Тэатр у турме
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Натура Днямi ў Мiнску адбыўся незвычайны спектакль. Упершыню ў гiсторыi Беларускай дзяржавы на сталiчнай сцэне iгралi актрысы, якiя з’яўляюцца асуджанымi за цяжкiя i вельмi цяжкiя злачынствы. Яны расказалi гледачам гiсторыю пра страшныя наступствы адсутнасцi любовi. Пра любоў скажоную i падмененую. Яны расказалi пра сябе i... пра нас. I не паверыць iм было немагчыма. Дачка мiльянера вяртаецца на канiкулы дадому i праз некаторы час высвятляецца, што бацька яе забiты. Непагодаю дом адрэзаны ад свету, немагчыма выклiкаць палiцыю, i ўсiм ясна, што забойца — адна з васьмi жанчын, якiя засталiся дома. У вынiку «ўнутранага расследавання» высвятляецца, што кожнай з iх ёсць што хаваць ад iншых, кожная прытвараецца i манiць. I што ў смерцi галавы сям’i, спачатку несапраўднай, але потым рэальнай, вiнаватыя... ўсе. Нягледзячы на адсутнасць афiш i рэкламы, зала мiнскага Дома культуры «Матрыца» была амаль поўная: дзеячы культуры, студэнты, курсанты, дэпутаты, журналiсты, супрацоўнiкi дэпартамента выканання пакаранняў i сваякi выканаўцаў... «Бiлецiк», а дакладней, запрашэнне ветлiва пыталi на ганку высокiя прыгожыя хлопцы ў камуфляжы з аксельбантамi i ў белых пальчатках. У праходах, ля сцэны, у фае стаялi жанчыны з бэйджамi «Ахова». Гэта стварала асаблiвую атмасферу: урачыстую i, разам з тым, строгую. I хоць усё гэта, i прамова вядучых з вiдэаролiкам-храналогiяй, нагадвала пра спецыфiчнасць прадстаўлення, пасля першых пятнаццацi хвiлiн немагчыма ўжо было ўявiць, што жанчыны, якiя iграюць на сцэне — асуджаныя, што кожная з iх адбывае пакаранне за злачынства. I вось менавiта гэта i было галоўным адкрыццём: тыя, што былi на сцэне, НIЧЫМ не адрознiвалiся ад тых, што сядзелi ў глядацкай зале. Першыя НЕ былi горш за другiх. Гэта было настолькi вiдавочна, што рабiлася страшна. Страшна ад асэнсавання, наколькi блiзкая ад кожнага з нас гэтая мяжа, наколькi яна на самай справе непрыкметная — мяжа, па другi бок якой мы губляем. Падумалася, што, можа, грамадства падсвядома «мецiць» злачынцаў ярлыкамi, адгароджваецца ад iх, каб сябе ўпэўнiць, што яно тут нi пры чым, што гэтыя людзi — «выпалi», i адказнасць за такое «выпадзенне» толькi на iх самiх. Баязлiвая рэакцыя самаабароны: адмежавацца, адвярнуцца, зрабiць выгляд, што нас гэта не датычыцца. Але ж гэта самападман. Не датычыцца, пакуль сам не апынешся ў падобных умовах. Пакуль сам не сустрэнешся са злом (i не так ужо важна: у якасцi пацярпелага або вiнаватага). Памятаеце «крык» Дастаеўскага пра тое, што ў кожным здзейсненым злачынстве вiнаваты ўсе мы. Сваiм раўнадушшам, знявагай, эгаiзмам. Нам лягчэй думаць, што злачынства здзяйсняюць нейкiя монстры, людзi як бы з iншага цеста зробленыя. Але вось яны перад намi — прыгожыя, вясёлыя, грацыёзныя, удумлiвыя, любячыя, таленавiтыя... Якiя жыццёвыя абставiны штурхнулi iх за ракавую рысу? Калi яны, гэтыя жанчыны, настолькi не адрознiваюцца ад нас, значыць i абставiны былi не iншапланетныя. На iх не проста было прыемна глядзець, яны прымушалi любавацца сабой, сваёй гульнёй, спачатку трошачкi напружанай, але затое пасля першых апладысментаў, пасля першага шчырага смеху залы — iскрамётнай i глыбокай, нiбы раптам лопнулi нейкiя стрымлiваючыя рамянi няўпэўненасцi. За кожнай з iх амаль фiзiчна адчувалася вялiкая ўнутраная работа, пры тым што яны iгралi такiя розныя характары: ласкавая да ўсiх у доме старая аканомка, флегматычная гаспадыня, iстэрычная цётка, легкадумная дачка, «цiхая» бабуля... У гэтым, безумоўна, вялiкая заслуга рэжысёра-пастаноўшчыка спектакля Аляксея Бычкова, з якiм удалося пагутарыць перад сталiчнай прэм’ерай. Свой удзел у праекце ён назваў шчаслiвай выпадковасцю. — Шчаслiвая для вас? — Так, менавiта для мяне. Гэты перыяд быў для мяне... часам цяжкай працы i знаходак. Бо ў вынiку я знайшоў вельмi шмат уласна для сябе. У зносiнах са шведамi, у зносiнах з беларускiмi жанчынамi, ад якiх залежала ажыццяўленне задум: дэпутатам Таццянай Сафроненка, начальнiкам калонii Святланай Паходавай, намеснiкам начальнiка калонii Маргарытай Зiнкевiч. I самая галоўная знаходка — зносiны з гэтай цудоўнай «дванаццаткай»... — Не «васьмёркай»? — У спектаклi заняты 10 чалавек, хоць па п’есе — восем. Я ўвёў яшчэ два персанажы. I яшчэ дзве жанчыны саўдзельнiчалi ў