Спачатку БЫЎ ПРАЕКТ
Святлана ЯСКЕВIЧ. Веранiка ХIЛЬКЕВIЧ.
Жылыя дамы, прадпрыемствы сельскай гаспадаркi i свабоднай эканамiчнай зоны, манастыр у Аркадзii i аграгарадок «Жураўлiны» стварылi спецыялiсты iнстытута «Брэстбудпраект»
З чаго пачынаецца любое будаўнiцтва? Вядома, з праекта. I абрысы, i ўнутраны змест усякага памяшкання нараджаюцца спачатку ў галаве архiтэктара, ГIПа, тэхнолага праектнай арганiзацыi. Наколькi камфортна будзе людзям жыць у кватэры або працаваць на тым цi iншым прадпрыемстве, часта напрамую залежыць ад прафесiяналiзму i творчага патэнцыялу канкрэтнага праекцiроўшчыка. Таму ўслед за аўтарам Святога пiсання, якi сцвярджаў, што напачатку было слова, можна сказаць, што спачатку быў i праект. На жаль, за 46 гадоў iснавання iнстытута «Брэстбуд-праект» яго супрацоўнiкi не вялi падлiкi, колькi дамоў, прадпрыемстваў, аб’ектаў сельскагаспадарчага прызначэння пабудавана па iх чарцяжах. Лiчба атрымалася б вельмi ўнушальная. У кожным раёне вобласцi i абласным цэнтры нямала жылля i вытворчых памяшканняў, аўтарамi якiх з’яўляюцца спецыялiсты iнстытута. Узначальвае дзяржаўнае унiтарнае праектна-вышукальнае прадпрыемства «Iнстытут «Брэстбудпраект» Вiктар БЛIНКОЎ. Напачатку нашай размовы Вiктар Аляксандравiч расказаў пра структуру сваёй установы. У iнстытуце працуюць 230 чалавек. Асноўныя яго падраздзяленнi — два аддзелы комплекснага праектавання. Можна, вiдаць, назваць iх мазгавым цэнтрам iнстытута. Менавiта тут нараджаюцца iдэi i знаходзяць затым сваё ўвасабленне ў чарцяжах i схемах. Не менш важным з’яўляецца i геолага-геадэ-зiчны аддзел з уласнай лабараторыяй. Геадэзiчная служба, адна з нямногiх у Брэсце, мае ўсе лiцэнзii на правядзенне пошукавых работ i геалагiчных вышукаў. Каб размясцiць пабудову на новым месцы, трэба ведаць, наколькi трывала яна будзе стаяць. А для гэтага неабходна ўстанавiць, на якой глыбiнi залягаюць грунтовыя воды, як будзе ўплываць на трываласць фундаменту i апораў склад зямной пароды ў тым цi iншым месцы, высветлiць яшчэ шэраг нюансаў, усё пралiчыць i выдаць заключэнне. Iнжынерны аддзел спецыялiзуецца на праектаваннi кацельных установак, наогул кацельных магутнасцяў, iнжынерных сетак, узгадняе пытаннi са службамi, якiя iх эксплуатуюць. Тэхнiчны аддзел вызначае тэхнiчную палiтыку любога праекта. Iнстытут мае сваю бiблiятэку iнфармацыйна-даведачнай лiтаратуры. Без гэтага падраздзялення бадай што немагчыма работа ўсяго прадпрыемства. I не толькi таму, што кожны архiтэктар, тэхнолаг павiнен валодаць навiнкамi тэхнiчнай iнфармацыi, што само па сабе зразумела. Бываюць выпадкi, калi трэба звярнуцца i да вопыту папярэднiкаў. Ну, напрыклад, два гады таму атрымаў iнстытут незвычайны заказ — спраектаваць аднакватэрныя вясковыя домiкi з дрэва. Каб гэта зрабiць якасна, давялося спецыялiстам засесцi за даведнiкi 50-х гадоў. Праўда, «набiлi гузакоў» тады не столькi