«Будзе створаны аграгарадок...»
Рэдакцыя газеты «Звязда» звярнулася ў Мiнскi абласны выканаўчы камiтэт з просьбай пракаментаваць лiст чытачкi. Днямi мы атрымалi наступны адказ:
«На зварот адносна нездавальняючага стану клуба ў в. Заямнае Стаўбцоўскага раёна паведамляем наступнае. Будынак Заямнаўскага Дома культуры, узведзены ў 1962 годзе, зараз не ацяпляецца i знаходзiцца ў перадаварыйным стане. Капiтальны рамонт установы за час яе эксплуатацыi не праводзiўся. Першапачаткова будынак належаў калгасу «Чырвоны Кастрычнiк», а ў 2002 годзе перададзены на баланс Заямнаўскага сельвыканкама. Прыём установы на баланс аддзела культуры райвыканкама пакуль не ажыццёўлены. Пастановай Дзяржпажарнагляду ад 15.02.2005 г. № 3 эксплуатацыя будынка забаронена ў сувязi з тым, што не праведзена вогнеабаронная апрацоўка драўляных канструкцый, адсутнiчае аўтаматычная пажарная сiгналiзацыя i сiстэма апавяшчэння. З-за адсутнасцi фiнансавых сродкаў адзначаныя недахопы не былi лiквiдаваны. Для канчатковага вызначэння варыянту прывядзення гэтай установы культуры ў належны стан 25 красавiка г.г. адбыўся дадатковы выезд на аб’ект прадстаўнiкоў Стаўбцоўскага райвыканкама на чале з намеснiкамi старшынi па будаўнiцтву i сацыяльнай сферы I. Комарам i С. Шэстэлем, начальнiкам аддзела культуры А. Грэкавым, старшынёй Заямнаўскага сельвыканкама А. Далiдовiчам. У вынiку прынята рашэнне аб закрыццi Заямнаўскага СДК з 1 мая 2006 года для паэтапнага капiтальнага рамонту будынка. На гэты год запланаваны рамонт фасаднай часткi будынка, дзе размяшчаецца зала для правядзення дыскатэк. С 28 красавiка пачаты работы па рамонту падлогi i столi. Таксама будуць устаноўлены новыя аконныя i дзвярныя блокi, пабелены памяшканнi i фасад, часткова заменены шыфер на даху. Паколькi ўстанова знаходзiцца паблiзу г. Стоўбцы (за 3 км), на час рамонту фасаднай часткi будынка моладзi прапанавана часова праводзiць вольны час у Стаўбцоўскiм гарадскiм Доме культуры, а таксама ў Слабодскiм або Апечкаўскiм сельскiх клубах, што размешчаны ад в. Заямнае за 2,5 км. Плануюцца i перасоўныя нестацыянарныя формы абслугоўвання насельнiцтва (аўтаклуб, перасоўныя дыскатэкi, iнш.). Згодна з Дзяржаўнай праграмай адраджэння i развiцця вёскi на 2005—2010 гг. i планам стварэння i добраўпарадкавання аграгарадкоў на тэрыторыi Стаўбцоўскага раёна, у 2007 годзе ў в. Заямнае будзе створаны аграгарадок, адным з аб’ектаў якога з’яўляецца вясковы Дом культуры. Такiм чынам, капiтальны рамонт усёй установы запланаваны на 2007 год — пры ўмове фiнансавання ўсяго пералiку неабходных работ па гэтаму аб’екту. Будаўнiцтва новых устаноў культуры ў раёне блiжэйшым часам не плануецца з-за недахопу фiнансавых сродкаў у раённым бюджэце. З павагай начальнiк упраўлення А. АКУШЭВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Рэдакцыя газеты «Звязда» звярнулася ў Мiнскi абласны выканаўчы камiтэт з просьбай пракаментаваць лiст чытачкi |
|