гэтай авантуры — мастак i памочнiк рэжысёра. Вось знаёмства з iмi i ёсць для мяне надзвычай важны жыццёвы вопыт. Бо, каб выйсцi на правiльнае рашэнне той цi iншай сцэны спектакля, нам трэба было зразумець адзiн аднаго, адзiн аднаму паверыць i даверыцца. Гэта потым ужо я iм казаў пра тое, што спектакль — пра чысцiню ўзаемаадносiнаў, пра праўду, пра любоў. Таму там з’явiлася i песня Шарля Азнавура, якая праходзiць лейтматывам праз увесь спектакль. Вечная любоў — тое, што павiнна рухаць чалавечымi ўзаемаадносiнамi. На рэпетыцыi я ўвесь час казаў: ты гэтай песняй павiнна несцi не толькi тэкст, а тое, што ты хочаш сказаць, тое, што застаецца па-за словамi: «Жанчыны, чаму мы ТУТ? Мы павiнны быць ТАМ i аддаваць сваю любоў ТАМ!» Я сачыў за iх вачыма i праз тры-чатыры месяцы працы ўбачыў, што яны сталi па-iншаму глядзець i адна на адну, i на тое, дзеля чаго мы збiралiся. Вось дзеля гэтага варта жыць i працаваць. — Цяжка было знайсцi актрыс? — Не. — Вы праводзiлi нейкi адбор? — Па форме так званы кастынг быў. Але я нiводнаму чалавеку не сказаў: выбачайце, вы нам не патрэбны. Тэатр — вельмi складаная вытворчасць. Замешаная на цярпеннi i веры. Адбываўся натуральны адбор. Нехта разумеў: не маё. I я не трымаў. — Самая вялiкая складанасць? — Час прыцiркi. Не магу назваць той дзень, калi я адчуў, што яны мне вераць. Але калi гэта адбылося, праца пайшла па-iншаму. — Праект будзе мець працяг? — Гэтага я не ведаю, але для мяне ён будзе мець працяг у аповесцi, якую збiраюся напiсаць, i, магчыма, у п’есе. Вельмi шмат паралеляў у лёсе маiх актрыс i гераiнь Тама. — Дык што гэта за жанчыны — вашы актрысы? — Цудоўныя людзi. Вось усё, што я магу сказаць. Яны ўсе розныя, непаўторныя, са сваiм светапоглядам. Але тое, што iх аб’ядноўвае — гэта iмкненне i жаданне ўдзельнiчаць у гэтым праекце. А для гэтага патрэбна смеласць: адкрыцца, зазiрнуць у сваю душу i нешта сказаць людзям. Каб мець права нешта сказаць iншым, трэба спачатку сказаць гэта сабе, быць бязлiтаснай да самой сябе i спачувальнай да астатнiх. — Спектакль — мэта або сродак? — Канешне, сродак. Сутнасць не ў спектаклi, сутнасць у тым, што ўдзельнiкi праекта, усе, у вынiку сталi iншымi. Гэтыя жанчыны па-iншаму глядзяць на жыццё. — Вы ў гэтым ўпэўненыя? — На сто працэнтаў. Адна з iх стала пiсаць вершы... — Вы не баiцеся, што цяпер iм будзе цяжэй? — Не. Цяжкасцяў заўсёды хапае. Цi мала iх у нас?.. — Але цi не будзе ў iх адчування невыноснасцi вяртання ў фiзiчную няволю пасля гэтага выхаду на «вольную» сцэну, апладысментаў, кветак... Нiбы паказалi свет i зноў закрылi акенца. — Не, я так не думаю. Па-першае, яны дастаткова разумныя, нават мудрыя жанчыны. А па-другое, тая свабода, якую яны набылi, не фiзiчная, а ўнутраная — свабода, якая не iснуе без адказнасцi — застанецца з iмi. Яе нiхто ўжо не зможа адняць. Пасля спектакля гледачы доўга не разыходзiлiся. Уладзiмiр Коўчур, начальнiк Дэпартамента выканання пакаранняў выказаў вялiкую задаволенасць атрыманым вынiкам, узнагародзiў медалём Таццяну Сафроненка i граматамi начальнiка калонii, яе намеснiкаў i рэжысёра. Актрысы былi ўзнагароджаны трыма суткамi пазачарговага спаткання. i правам на атрыманне пазачарговай пасылкi. — Нам вельмi патрэбныя такiя праекты, — звярнуўся да залы Уладзiмiр Коўчур. — Да лепшага змянiўся псiхалагiчны клiмат у папраўчай установе... Дзякуючы яму павялiчваюцца шанцы на рэабiлiтацыю жанчын пасля вызвалення, на iх вяртанне да нармальнага жыцця. Давайце агульнымi намаганнямi працягнем гэтую справу. Вельмi хацелася б падобную работу распачаць ва ўстановах для непаўналетнiх. Частка дэпутатаў тут жа засталася абмеркаваць магчымасць працягу тэатральнай работы са зняволенымi. — Мы вельмi разлiчваем на дзеячаў тэатра. На сталiчных рэжысёраў,.. — сказала Таццяна Сафроненка. Калi я iшла на спектакль, то думала, што трэба будзе даведацца пра тое, за што ж гэтыя людзi трапiлi за краты. Але пасля спектакля такое жаданне знiкла. Можа таму, што яны адказалi. У глабальным сэнсе слова. А падрабязнасцi былi ўжо не так i важныя. Шкада толькi, што спектакль гэты ўбачыла вельмi абмежаваная колькасць людзей. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Днямi ў Мiнску адбыўся незвычайны спектакль. Упершыню ў гiсторыi Беларускай дзяржавы на сталiчнай сцэне iгралi актрысы, якiя з’яўляюцца асуджанымi за |
|