21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

РАЗАМ!

25.08.2009 21:49 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Валянцiна ДОЎНАР

Простая мова

Знакамiтая Ранеўская перажывала: казала, што жыццё пражыла, а салаўёў — нi разу не чула.

Што ж — не пяюць яны ў гарадах на шумных праспектах. Ды i воддаль ад iх — кажуць, вельмi нядоўга. Вясной — на пачатку лета...

Для таго, каб не прапусцiць, пачуць, — едзем: да знаёмай рэчкi, да лесу. Паветра там... А ўжо прыгажосць... Упасцi-не ўстаць, як кажуць.

Першай, раскiнуўшы рукi, падае прыяцелька.

Гляджу i вачам не веру: як жа мала месца трэба чалавеку для шчасця?!

I як жа часта ён яго нiдзе не знаходзiць.


Каб лепш — нахалеру?

Скончыў работу — гуляй у ахвоту. У Пятровiча — на тыдзень адгулаў сабралася. Пацяплела, — рашыў скарыстаць: дапамагчы што-кольвечы бацькам, адпачыць. Паехаў у вёску (спачатку — да сваiх), выкiнуў гной, растрос, пасеяў ячмень, пасадзiў бульбу, ускапаў агарод. Потым — i тое ж самае — зрабiў у цешчы...

На работу — ледзь ногi прыцягнуў. Пытаюцца калегi, як справы, адгулы?

— Ай, — кажа, — браткi, нi-к-олi так не гуляў!


Не радзiся красны...

Слуп на прыпынку абляпiлi аб’явамi. З адной — ледзь не крыкма крычыць яркi чырвоны заклiк: «Пахудзей да пачатку лета!» Унiзе дробненька: «Кансультацыi бясплатна. Тэл...»

Адна з кабет старанна запiсвае нумар. Будзе, вiдаць, званiць, бо цяпер, такое ўражанне, не худзее толькi лянiвы. Цi... баязлiвец.

Кажуць, вярблюд раз убачыў у рацэ свой адбiтак — ледзь не ўтапiўся... Тут жа рашыў, што з гэтым — i тэрмiнова — трэба нешта рабiць.

Ён нават даведаўся, што: аперацыю раiлi, уколы, голад...

Вярблюд толькi ўявiў iх i затросся ад жаху.

Так i ходзiць. Рэчак, дзякаваць Богу, на кожным кроку няма. Ды i цi трэба ў iх узiрацца?

...Мо, не дарэчы? Нехта не дурны пiсаў, што да каханага чалавека прывязваюць нават яго хваробы, ад некаханага — адштурхоўвае... прыгажосць.


На адным сонцы...

«Усё змяшалася ў доме Аблонскiх?» Па цяперашнiм часе — цi толькi ў iх?

...Калi бацька з другою звязаўся, Славiк яшчэ i ў садок не хадзiў. Развялiся. Мацi ў хуткасцi айчыма прыняла. Не благi чалавек надарыўся: хоць i папiваў, — малога, дзякаваць Богу, як свайго глядзеў. Выгадаваў, у людзi вывеў, ажанiў.

Што цiкава: нявеста яго — таксама з няпоўнай сям’i. Бацька гадоў з дзесяць сабакам сена касiў... Пад старасць толькi да розуму дайшоў. З другой ажанiўся, зажыў. I мацi замуж пайшла. Лiчы, разам з дачкой.

...Трэцяга дня яны, усе бабулi-дзяды (родныя i, так бы мовiць, прымкнуўшыя), да першай унучкi на дзень народзiнаў сабралiся. Тры гады маленькай. Усё чыста гаворыць, усё разумее, ды толькi тут...

— Гэта твая баба Лена i дзядуля Вiця, — тлумачыў бацька. — Гэта — баба Iна i дзядуля Косця, гэта — дзед Лёня i баба...

Паглядзела дзiця на гэты «натоўп» i горка заплакала.

Радня... Дзесятая вада на кiсялi, на адным сонейку анучы сушылi.


Добра там...

Вучобу — у тэхнiкуме, iнстытуце, вучылiшчы — другой серыяй дзяцiнства называюць многiя. Вось i яны — цiкава жылi, сябравалi. Перад расстаннем — цвёрда рашылi — два разы на год сустракацца. Што б нi было.

