21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Эканомiка вялiкай сям’i

25.08.2009 21:50 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Iнга МIНДАЛЁВА

Мы не будзем даказваць, чаму неабходна нараджаць дзяцей, — кожны нармальны чалавек разумее, што гэта наша будучыня i што сям’я без малога — як нi круцi — непаўнацэнная «ячэйка грамадства». Не будзем пераконваць у тым, што для натуральнага ўзнаўлення неабходна як мiнiмум двое дзетак у кожнай пары, а ўлiчваючы, што для часткi маладых беларускiх сем’яў сёння актуальнай з’яўляецца праблема бясплоддзя, — i трое малых не будзе «пераборам». Не станем збiвацца на лiрыку, апiсваючы, якое гэта шчасце — трымаць на руках СВАЁ дзiця... Звернем увагу на рэалii, на фiнансавы аспект выпраўлення дэмаграфiчнага становiшча краiны сiламi асобна ўзятай сям’i.

Як жывуць пары, якiя выхоўваюць траiх i больш дзяцей? Якую суму з агульнасямейнага бюджэту таты i мамы трацяць на свае асабiстыя патрэбы?
Цi атрымлiваецца ў iх забяспечыць сваiм дзецям паўнацэннае дзяцiнства?

Сям’я Трыгубовiчаў з вёскi Слабада-Кучанка Капыльскага раёна складаецца з 5 чалавек. Мама Лiдзiя працуе выхавацелькай у дзiцячым садку, тата Вiктар — вадзiцелем у мясцовым СВК. Iх першынцу Вiцю ў жнiўнi споўнiцца 13, двайнятам Вiкторыі i Вадзiку хутка будзе 11. «Наш агульны з мужам бюджэт даволi сцiплы, — прызнаецца Лiдзiя. — У вёсцы, разумееце, заробкi нiжэй, чым у горадзе. Дзецям зараз вельмi патрэбны камп’ютар, аднак пакуль мы не можам дазволiць сабе такую пакупку (хоць занеслi яе ў свае планы). Натуральна, многа грошай iдзе на прадукты — дзецi павiнны расцi здаровымi, а для гэтага iм неабходна разнастайнае i паўнацэннае харчаванне. Тут нас вельмi выручае свая гаспадарка. Лiтаральна тыдзень таму мы ўсёй сям’ёй дружна саджалi бульбу (я парадавалася, што дзеткi нарэшце падраслi i могуць дапамагаць нам з мужам, сёлета ўжо не трэба было запрашаць на пасадку многа народу). У нас свае свiннi, куры... Праўда, каб паласавацца мясам, неабходна затрацiць грошы на корм. Атрымлiваецца палка з двума канцамi. Хоць у вёсцы без уласнай гаспадаркi не абысцiся».

Лiдзiя — маладая прывабная жанчына, якая любiць з густам апранацца i прыгожа выглядаць. Яна цэнiць якаснае адзенне i дарагую касметыку, праўда, не заўсёды можа сабе дазволiць абноўку. «Нешта новае ў сезон я ўсё ж набываю. У мяне i праца абавязвае добра выглядаць. Нiхто ў нашай сям’i ва ўсiм сабе не адмаўляе, — запэўнiвае жанчына. — У кожнага iснуюць пэўныя патрэбы, якiя неабходна задавальняць. Мой муж, напрыклад, курыць. Цыгарэты — абавязковы артыкул яго расходаў. Але, канешне, за 2 тысячы пачак ён не можа сабе дазволiць...»

Як i большасць беларускiх сем’яў, Трыгубовiчы жывуць «ад заробку да заробку». Адкладаць не атрымлiваецца. Мэблю, пральную машыну i iншыя дарагiя набыткi яны афармлялi ў крэдыт. Сур’ёзных капiталаўкладанняў зараз патрабуе дом (наспеў час рабiць рамонт). Грошы на будматэрыялы сям’я таксама збiраецца набываць у крэдыт. У гэтым годзе Трыгубовiчы не атрымлiваюць дзярждапамогу на дзяцей: «Яе налiчаюць, калi ты сам зарабляеш зусiм «дробязь», — гаворыць Лiдзiя, — а калi агульны бюджэт хоць крыху перавышае ўстаноўленую планку, як у нас, дапамогу не плацяць». Адпачываюць Трыгубовiчы дома, выязджаюць у суседнi лес, на возера, некалькi разоў вазiлi дзяцей у сталiчны парк.

