«Залатая пчолка» — для таленавiтых
У мiнулыя выхадныя ў Клiмавiчах прайшоў Мiжнародны фестываль дзiцячай творчасцi «Залатая пчолка». Сёлетнi фестываль — шосты па лiку, у iм бралi ўдзел дзецi з сямi краiн свету: Беларусi, Украiны, Расii, Малдовы, Латвii, Кыргызстана i Нарвегii.
Расказвае прадстаўнiк аргкамiтэта фестывалю, кiраўнiк аддзела культуры Клiмавiцкага райвыканкама Вольга ХАЎРАНКОВА: — Усё прайшло выдатна. Выступленнi на адкрытых пляцоўках у райцэнтры i ў аграгарадках прайшлi на «ўра!». Дзецi спявалi i танчылi, адбылiся конкурс малюнкаў i выстава рамёстваў. У Клiмавiчы прыехала больш за 700 гасцей. А калiсьцi ўсё пачыналася з рэгiянальнага дзiцячага свята, на якое мы запрашалi суседнiя раёны — Касцюковiцкi i Крычаўскi, а таксама Шумяцкi раён Расii. Назву доўга не абмяркоўвалi: пчолка ўпрыгожвае герб горада Клiмавiчы. Цяпер да нас завiталi дзецi з пяцi рэгiёнаў Расii — мы з iмi даўно сябруем. Прадстаўнiкi Нарвегii прыехалi першы раз: дзве дзяўчынкi выканалi арыгiнальны эстрадна-цыркавы нумар i занялi трэцяе месца ў сваёй намiнацыi. — Якiя конкурсы былi ў межах фестывалю? Хто стаў iх пераможцамi? — Дзецi спаборнiчалi ў музычна-iнструментальным, вакальным i харэаграфiчным мастацтве. «Гран-пры» ў iх адпаведна атрымалi: Уладзiслаў Калiта з Горак, Андрэй Кунец з Мазыра i народны ансамбль танца «Цэрэкуца» з Малдовы. Пераможцы павезлi з сабой прызы: DVD-прайгравальнiкi. А ўвогуле ўсе выступленнi былi высокага ўзроўню. Журы фестывалю ўзначальваў народны артыст Беларусi, вядомы кампазiтар Валерый Iваноў. I не толькi пераможцы, але i ўсе ўдзельнiкi фестывалю атрымалi ў падарунак мяккiя цацкi на памяць. — Якiя планы ў аргкамiтэта «Залатой пчолкi» на наступны фестываль? — Зрабiць яго яшчэ лепшым. Мы ўпэўнены, што нiдзе больш няма такога карыснага фестывалю для развiцця дзiцячай творчасцi. Акрамя гэтага, мы прымаем усiх дзяцей i забяспечваем iх жыллём i харчаваннем. Старшыня райвыканкама Вiталь Грышанаў так i гаворыць: «Прымем усiх!» Прыязджайце на «Залатую пчолку» наступным разам i адчуйце цудоўную атмасферу нашага фестывалю. Гутарыла Iлона IВАНОВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У мiнулыя выхадныя ў Клiмавiчах прайшоў Мiжнародны фестываль дзiцячай творчасцi «Залатая пчолка» |
|