праекцiроўшчыкi, колькi будаўнiкi драўлянага жылля. Але ж сёння тыя домiкi ўжо заселены ў Брэсцкiм, Камянецкiм раёнах, i, хочацца думаць, радуюць навасёлаў. Раней, у савецкiя часы, iнстытут быў амаль удвая большай арганiзацыяй, чым зараз. Потым, пасля развалу Саюза, калi будаўнiцтва ў краiне значна скарацiлася, давялося i праектнай арганiзацыi значна паменшыць свае службы i падраздзяленнi. Але ў апошнiя гады, як вядома, будаўнiчы комплекс набраў абароты, паслугi праекцiроўшчыкаў сталi больш запатрабаванымi. I арганiзацыя стала паступова расцi. Паводле слоў работнiкаў, яшчэ гадоў пяць-сем таму iнстытут шукаў клiентаў i, што называецца, на руках iх насiў, а цяпер ёсць чарга на выраб праектаў. Больш за дзесяцiгоддзе ў Брэсце iснуе свабодная эканамiчная зона, першая ў краiне. Свабодная зона — гэта заўсёды вялiкае будаўнiцтва. Не дзiва, што побач з горадам выраслi карпусы вядомых цяпер прадпрыемстваў «Санта Брэмар», «Iнка Фуд». Зараз падыходзiць да завяршэння будаўнiцтва аднаго з буйнейшых у Еўропе мясаперапрацоўчага гiганта «Еўратрэйд». А яшчэ — дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы, аўтастаянкi, запраўкi на тэрыторыi СЭЗ, i ўсё гэта аб’екты «Брэстбуд-праекта». Сёння iнстытут у год вырабляе на тры — тры з паловай мiльярды рублёў праектнай дакументацыi. На просьбу карэспандэнта газеты назваць лепшых працаўнiкоў прадпрыемства Вiктар Блiнкоў заўважыў, што на такi пералiк бадай што не хопiць газетнай плошчы. Але ж некалькi прозвiшчаў найбольш вопытных старажылаў арганiзацыi прагучала. Перш за ўсё гэта калегi i паплечнiкi дырэктара — галоўны канструктар i начальнiк тэхнiчнага аддзела Анатоль Грыцыенка, галоўны архiтэктар Мiкалай Алексяюк, галоўны тэхнолаг Аляксандр Шчэрба. Шмат гадоў плённа працуюць галоўныя спецыялiсты iнстытута: па ацяпленню i вентыляцыi — Мiкалай Новiк, па кацельнай гаспадарцы — Анатоль Рагожын, па электразабеспячэнню i аўтаматызацыi — Васiль Кузаўка, па газазабеспячэнню i абароне газаправодаў — Уладзiмiр Грыцук, па водазабеспячэнню i каналiзацыi — Таiсiя Баярынцава. Iнстытут ганарыцца тым, што, нягледзечы на «смутныя» перабудовачныя часы, прадпрыемства захавала групу тэхнолагаў. Многiя аналагiчныя ўстановы такiя службы страцiлi. А ў «Брэстбудпраекта» ёсць магчымасць рабiць найсучаснейшыя праекты вытворчых аб’ектаў. Бо любое прамысловае або сельскагаспадарчае прадпрыемства пачынаюць распрацоўваць архiтэктар з тэхнолагам. А потым далучаюцца iншыя спецыялiсты i вызначаюць, як туды падвесцi ваду, газ, электрычнасць i гэтак далей. Вялiкая ўвага зараз ўдзяляецца ўкараненню энергазберагальных тэхналогiй — i пры ўзвядзеннi будынкаў,i пры будаўнiцтве сiстэмы ацяплення i вентыляцыi, i пры рэканструкцыi прадпрыемстваў жывёлагадоўлi. Аграмадныя комплексы для ўтрымання буйной рагатай жывёлы i свiней былi пабудаваны ў асноўным у 80-я гады. За чвэрць стагоддзя яны маральна ўстарэлi, а дзе-нiдзе проста прыйшлi ў заняпад. Зараз паўсюдна вядзецца iх маштабная рэканструкцыя. На малочных фермах, напрыклад, праекцiроўшчыкi ствараюць цэлую сiстэму, якая дазваляе выкарыстоўваць ваду па некалькi разоў i даграваць яе, а не грэць кожны раз. Непачатым краем называюць у горадзе i вобласцi работу ў накiрунку ўдасканалення ачыстных збудаванняў. Цяпер экалагiчныя патрабаваннi да прадпрыемстваў даволi жорсткiя. Таму ўсе яны мусяць падтрымлiваць названыя аб’екты ў парадку. Вось прыклад: прадпрыемствы «Санты» пабудаваны адносна нядаўна, а маштабную рэканструкцыю сваiх ачыстных збудаванняў ужо правялi — з тым, каб яны адпавядалі самым сучасным стандартам. Дакументацыю выканаў «Брэстбудпраект». Зараз на чарзе iншыя перапрацоўшчыкi малака i мяса, а таксама прамысловыя прадпрыемствы. Многа самых розных аб’ектаў iнжынеры i архiтэктары «Брэстбудпраекта» называюць сваiмi: i шматкватэрныя дамы ў горадзе, i самыя сучасныя прамысловыя прадпрыемствы, i манастыр у Аркадзii Брэсцкага раёна, i ўнутраны iнтэр’ер Дома культуры ў Пружанах. Але найбольш працаваць даводзiлася i даводзiцца на аб’ектах сельскай гаспадаркi. Адным з найцiкавейшых накiрункаў работы на вёсцы зараз з’ўляецца будаўнiцтва жылля для вяскоўцаў. Апошнiм часам паўсюдна ствараюцца аграгарадкi. I зрабiць для вясковага жыхара яго дом зручным, прыгожым, камфортным — такую творчую задачу ставяць перад сабой архiтэктары. Ужо некалькi гадоў заселены дамы на новай вулiцы ў вёсцы Вайская Камянецкага раёна i радуюць вока адметнасцю сваёй архiтэктуры ад забудоў папярэднiх гадоў. З галоўным архiтэктарам iнстытута Мiкалаем Алексеюком мы пабывалi на будаўнiцтве аграгарадка «Жураўлiны» ў Пружанскiм раёне. У вёсцы Мокрае ўзводзiцца 17 аднакватэрных дамоў. Пяць з iх практычна гатовы. Там вядуцца аддзелачныя работы. Першае, што адчуваеш, калi заходзiш у такi дом, жаданне тут жыць. Даволi вялiкiя пакоi i кухня, зручныя падсобныя памяшканнi, многа прасторы i святла, — у такiм доме камфортна сябе адчуе i вясковец, i гараджанiн. Усе домiкi спраектаваны так, што нечым адзiн ад аднаго адрознiваюцца, хоць вытрыманы, несумненна, у адзiным стылi. Справа ў тым, што разлiчаны яны на сем’i рознай велiчынi. Ёсць дамы на пяць, на чатыры, на тры пакоi, усе яны мансарднага тыпу, маюць прывабныя веранды. З новых дамоў ужо выявілася новая вулiца, якая злучае вёску Мокрае з маленькай вёсачкай Казлы. Узводзяцца не толькi дамы, але i гаспадарчыя пабудовы. Акуратныя i разам з тым прасторныя хлявы змогуць стаць месцам паўнацэннага ўтрымання ўсёй вясковай жыўнасцi i захавання кармоў. Да канца гэтага года домiкi ў «Жураўлiным» павiнны сустрэць сваiх гаспадароў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Жылыя дамы, прадпрыемствы сельскай гаспадаркi i свабоднай эканамiчнай зоны, манастыр у Аркадзii i аграгарадок «Жураўлiны» стварылi спецыялiсты iнстыту |
|