюць гасцям i наведвальнiкам сюрпрыз-«разынку». На гэты раз гэта быў паказ калекцыi прэт-а-партэ, створанай не адным, а пяццю вопытнымi дызайнерамi (якiя ў 2004—2005 гг. сталi лепшымi на «Млыне моды»). Гледачы ўбачылi таксама новы праект Сашы Варламава — своеасаблiвы сiнтэз музыкi i моды, — прэм’еру «Эмоцыi i формы». На подыуме былi прадстаўлены... Каханне, Трыумф, Амбiцыi, Хамства як спосаб абароны, Сумненне, Страх, Iдэальная форма i г.д. «Млын моды» — гэта беларускi паўфiнал мiжнароднага конкурсу маладых дызайнераў адзення дабрачыннага фонду «Рускi сiлуэт». Старшыня фонду Таццяна Мiхалкова па вынiках конкурснага паказу вызначыла чатырох паўфiналiстаў, якiя 11 чэрвеня прадставяць свае калекцыi ў Гасцiным двары ў Маскве. Пуцёўкi на конкурс «Рускi сiлуэт» атрымалi Ганна Сасноўская (калекцыя «TAXI ST-006», г. Мiнск), Святлана Гнедзянок («Валацугi», г. Мiнск), Мiхаiл Мытнiк («Байструк», г. Жодзiна) i Таццяна Марынiч («Руская чайная цырымонiя», г. Мiнск). Лепшыя дызайнеры па запрашэнню гасцей фестывалю прадставяць свае мадэлi адзення або пройдуць стажыроўку ў Еўропе. Як стала вядома, адзiн з паказаў калекцый «Млына моды» адбудзецца напрыканцы мая ў Канах на знакамiтым фестывалi, а ўвосенi некаторыя дызайнеры па запрашэнню наведаюць Вену.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Больш як 500 удзельнiкаў сабраў XIV фестываль моды i фота «Млын моды», якi днямi завяршыўся ў Мiнску |
|