Школьныя званкi — у апошнi раз
Надзея НIКАЛАЕВА
26 мая ва ўсiх беларускiх школьнiкаў пачынаюцца летнiя канiкулы. А 25 мая для выпускнiкоў 9-х i 11-х класаў прагучаць у навучальных установах апошнiя школьныя званкi.
Пуцёўку ў дарослае жыццё атрымаюць больш за 94 тысячы адзiнаццацiкласнiкаў i 790 навучэнцаў эксперыментальных класаў, якiя навучалiся па 12-гадовай праграме. Базавыя школы выпусцяць больш за 142 тысячы вучняў. А ўжо 27 мая ў школах «стартуюць» выпускныя экзамены. Увогуле экзаменацыйны марафон абяцае быць для сёлетнiх выпускнiкоў надзвычай напружаным. З 27 мая па 9 чэрвеня адзiнаццацiкласнiкi павiнны будуць здаць тры выпускныя экзамены: напiсаць пераказ па адной з дзяржаўных моў, здаць пiсьмовы экзамен па матэматыцы, а вось трэцюю дысцыплiну яны выбiраюць для сябе ўжо самастойна. Упершыню ў пералiк экзаменацыйных дысцыплiн была ўключана i «Фiзiчная культура». Яшчэ адна адметнасць гэтага года — вяртанне ў школу вуснай формы экзаменаў. Для таго, каб будучая iнтэлектуальная элiта канчаткова не развучылася лагiчна разважаць i выкладаць свае думкi, трэцi выпускны iспыт будзе праводзiцца пераважна ў вуснай форме. Мiж iншым, сёлетнiм выпускнiкам можна толькi паспачуваць, паколькi перапынак памiж школьнымi выпускнымi i ўступнымi ў ВНУ i сярэднiя спецыяльныя навучальныя ўстановы будзе, хутчэй, сiмвалiчны: першы цэнтралiзаваны тэст-экзамен пройдзе ў Беларусi ўжо 12 чэрвеня. Для выпускнiкоў базавай школы прадугледжаны чатыры абавязковыя ўступныя iспыты: гэта пiсьмовы экзамен па беларускай i рускай мове (дыктоўка), пiсьмовы экзамен па матэматыцы i вусны экзамен па гiсторыi Беларусi. Як паведамiлi нашай газеце ва ўпраўленнi сацыяльнай i выхаваўчай работы Мiнiстэрства адукацыi, пакуль што ў сценах галоўнага адукацыйнага ведамства краiны не рыхтавалiся рэкамендацыi па правядзенню ў школах выпускных вечароў. Iх час i працягласць будуць узгадняцца навучальнымi ўстановамi з раённымi i гарадскiмi органамi адукацыi. Летась, у адрозненне ад апошнiх званкоў, выпускныя вечары прайшлi ў школах прыгожа i без непрыемных здарэнняў. Таму сёлета ва ўсе аддзелы адукацыi адправiлiся рэкамендацыi па арганiзацыi апошнiх званкоў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
26 мая ва ўсiх беларускiх школьнiкаў пачынаюцца летнiя канiкулы. А 25 мая для выпускнiкоў 9-х i 11-х класаў прагучаць у навучальных установах апошнiя |
|