«Пагадзiнны» рамонт
Мiкалай ЛIТВIНАЎ
Расцэнкi на бытавыя паслугi ЖЭСаў «прывяжуць» да тарыфнай стаўкi першага разраду
Зараз асноўны накiрунак дзейнасцi ЖЭСаў — тэхнiчнае абслугоўванне жылля. Гэтыя арганiзацыi аказваюць i бытавыя паслугi, аднак яны выконваюцца быццам «у нагрузку». Разам з тым, адпаведны рынак надзвычай перспектыўны, паколькi аб’ёмы жыллёвага будаўнiцтва апошнiм часам стабiльна павялiчваюцца. Губляць такую магчымасць нельга. У пачатку гэтага года кiраўнiцтвам Мiнскага гарвыканкама пастаўлена задача: аб’ёмы бытавых паслуг павiнны ўзрасцi не менш, чым удвая. Па вынiках першага квартала адзначаецца станоўчая тэндэнцыя — агульны паказчык у грашовым выражэннi склаў больш чым 1 мiльярд рублёў, што амаль на 100 млн рублёў перавышае планавыя лiчбы. — Бытавыя паслугi, якiя аказваюць работнiкi жыллёва-эксплуатацыйных службаў, карыстаюцца ў насельнiцтва ўстойлiвым попытам, — адзначае намеснiк начальнiка галоўнага вытворчага ўпраўлення жыллёвай гаспадаркi Мiнскага гарвыканкама Леанiд Казакоўскi. — У ЖЭСаў у гэтым плане ёсць неаспрэчная перавага: прымальны кошт i гарантыя якасцi. Можна ўзгадаць шэраг выпадкаў, калi прыватнiкi выконвалi адпаведныя работы, i праз пэўны час у жыхароў узнiкалi нараканнi на якасць. А спытаць няма з каго. У такiм выпадку да работнiкаў жыллёва-эксплуатацыйных службаў заўсёды можна прад’явiць абгрунтаваныя прэтэнзii i недахопы будуць выпраўлены. У кожнай «жылканторы» сталiцы створаны спецыяльны пункт прыёму заказаў. Зараз значна спрасцiўся парадак iх афармлення. На буйныя, «важкiя» па грашах заказы (кшталту рамонту кватэры) складаецца адпаведны каштарыс i выпiсваецца неабходны квiток для аплаты. Жыхар уносiць патрэбныя грошы, пасля чаго выконваюцца работы. На дробныя афармляецца заказ-заданне, якi запаўняе спецыялiст ЖЭСа. Пасля правядзення неабходных работ жыхар iх прымае — ставiць свой подпiс у квiтку. Затым заказ-заданне здаецца ў бухгалтэрыю жыллёва-эксплуатацыйнай службы i налiчэннi за выкананыя работы выстаўляюцца ў агульнай плацежцы за кватэру. Артыкулам 51 Жыллёвага кодэкса, што дзейнiчае зараз, вызначаны пералiк работ, за якiя жыхар разлiчваецца з уласнай кiшэнi. За свой кошт трэба рабiць рамонт у кватэры, а таксама замену i рамонт унутрыкватэрнага санiтарна-тэхнiчнага i iншага абсталявання, прыбораў улiку электрычнай, цеплавой энергii, вады i газу, газавых i электрычных плiт, рамонт унутрыкватэрнай электраправодкi. Як стала вядома карэспандэнту «Звязды», у новай рэдакцыi Жыллёвага кодэкса плануецца пэўным чынам пашырыць «зону адказнасцi» ЖЭСаў. Аднак усе змяненнi ўступяць у сiлу пасля афiцыйнага зацвярджэння гэтага дакумента. Раней цэны на бытавыя паслугi, што аказваюцца работнiкамi жыллёва-эксплуатацыйных службаў, у асноўным фармiравалiся зыходзячы са спецыяльнага прэйскуранта з дапамогай адпаведнага павышаючага каэфiцыента. Цяпер сiтуацыя змянiлася. Як паведамiў Леанiд Казакоўскi, зараз iнстытутам «Белжылпраект» распрацавана каля 140 