Лiдзiя прызналася, што баiцца будучынi. I больш за ўсё яе непакоiць паступленне дзяцей. Яе старэйшы сын цудоўна iграе на флейце i марыць паступаць у музычнае вучылiшча. Бацькi хочуць даць адукацыю ўсiм траiм, але добра разумеюць, наколькi цяжка давесцi да выпуску трох студэнтаў. «Вельмi хацелася б зарабляць больш, — прызнаецца суразмоўца. — Дзецi растуць, павялiчваюцца i патрэбы».

***

Святлана i Сяргей Рэк са Слуцка таксама маюць траiх дзетак: старэйшай Кацярыне 8 гадоў, малодшаму Цiмафею — 3. Памер дзяржаўнай дапамогi на дзяцей — 130 тысяч рублёў у месяц. Асноўная крынiца папаўнення сямейнага бюджэту — заробак Сяргея (ён працуе майстрам цэха на прыватнай фiрме). Святлана — сацыяльны работнiк. У сям’i свая гаспадарка — агарод, трусы, курачкi. Сяргей займаецца пчалярствам, якое прыносiць пэўны даход. Як прызналася сама Святлана, яна ў свае 28 гадоў на сябе трацiць па мiнiмуму. Яе не цiкавяць нi модная вопратка, нi дарагая касметыка, маладая жанчына цалкам «растварылася» ў сям’i. Калi б з’явiлася больш грошай, усе б iх яна патрацiла на дзяцей. I на дом. Пашыраць яго Рэк пачалi даўно, але з-за недахопу сродкаў праца прасоўваецца марудна. Давесцi сваё жыллё да розуму — запаветная мара Сяргея i Святланы.

Як i ўсе малыя, дзецi Сяргея i Святланы часам просяць дарослых набыць тое, на што ў бацькоў няма сродкаў, але гэта бывае нячаста. «Малодшы, Цiмафей, раней мог сабе такое дазволiць, неяк басаножкi адны яму надта спадабалiся, — узгадвае Святлана. — Зараз такога няма. Мы тлумачым, што не ўсё можам набыць, i дзецi гэта разумеюць. Увогуле, усё залежыць ад выхавання, хоць, безумоўна, мы з мужам iмкнёмся да таго, каб нашы дзецi выглядалi не горш за iншых».

Сяргей i Святлана плануюць завесцi чацвёртае дзiця i перакананы, што змогуць яго выгадаваць, не абдзялiўшы астатнiх. А што датычыцца фiнансавага боку пытання, яны разлiчваюць выключна на сябе i на сваю працавiтасць.

***

У сям’i Нагорных з вёскi Гоцк Салiгорскага раёна трое хлопчыкаў (3, 9 i 12 гадоў). Мама Анжэла працуе бухгалтарам, бацька Мiкалай — ляснiком. У iх вялiкiя парнiкi, многа жыўнасцi (2 каровы, 40 курэй, кролiкi) — сапраўдная натуральная гаспадарка, за кошт якой сям’я i жыве. А заробак аднаго з бацькоў адкладаецца «ў панчоху» (што дазваляе штогод усёй сям’i адпачываць у Адэсе). Свой дом Нагорныя пабудавалi самi, нават блокi самi ляпiлi. «Нас у мамы было 4 дачкi, — узгадвае Анжэла, — мы з дзяцiнства ўмелi рабiць усё: i дровы секчы, i сена зграбаць. Нiякай працы не цуралiся». На сябе Анжэла i Мiкалай грошы не трацяць — галоўнае для iх — дом, сям’я, дзецi. «Асобай фiнансавай дапамогi з боку дзяржавы мы не адчуваем, — адзначае Анжэла. — Нават калi вырашалася пытанне адправiць дзiця ў санаторый, нам заявiлi: «Вы сям’я заможная, самi вывязеце малых адпачыць, а ў санаторый хай едуць тыя, хто самастойна гэтага не зробiць».

