Карэн МУРАДЗЯН: «Поспехi «Дарыды» залежаць i ад нашых дзяўчат»
Юрась ШАЎЦОЎ
Ва ўсякiм разе выдатная форма, якую набраў адзiн з лiдараў футбольнага клуба «Дарыда» Карэн МУРАДЗЯН — заслуга не толькi клубных трэнераў i перадсезоннай падрыхтоўкi, але i вынiк добрага ўздзеяння яго любiмай дзяўчыны Лены. Зiмою Лена, як мудры палкаводзец, падтрымлiвала Карэна i выбiрала больш спакойнае баўленне часу. Што цалкам справядлiва — як футбалiст падрыхтуецца да сезона, так яго i правядзе.
«Дарыда» нечакана для многiх узнялася на першую прыступку ў турнiрнай таблiцы пасля першых тураў чэмпiянату-2006. Калi прыгледзецца да саставу гэтай каманды, сярод iх не знойдзеш зорак, няхай сабе i мясцовай велiчынi. Тым не менш, сярод пацярпелых ад «Дарыды» такiя «монстры» беларускага футбола, як мiнскае «Дынама», «Шахцёр», БАТЭ... Карэн Мурадзян прыйшоў у «Дарыду» летам 2004 года i адразу стаў футбалiстам асноўнага саставу. Яно i зразумела — у саставе «Мiкi» Мурадзян станавiўся «сярэбраным» прызёрам чэмпiянату i тройчы выйграваў кубак Арменii. «Калi «Дарыда» па вынiках гэтага сезона не апынецца ў тройцы прызёраў, выступленне будзе няўдалым» — дзелiцца Карэн планамi на сёлетнi чэмпiянат. Сакрэт поспеху, як лiчыць паўабаронца, у тым, што каманда паверыла ў свае сiлы i што на кожную пазiцыю ў камандзе iснуе канкурэнцыя. «Ёсць яшчэ адзiн момант, але гэта сакрэт», — таемна ўсмiхаецца мой субяседнiк. На дапамогу прыходзiць Лена: «У каманды ёсць своеасаблiвы рытуал, якi яна паўтарае перад кожнай гульнёй». Усе спробы распытаць больш падрабязна пра таемны рытуал нi да чаго не прывялi. Прыйшлося наўздагад пытацца, i атрымалася наступнае. «Непасрэдна напярэдаднi гульнi перад гасцiнiцай збiраецца ўся каманда. Там гэты рытуал i мае месца». Як бачым, пакуль што дае плады. — Мiнулы год нельга назваць няўдалым. Першы круг быў выдатны — iшлi ў «тройцы», «пяцёрцы». Аднак калектыў малады, можа, стамiлiся, не змаглi добра аднавiцца, таму другi круг быў горшы. Спадзяюся, у гэтым годзе мы пазбегнем тых памылак, — аптымiстычна завярае Карэн. Ад Беларусi ў армянскага футбалiста самыя прыемныя ўражаннi — «добрая краiна, прыгожая, спакойная, як Арменiя». А вось на пытанне пра мясцовых дзяўчат Карэн адказвае камплiментамi ў бок Лены — «мая дзяўчына прыгожая, добрая...». Лена — студэнтка 5-га курса Мiнскага iнстытута кiравання, родам з Салiгорска. Таму i не дзiўна, што з футболам была знаёма ўжо даўно: «Горад невялiкi, таму было многа знаёмых з футбольнай суполкi Салiгорска — iгракi, балельшчыкi... Аднак сёння нават пытанне не стаiць — толькi «Дарыда». Футбалiсты бываюць розныя. Як i любыя нармальныя людзi. Як бавiць час Мурадзян? — Я нiяк не магу зацягнуць Карэна ў Лядовы палац пакатацца на каньках, — расказвае Лена, — хоць i жывём мы каля яго. Ён баiцца атрымаць траўму, гаворыць, што проста не ўмее катацца на каньках. А яшчэ Карэн вельмi прыгожа танцуе, у мяне так не атрымлiваецца. Таксама любiць іграць на барабане, якi прывёз