коштавых нарматываў на комплекс першачарговых паслуг. Гэты пералiк будзе надалей пашырацца. — Прэйскурант, якi дзейнiчаў раней, вiдавочна адстаў ад жыцця, — лiчыць Леанiд Казакоўскi, — неабходна ўносiць змяненнi. Цяпер расцэнкi на бытавыя паслугi напрамую будуць залежаць ад тарыфнай стаўкi першага разраду. Таму зараз распрацоўваюцца канкрэтныя нормы часу на выкананне той цi iншай работы. Мы жорстка кантралюем належную арганiзацыю аказання паслуг — дзейнiчае камп’ютарны ўлiк усiх заявак жыхароў. Усё фiксуецца ў электронным варыянце, нават робiцца галасавы запiс. Калi паступае скарга, то можна без перашкод разабрацца з усiмi акалiчнасцямi справы i тэрмiнова выправiць недахопы. Вялiкiм попытам у жыхароў сталiцы зараз карыстаецца ўстаноўка прыбораў улiку расходу вады. Каб падключыць лiчыльнiк разам з фiльтрамi, трэба выкласцi 17,8 тысячы рублёў. Замена душавой кабiны каштуе 49,1 тыс. рублёў, устаноўка тумбы пад мыйку — 8,6 тыс. Рамонт змяшальнiка абыдзецца ў сярэднiм у 3,2 тысячы рублёў, устаноўка шаравога крана — 2,7—3,7 тыс. рублёў (у залежнасцi ад дыяметра). Замена ручнiкасушыльнiка «пацягне» на 7,4 тыс. рублёў. Выдаткi на ўстаноўку iмпартнага унiтаза (разам са зняццем старога) складуць 16 тыс. рублёў, iмпартнага змяшальнiка для ванны — 7,7 тыс., для кухнi — 10,7 тыс., iмпартнай ванны — каля 30 тыс. рублёў. Падключэнне пральнай машыны да водаправода i каналiзацыi каштуе 17,8 тысячы рублёў, а ўстаноўка iмпартнага ручнiкасушыльнiка — 8,2 тыс. Замянiць пакрыццi з лiнолеуму можна за 2,9 тыс. рублёў за 1 кв. метр, а зрабiць падлогу з электранагрэвам — за 22,6 тыс. (за кв. м). Укладка ламiнату «пацягне» на 2,1 тысячу рублёў за «квадрат». Замена аконнага блоку плошчай да 2 кв. метраў «заважыць» каля 15 тысяч рублёў, больш чым 2 «квадраты» — 17,2 тыс. Абшыўка сцен сайдынгам каштуе 11,8 тысячы рублёў, аблiцоўка панэлямi МДФ i ПВХ — 7,6 тыс. за 1 кв. метр, а столi — 8,1 тыс. рублёў. Прабiўка праёмаў у гiпсакардонных сценах (калi iх таўшчыня не больш чым 15 сантыметраў) абыдзецца ў амаль 10 тыс. рублёў, а ўцяпленне балконаў i лоджый — 9,6 тыс. за «квадрат». Перанос разеткi на адлегласць да 1 метра (са штрабленнем) «пацягне» на 6 тыс. рублёў. За ўстаноўку галагенавых свяцiльняў трэба выдаткаваць 11,6 тыс., устаноўку i падключэнне кропкавых свяцiльняў у падвясной столi — 4,6 тысячы рублёў за кожную «кропку». Зразумела, што гэта толькi асобныя расцэнкi на выкананне пэўных «кватэрных» работ (без улiку выдаткаў на матэрыялы). Трэба ўлiчваць i тое, што лiчбы могуць нязначна адрознiвацца. Тым не менш, вiдавочна: тарыфы ЖЭСаў на парадак нiжэй, чым у прыватнiкаў. Iншая справа, што з боку насельнiцтва iснуе пэўны недавер да работы камунальнiкаў. Магчыма, усе тыя якасныя змяненнi, якiя адбываюцца ў сiстэме апошнiм часам, дазволяць змянiць сiтуацыю ў лепшы бок.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Расцэнкi на бытавыя паслугi ЖЭСаў «прывяжуць» да тарыфнай стаўкi першага разраду |
|