Было — сапраўды — многае. Параз’язджалiся, пажанiлiся, дзяцей нарадзiлi, месцы работ не раз памянялi... Адзiн — цяпер дырэктарствуе тут, у Мiнску, другi — абаранiўся i ў сваю ж ВНУ выкладчыкам прыйшоў, трэцi — фiрму адкрыў, чацвёрты — паехаў з жонкай цешчу дагледзець, ды так i застаўся ў вёсцы, гаспадаркай кiруе, пяты..

Што цiкава — усе шаснаццаць гадоў пасля iнстытута яны, як дамаўлялiся, сустракаюцца....

А што, магчыма, яшчэ цiкавей, пры сустрэчы — нiхто з iх, нiколi — не пахвалiўся тым, што адносна лёгка жыве. Праблем у кожнага... Хоць каўшом бяры.


З прыбытку галава не балiць

Надвор’е... У такое, кажуць, добры гаспадар, сабаку з хаты не выпусцiць. А людзей, бач, гонiць. Перабежкамi, у асноўным — з работы, на прыпынак, у аўтобус... Дамоў! У магазiн толькi трэба.

На прыступках яго — бабуля сядзiць, прадае пантофлi. Выбрала час — нiхто не глядзiць.

Зрэшты... Дзверы магазiна адчыняюцца, выпускаюць мажнага мужыка. Той крыху прытармажвае ля старой, дае ёй дваццаць тысяч, i, строга загадаўшы: «Iдзiце дамоў...», забiрае абутак.

— Пайду ўжо, дзеткi, пайду, — удзячна лапоча бабуля, устае, пазiрае чалавеку ўслед. I, канешне ж, бачыць, як той падышоў да сметнiцы, выкiнуў «пакупку», абтрос рукi i сеў у машыну.

...На гэтым, думаеце, усё?

Я таксама думала... Калi заходзiла ў магазiн.

Калi выходзiла — бабуля сядзела на ранейшым месцы, прадавала... усё тыя ж пантофлi.


Не так смыкам...

Аляксееўна (яшчэ «ўчора») маладзiцай была — упэўненай, прынцыповай. Да асобных пенсiянераў — прэтэнзii мела. Казала, што прагныя, не набяруцца нiяк, вечна iм грошай мала, лепшыя пасады пазаймалi, працуюць, а моладзi, маўляў...

Працяг у гэтага маналога быў заканамерны — клялася кабета, бажылася, што калi сама да 55 гадоў дажыве — дня працаваць не будзе.

— Вось убачаце, — казала, — 3 мая дзень народзiнаў, а 4-га, на рабоце, мяне ўжо няма...

Чым блiжэй, аднак, была тая дата, тым «цiшэлi» яе «выступленнi». Пакуль не сцiхлi наогул. Больш за тое, 3 мая яна ўсё начальства ў рэстаран павяла. Частавала — па вышэйшаму разраду i (казала) з таемнай думкай: раптам (пасля гэтага) «не папросяць» з работы, падпiшуць кантракт?


За што змагалася?

Тады яго любiлi, здаецца, усе — дзеўкi, удовы, развядзёнкi... Нават замужнiя. Бо прыгожы быў — мажны, загадкава-стрыманы, адукаваны. Да таго ж — пры пасадзе, грашах, з асобнай жыл-плошчай... А што разведзены, — дык такой бяды: дзе ж на ўсiх халастых набрацца?

Ён таксама да жанчын хiнуўся. Своеасаблiва, аднак: распытваў, што дзе лепей купляць, як гатаваць, каб смачней было, куды варта з дзiцем схадзiць, што яму пачытаць? Жыў ён гэным малым — чакаў выхадных, загадзя планаваў iх: з ранiцы прыбiраў кватэру, гатаваў, ехаў у школу.

Шчасце здаралася — забiраў малога. Разам тады палуднавалi, недзе ездзiлi, хадзiлi, гулялi, гаварылi... Але часцей яго апярэджвалi — сына звозiла цешча альбо яго былая. Умовы выстаўлялi. Кшталту, купiш тое i тое, грошай дасi — тады, мо...

Крыўдзiўся ён, даказваў, што так нельга (святым гандляваць!), што дзiця гэта — яго: ён — i любiць, i права мае... Па рашэнню суда.

Толькi хто яго чуў пакуль хлопец малы быў, здаровы? Калi ж захварэў...