з перадсезоннага збору ў Турцыi — гэта, пэўна, яго самы любiмы занятак зараз. I, канешне, умее гатаваць. Праўда, раней ён рабiў гэта часцей — каб здзiвiць мяне, знайсцi нейкiя цiкавыя стравы. На сёння больш гатую я, але Карэн па магчымасцi смажыць шашлык. Пасля кароткай паўзы ў чэмпiянаце «Дарыда» сустрэнецца з МТЗ-РIПО, дзе, як вядома, гуляе зямляк Мурадзяна — Гамлет Мхiтаран. «Я вельмi хачу перамагчы ў гэтым матчы, — дзелiцца думкамi Карэн. — Яшчэ нiколi не даводзiлася выйграваць у МТЗ-РIПО, таму, нягледзячы на тое, што Гамлет мой добры сябра па-за футбольным полем, падчас матча мы станем сапернiкамi. Няважна, хто гуляе супраць мяне — Гамлет цi мой родны брат. Яны аднолькава будуць сапернiкамi, i я буду думаць толькi аб перамозе». Родам Карэн Мурадзян з горада Ерэвана, з якiм звязаны як прыемныя, так i не вельмi ўспамiны. «Пасля землятрусу ў горадзе было вельмi цяжка, месяц жылi без святла. А на трэнiроўкi прыходзiлася хадзiць за 6—7 кiламетраў пешшу — грамадскi транспарт не хадзiў. З 5-гадовага ўзросту са мной пачаў займацца футболам мой тата Арам. А ў 6 гадоў, калi прыйшоў упершыню ў футбольную школу, трэнер з недаверам паглядзеў на мяне i сказаў: «Не, гэты хлопец вельмi маленькi, ён не зможа гуляць у футбол». Аднак тата прапанаваў паглядзець на мяне ўсяго адну трэнiроўку. I так здарылася, што калi мяч трапiў да мяне, я абыграў усю каманду сапернiкаў i забiў гол. Першыя некалькi гадоў я не расставаўся з мячом, нават спаў з iм. Акрамя таго, пасля трэнiровак у школе па вечарах мною займаўся тата. Мы бегалi разам, а потым, калi ён купiў мяч, сталi гуляць адзiн на адзiн». Ерэван — горад маленькi, усе ў раёне ведаюць адзiн аднаго. Калi што здарыцца дрэннае, дапамогуць. Зараз, пасля авiякатастрофы над Чорным морам, уся Арменiя гэта перажывае. «У голасе маёй мацi, калi тэлефанавала, было чуваць смутак... Дарэчы, карыстаючыся момантам, хачу выказаць спачуванне ўсiм родным i блiзкiм пацярпелых пасля авiякатастрофы пад Сочы». З дзяўчатамi ў Арменii падтрымлiваць стасункi не так проста. «Пра дзяўчыну, калi табе спадабалася, ты можаш спытаць i табе ўсё раскажуць — хто такая, якая яна. Аднак калi доўга будзеш дабiвацца ўвагi ад якой-небудзь дзяўчыны, то тая можа сказаць свайму брату. I тады ўжо ён сам прыйдзе да цябе i скажа, як сябе трэба правiльна паводзiць». Што датычыцца вядомага абраду «выкрадання нявесты», то здзяйсняецца ён толькi пры ўзаемным пагадненнi. На маё пытанне, цi згадзiлася б Лена, каб Карэн яе «выкраў», яна адказала згодаю. Падчас жыцця ў Беларусi Карэн Мурадзян крыху пазнаёмiўся з беларускай мовай. Ва ўсякiм разе ён ведае, як перакладаецца фраза «Я цябе кахаю». У сваю чаргу Лена ведае аналаг па-армянску. У транскрыпцыi гэта пiшацца так: «Ес кес сiрун эм».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ва ўсякiм разе выдатная форма, якую набраў адзiн з лiдараў футбольнага клуба «Дарыда» Карэн МУРАДЗЯН — заслуга не толькi клубных трэнераў i перадсезон |
|