Нагорныя сапраўды спраўляюцца самi. I плануюць завесцi яшчэ чацвёртае дзiця, дачку. Адзiнае, што iх непакоiць — як iх дзецi ў будучым будуць паступаць у навучальныя ўстановы. Але бацькi спадзяюцца, што шматдзетным будуць прадастаўляцца пэўныя льготы.

***

У адрозненне ад усiх вышэйзгаданых сем’яў, у Святланы i Уладзiмiра П’яновых з Жодзiна не трое, а шасцёра дзяцей, i жывуць яны не ў доме з агародам i садам, а ў трохпакаёвай кватэры. Прысядзiбнай гаспадаркi не маюць. Старэйшай дачцэ споўнiлася 18. Малодшаму сыночку — 2. Святлана знаходзiцца ў дэкрэтным водпуску, Уладзiмiр працуе аператарам на заводзе цяжкiх штамповак. Дзярждапамога на 5 непаўналетнiх дзяцей складае 200 тысяч рублёў у месяц. Агульнасямейны бюджэт не перавышае мiльёна. У разлiку на 8 чалавек гэта зусiм не многа. Старэйшая дачка паступiла ў каледж на платнае аддзяленне, зусiм нядаўна за паспяховую вучобу аплату ёй адмянiлi. «Пры ўсiм жаданнi я не магу на сябе нешта патрацiць, — уздыхае Святлана, — усё iдзе ў сям’ю, на дзяцей». «Наша мама самая абдзеленая, — спачувае муж Уладзiмiр. — Увесь час сядзiць дома з малымi, няма калi ёй выйсцi ў людзi...»

Кватэру П’яновы будавалi самi, праз кааператыў. Потым дзяржава пагасiла iх крэдыт у банку. Адкладваць нейкую капейку не атрымлiваецца. «Канешне, прыходзiцца эканомiць, — прызнаецца гаспадар. — Аднак з заробку i з аванса мы заўсёды набываем дзецям нейкi ласунак, каб iх парадаваць, тыя ж бананы, напрыклад. Адзенне i абутак купляем па чарзе: сёння дваiм, праз месяц яшчэ дваiм, каб было справядлiва. Дзецi ўсё разумеюць i лiшняга не просяць».

Напрыканцы гутаркi Уладзiмiр выказаў пажаданне, каб пры налiчэннi дзяржаўнай дапамогi шматлiкiм сем’ям яе памер вызначалi iндывiдуальна, зыходзячы з канкрэтных умоў пражывання, а не толькi з агульнага бюджэту сям’i. «У некага жывыя дзяды i бабулi, якiя могуць дапамагаць гадаваць дзяцей, багатая спадчына, свая гаспадарка, — тлумачыць ён, — а ў некага, як у нас, нiчога няма. Гэта таксама трэба браць у разлiк...»

Памер дзяржаўнай дапамогi сёння не ў стане аказаць сур’ёзную фiнансавую падтрымку ў выхаваннi дзяцей (ды яна i не павiнна цалкам пакрываць усе затраты на малога). Разлiчваць бацькам прыходзiцца ў першую чаргу на сябе. I якой бы нi была агульнадзяржаўная дэмаграфiчная палiтыка, магчыма, перад тым, як планаваць дзiця (ды яшчэ i не адно), варта рэальна ацанiць свае фiнансавыя магчымасцi.

Сенiца, Мiнскi р-н.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мы не будзем даказваць, чаму неабходна нараджаць дзяцей, — кожны нармальны чалавек разумее, што гэта наша будучыня i што сям’я без малога — як нi круц
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика