Спецыяльнасцi, якiх не было
У дзяржаўных i прыватных установах вышэйшай адукацыi ў гэтым навучальным годзе ўводзяцца новыя спецыяльнасцi. Да змен штурхае рынак працы, якi дынамiчна развiваецца i змяняецца ў апошнiя гады. Наколькi новаўвядзеннi будуць запатрабаваныя ў абiтурыентаў, пакажа блiжэйшы час.
МIЖНАРОДНЫ ДЗЯРЖАЎНЫ ЭКАЛАГIЧНЫ УНIВЕРСIТЭТ IМЯ А.Д. САХАРАВА на факультэце манiторынгу навакольнага асяроддзя пачынае падрыхтоўку, у тым лiку i завочную, спецыялiстаў па спецыяльнасцi «Iнфармацыйныя сiстэмы i тэхналогii ў экалогii» з прысваеннем квалiфiкацыi iнжынер-праграмiст-эколаг. Выпускнiкi рыхтуюцца для работы ў аддзелах аўтаматызацыi i iнфармацыйных сiстэм навукова-даследчых устаноў, экспертна-аналiтычных арганiзацый, органаў кантролю i кiравання, звязаных з абаронай прыроды i зямельных рэсурсаў, у вышэйшых i сярэднiх спецыяльных вучэбных установах. БЕЛАРУСКI ДЗЯРЖАЎНЫ АГРАРНЫ ТЭХНIЧНЫ УНIВЕРСIТЭТ на аграэнергетычным факультэце прапануе спецыяльнасць «Аўтаматызацыя тэхналагiчных працэсаў i вытворчасцяў у сельскай гаспадарцы» з квалiфiкацыяй iнжынер па аўтаматызацыi. Па заяўках камiтэтаў па сельскай гаспадарцы i харчаванню аблвыканкамаў, раённых упраўленняў сельскай гаспадаркi i некаторых суб’ектаў гаспадарання аграпрамысловага комплексу штогод будзе запатрабавана каля 60 такiх спецыялiстаў. На факультэце тэхнiчнага сэрвiсу ў АПК прапануецца спецыяльнасць «Упраўленне абаронай працы ў сельскай гаспадарцы» з квалiфiкацыяй iнжынера, iнжынера па абароне працы. Спецыялiсты такога профiлю будуць запатрабаваныя, напрыклад, у структурах дзяржаўных i ведамасных органаў нагляду i кантролю за вытрымлiваннем заканадаўства аб працы i абароне працы. У працэсе навучання студэнтам будзе прадастаўлена магчымасць атрымаць прафесii вадзiцеля аўтатранспартных сродкаў i дазiметрыста. АКАДЭМIЯ МIНIСТЭРСТВА УНУТРАНЫХ СПРАЎ РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ на следча-экспертным факультэце адкрывае спецыяльнасць «Судовая экспертыза» з квалiфiкацыяй эксперта-крымiналiста. Сфера дзейнасцi такога спецыялiста распаўсюджваецца як непасрэдна на выкананне задач крымiнальнага працэсу на стадыях папярэдняга расследавання i судовага разбору, так i на работу выкладчыка ва ўстановах адукацыi, на навукова-даследчую дзейнасць. Такi спецыялiст павiнен валодаць дзяржаўнымi мовамi — беларускай i рускай у аб’ёме, патрэбным для выканання сваiх службовых абавязкаў, умець выкарыстоўваць у прафесiйнай дзейнасцi не менш за адну замежную мову, ведаць асновы сусветнай i айчыннай культуры, мець патрэбу ў пастаянным прафесiйным, культурным i фiзiчным самаўдасканаленнi. IНСТЫТУТ СУЧАСНЫХ ВЕДАЎ IМЯ А.М. ШЫРОКАВА на факультэце мастацтваў прапануе спецыяльнасць «Дызайн» з накiрункам спецыяльнасцi — дызайн вiртуальнага асяроддзя. Такiя спецыялiсты рыхтуюцца для мастацка-тэхналагiчнай, вытворча-тэхналагiчнай, арганiзацыйна-упраўленчай, навукова-даследчай i выкладчыцкай дзейнасцi ў галiне мастацкай i дызайн-адукацыi. Абiтурыенты павiнны мець папярэднюю мастацкую падрыхтоўку па малюнку на ўзроўнi мастацкага вучылiшча, дзiцячай мастацкай школы, падрыхтоўчых курсаў пры вышэйшай цi сярэдняй спецыяльнай мастацкай навучальнай установе. БЕЛАРУСКI ДЗЯРЖАЎНЫ ЭКАНАМIЧНЫ УНIВЕРСIТЭТ на факультэце фiнансаў i банкаўскай справы адкрывае спецыяльнасць «Фiнансы i крэдыт» са спецыялiзацыяй — пенсiйнае забеспячэнне. Выпускнiкi новай спецыялiзацыi могуць працаваць у Мiнiстэрстве працы i сацыяльнай абароны, рэгiянальных аддзелах сацыяльнага забеспячэння на пасадах эканамiстаў, акрамя таго — у структуры Мiнiстэрства фiнансаў, фiнансавых аддзелах арганiзацый, страхавых арганiзацыях, кантрольных органах, банках. БЕЛАРУСКI ДЗЯРЖАЎНЫ УНIВЕРСIТЭТ КУЛЬТУРЫ I МАСТАЦТВАЎ на факультэце музычнага мастацтва адкрывае спецыяльнасць «Мастацтва эстрады» са спецыялiзацыяй — мастацтва эстрады/прадзюсар, квалiфiкацыяй прадзюсара, выкладчыка. МIЖНАРОДНЫ ГУМАНIТАРНА-ЭКАНАМIЧНЫ IНСТЫТУТ набiрае абiтурыентаў на факультэт сацыяльна-палiтычных дысцыплiн на спецыяльнасць «Беларуская фiлалогiя» з квалiфiкацыяй фiлолага, выкладчыка беларускай мовы i лiтаратуры, на спецыяльнасць «Фiласофiя» з квалiфiкацыяй фiлосафа, выкладчыка фiласофii i сацыяльна-гуманiтарных дысцыплiн, на спецыяльнасць «Палiталогiя» з квалiфiкацыяй палiтолага, выкладчыка палiталогii i сацыяльна-палiтычных дысцыплiн, на спецыяльнасць «Сацыялогiя» з квалiфiкацыяй сацыёлага, выкладчыка сацыялогii i сацыяльна-палiтычных дысцыплiн. БЕЛАРУСКI НАЦЫЯНАЛЬНЫ ТЭХНIЧНЫ УНIВЕРСIТЭТ рыхтуе да адкрыцця на аўтатрактарным факультэце спецыяльнасці «Ацэначная дзейнасць на аўтамабiльным транспарце» з квалiфiкацыяй iнжынера-ацэншчыка, а на архiтэктурным факультэце — спецыяльнасць «Архiтэктурны дызайн» з квалiфiкацыяй архiтэктара-дызайнера. МIНСКI IНСТЫТУТ КIРАВАННЯ на ўлiкова-фiнансавым факультэце прапануе спецыяльнасць «Дызайн па накiрунках» па накiрунку «Дызайн прадметна-прасторавых комплексаў» са спецыялiзацыяй — дызайн iнтэр’ераў, квалiфiкацыяй дызайнера i па накiрунку «Дызайн вiртуальнага асяроддзя» з квалiфiкацыяй дызайнера. Першы спецыялiст павiнен авалодаць спецыфiчным светапоглядам, скiраваным на мастацкае асваенне i пераўтварэнне навакольнага прадметна-прасторавага асяроддзя з улiкам комплексу сацыяльных, функцыянальных i эстэтычных фактараў, а другi авалодае навыкамi праектавання такiх аб’ектаў, як вэб-сайты, рэкламныя прадукты ў Iнтэрнэце, сiстэмы карэспандэнцкай адукацыi, развiваючыя праграмы i праграмы самаадукацыi, даведачна-iнфармацыйныя сiстэмы шырокага карыстання, культурна-забаўляльныя сайты i iншыя аб’екты. МIНСКI ДЗЯРЖАЎНЫ ЛIНГВIСТЫЧНЫ УНIВЕРСIТЭТ на факультэце англiйскай мовы адкрывае аддзяленне кiтайскай мовы: кiтайская мова i англiйская мова са спецыялiзацыяй — руская мова як замежная. БЕЛАРУСКI ДЗЯРЖАЎНЫ УНIВЕРСIТЭТ на механiка-матэматычным факультэце прапануе спецыяльнасць «Матэматыка», спецыялiзацыя — вэб-праграмiраванне i Iнтэрнэт-тэхналогii, на геаграфiчным факультэце спецыяльнасць «Геаграфiя» з накiрункам гiдраметэаралогiя, на фiлалагiчным факультэце спецыяльнасць «Славянская (польская i беларуская) фiлалогiя», «Славянская (польская i руская) фiлалогiя», «Усходняя (кiтайская) фiлалогiя». ДЗЯРЖАЎНЫ IНСТЫТУТ КIРАВАННЯ I САЦЫЯЛЬНЫХ ТЭХНАЛОГIЙ прапануе спецыяльнасць «Сацыяльная работа», спецыялiзацыя — соцыя-медыка-псiхалагiчная дзейнасць i спецыяльнасць «Менеджмент», спецыялiзацыя — сацыяльны менеджмент.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У дзяржаўных i прыватных установах вышэйшай адукацыi ў гэтым навучальным годзе ўводзяцца новыя спецыяльнасцi
|
|