Дваццаць пяць яму цяпер. Нi адукацыi, нi спецыяльнасцi, нi работы. П’е. Гадоў з пятнаццацi. I жыве цяпер — ужо з бацькам. Мацi — змаглася, аддала. Назусiм.


Трэба!

Дзмiтраўне Бог аддзячыў. Цяжка жыла — у вёсцы, удавою, з дзецьмi малымi... Памерла затое лёгенька — не хварэла, нi дня не ляжала. За сталом закашлялася i... На 81-м...

— Восемдзесят адзначала, — плача адна з унучак. — У садзе сталы паставiла, усiх пасклiкала. Пацешылася... Паглядзела на радню. Як адчувала што... А я ж не сабралася тады — не выпала: дзецi пахварэлi. Ды i дата, юбiлей, можна сказаць — абы з чым не паедзеш, а на нешта людскае грошай не было. Рашыла — пазней павiншую. У Бога ж дзён многа. Нагаворымся. А яно вось як выйшла...

Людзi праўду кажуць: на 18-ы дзень народзiнаў можна ехаць а можна i не. На 80-ы — трэба.


Калi хочаш жыць у шчасцi...

Панядзелак. Прыпынак. Прыцемак, а шапiк — адчынены: можна купiць гароднiны... Выбiраю па пары-тройцы памiдораў-агуркоў, па чарзе складаю на вагi. Прадавачка дзiўная (толькi цяпер прыкмячаю. — Аўт.): доўга глядзiць на стрэлку, не трапляючы пальцам у лiчбы калькулятара, спрабуе лiчыць... П’яна ляпае:

— ...Наццаць тысяч.

— Колькi-колькi? — не разумею я.

Жанчына ў адказ кiдае ўбок калькулятар, шырока ўсмiхаецца i махае рукой:

— Ай... Дарма бяры! Я сёння добрая — усiм даю.

...I нехта ж, напэўна, браў?

Але цiкава не столькi гэта. Нi назаўтра, нi праз тыдзень кропка не зачынiлася — жанчына працягвала гандляваць. Значыць, нi яна, нi «фiрма» страт не панеслi?

Вам не трэба казаць, чаму?


Разам!

Як там у Астроўскага? Жыццё чалавеку даецца адзiн раз i пражыць яго трэба...

Хто паправiў «так» на «там», Фёдар, шчыра кажучы, не ведаў, але рады быў, як дзiця. Бо яго ж думка! Тут, казаў, нават новы Пушкiн прапаў бы. Незаўважаным, непатрэбным... А ўжо ён...

Маладым спецыялiстам быў тады. Не прыкмячалi на заводзе, не цанiлi... Не меў нi вартай пасады, нi заробкаў, нi (так здавалася) перспектыў. Пакрыўдзiўся, з’ехаў у Штаты.

Пачынаў там — з мыцця прыбiральняў, «падняўся» — да посуду ў прыдарожным кафэ, да пасады афiцыянта.

Зараз — свой бiзнэс у яго, сям’я, тры аўтамабiлi, дом на беразе акiяна. Дзе бацькi, дарэчы, як маладзейшыя былi, не раз гасцявалi. А яшчэ — вельмi ганарылiся, што не прапаў iх адзiны адзiн на далёкай чужыне, зрабiў сябе, цiкава, багата жыве, яшчэ i iм грошы дасылае...

Цяпер — не ездзяць ужо. I не ганарацца. Бацька на Вадохрышча памёр (на пахаванне сын не прыляцеў, не змог). I мацi здала: паўвясны, лiчы, у бальнiцах праляжала — адзiнаю, да каго нiхто не прыходзiў.

I забраць праблема была. Сваяка аднаго ўпрасiлi. Дадому акуратна давёз — грэх паскардзiцца. А вось таго, што ў цёткi скарыначкі хлеба няма, халадзiльнiк пусты, у кватэры брудна, — «не ўбачыў». Як хочаш, так i жывi, што хочаш, рабi, еш. Адна...

Амерыку тут не адкрыеш, ды i цi варта? Але, падалося — самае большае, што могуць зрабiць бацькi для сваiх дзяцей (асаблiва — малых, бездапаможных), а потым дзецi для сваiх бацькоў (асаблiва — старых, бездапаможных) — гэта быць з IМI. Разам. Цi хоць бы побач.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Знакамiтая Ранеўская перажывала: казала, што жыццё пражыла, а салаўёў — нi разу не чула
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика