Незвычайныя настаўнiкi «незвычайнай» школы
Аляксандр ПУКШАНСКI
Пасля заканчэння вучобы ў вiцебскай сярэдняй школе № 26 выдаюць звычайныя атэстаты. Праводзiцца свята апошняга званка. Вучнi здаюць экзамены. Ёсць выпускнiкi, якiя далей працягваюць сваю адукацыю. Толькi не ўсе школьнiкi адсюль змогуць летам пайсцi на канiкулы. Справа ў тым, што гэтая школа адрознiваецца ад iншых тым, што знаходзiцца... за дротам. Працуе на тэрыторыi вiцебскай выхаваўчай калонii № 1 для непаўналетнiх.
У вiцебскай школе № 26, што на вулiцы Гагарына, — 375 вучняў. А ўсяго асуджаных больш як 420. Многiя з iх выхоўвалiся ў цяжкiх сем’ях, вось i сталi, адпаведна, цяжкiмi падлеткамi, а потым парушылi закон. Шмат сiрот. Але ёсць сярод вучняў i дзецi з добрых сем’яў. Чаму ж тады яны тут апынулiся? Адказ на гэтае пытанне заслугоўвае асобнага артыкула. Былi i такiя вучнi, якiх толькi тут навучылi... пiсаць. У адрозненне ад iншых школ, атэстацыю ведаў тут праводзяць не па чвэрцях, а па вынiках паўгоддзяў. Калi добра вучышся i не парушаеш дысцыплiну, раз у два месяцы можна атрымаць права на спатканне з роднымi. Мiж iншым, як не дзiўна, на ўроках у гэтай школе заўсёды цiшыня. Нават не верыцца, але ж гэта факт, бо парушаць парадак тут няма сэнсу: бацькоў у якасцi пакарання не выклiчуць, ды i аднакласнiкi, якiя жадаюць вучыцца, не дазволяць перашкаджаць. Каб атрымаць сур’ёзную пуцёўку ў самастойнае, працоўнае жыццё, у калонii можна атрымаць спецыяльнасцi сталяра, станочнiка, муляра, чырванадрэўшчыка... Рэцыдывiстаў няшмат. I гэта гаворыць аб добрым узроўнi выхаваўчай работы. Педагагiчны калектыў школы ўзначальвае дырэктар Алвiна Шлыкава. Генератар добрых iдэй, самых розных праектаў — завуч па вучэбнай выхаваўчай рабоце Алена Краўцова. Усяго тут працуюць 22 настаўнiкi. Многiх за высокi прафесiяналiзм запрашалi ў звычайныя школы, але ж у калонii людзi сумленныя, шчыра працуюць з зусiм нялёгкiмi выхаванцамi, робяць гэта не толькi на занятках, i не прывыклi «перабягаць з месца на месца». I шчыра кажучы, менавiта яны выпраўляюць памылкi сваiх калег, якiя мо маглi б своечасова дапамагчы ў цяжкую хвiлiну падлеткам, якiя пайшлi па няправiльнаму жыццёваму шляху. Вельмi незвычайна завяршыўся чарговы вучэбны год у школе № 26. Тут прайшоў конкурс «Настаўнiк ХХI стагоддзя». Госцi — калегi са звычайных школ, прадстаўнiкi раённай структуры адукацыi i iншыя, аўтар гэтых радкоў былi прыемна здзiўлены таму, што ўбачылi. Мы сталi сведкамi 3-х фiнальнага тура. Падчас фiналу настаўнiкi прэзентавалi свае «вiзiтныя карткi». Чыталi вершы, што склалi самi, падарылi прысутным цудоўную i вельмi жартоўную сучасную казку, у форме гульнi падзялiлiся настаўнiцкiм вопытам. Настаўнiкi спявалi, танцавалi. Атрымалася цiкавая канцэртная праграма. Настаўнiк хiмii i бiялогii Сяргей Бароўка, напрыклад, стаў пераможцам у намiнацыi «Натхненне», Наталля Шапко, якая выкладае англiйскую мову, атрымала ўзнагароду за творчасць i навацыi ў прафесiйнай дзейнасцi. Самая маладая ўдзельнiца конкурсу — Кацярына Ананчанка, якая выкладае ў школе геаграфiю, i настаўнiца беларускай мовы i лiтаратуры Аксана Зарэцкая таксама сталi пераможцамi. Дарэчы, аб роднай мове. Вельмi прыемна было чуць песню «А ў нашай хаце свята» ў выкананнi лаўрэата праекта «Зорны дылiжанс» Глеба Лапiцкага, якога запрасiлi ўзяць удзел у шоу. Таксама вельмi вiртуозна выступiў яшчэ адзiн госць — лаўрэат рэспублiканскiх конкурсаў, стыпендыят Фонду прэзiдэнта па падтрымцы таленавiтай моладзi баянiст Аляксандр Шапавалаў. I калегi-настаўнiкi падарылi пераможцам свае музычныя сюрпрызы. Падчас вiзiту ў калонiю я адразу адчуў, што афiцэры i настаўнiкi працуюць у вельмi эфектыўным тандэме. Мэта ў iх адна, каб хлопцы нiколi больш не трапiлi за дрот, каб словы «гуманiзм» i «павага да другiх» не былi для выхаванцаў пустымi гукамi. Начальнiк калонii, палкоўнiк унутранай службы Iгар Вiктаравiч Эсаулаў, якi быў старшынёй журы, упэўнены, што такiя конкурсы вельмi неабходны i дэманструюць высокi прафесiяналiзм настаўнiкаў. Ён заўсёды ва ўсiм падтрымлiвае выкладчыкаў, клапоцiцца асабiста, каб у школе было заўсёды ўтульна i створаны ўсе ўмовы для добрай працы настаўнiкаў i вучняў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пасля заканчэння вучобы ў вiцебскай сярэдняй школе № 26 выдаюць звычайныя атэстаты. Праводзiцца свята апошняга званка
|
|