На алергiю нам начхаць
Вольга ШАЎКО
Кожны трэцi чалавек на зямлi пакутуе на тую або iншую форму алергii. Колькасць такiх хворых з кожным дзесяцiгоддзем падвойваецца.
Спецыялiсты занепакоены з’яўленнем новых формаў алергii. Асобую трывогу iмунолагаў выклiкае алергiя ў немаўлят. Так, найбольш распаўсюджваецца алергiя ў дзяцей на каровiн бялок. Калi дзiця мае патрэбу ў штучным выкормлiваннi, гэта становiцца сур’ёзнай праблемай. У якасцi аднаго з варыянтаў спецыялiсты прапануюць соевыя прадукты харчавання. Медыкi таксама заклапочаны ростам колькасцi алергiчных рэакцый на розныя лекi i вакцыны. Адным са шляхоў вырашэння праблемы з’яўляецца выраб прэпаратаў па больш сучасных тэхналогiях, выключаючы алергенныя iнгрэдыенты, а таксама больш высокая ступень ачысткi. Аднак навуковая медыцына па сённяшнi дзень не можа растлумачыць, чаму ў адных людзей узнiкае алергiя, а ў iншых не. Вядома толькi адно: для алергiчнага вiруса няма нiякiх узроставых межаў. Чалавек можа пражыць 50—60 гадоў, не ведаючы, што гэта за хвароба, але аднойчы раптам яго пачынаюць турбаваць чханне, слезацячэнне, ацёчнасць павеек, сверб, высыпка i г.д. Прычым колькi людзей, столькi ж вiдаў алергенаў: пыл, поўсць, пральныя i мыйныя сродкi, касметыка, апельсiны, сунiцы, шакалад, сiнтэтычная бялiзна i г.д. Увогуле многiя вучоныя лiчаць, што алергiя — гэта не самастойная хвароба, а сiмптом, праява нейкага схаванага захворвання, якое на працягу многiх гадоў праходзiць знешне непрыкметна, але з дня ў дзень аслабляе iмунiтэт. I арганiзм пачынае «капрызiць», востра рэагаваць на пахi. Усе антыгiстамiнныя (процiалергенныя) прэпараты здымаюць толькi знешнiя прызнакi алергii. Так, калi iх прымаць, то вы перастанеце аблiвацца слязьмi, чухацца, але як толькi спынiце прыём, усе непрыемнасцi вернуцца. Галоўнае — вызначыць алерген i паспрабаваць з iм не кантактаваць. Але людзям, якiя церпяць ад сезоннай алергii, немагчыма засцерагчыся, напрыклад, ад пылку раслiн, ад квiтнеючых кустоў i дрэў. Некалькi гадоў таму ў гарадах пачалi актыўна высякаць таполi: пух таполi быццам выклiкаў у многiх алергiю. Аднак гэта не так: пух гэты хоць i непрыемны, бо лезе ў вочы, у рот, трапляе ў кватэру, нiякай алергii не выклiкае. У iм утрымлiваюцца эфiрныя маслы, якiя, наадварот, ачышчаюць паветра. Iншая справа, што да лёгкага i лiпучага пуху «прыклейваюцца» зярняткi пылку траў i кветак, якiя цвiтуць. I пух таполi разносiць гэтую сумесь далёка i шырока, засцерагчыся ад яе немагчыма. Таму не чакайце сезоннай алергii, а загадзя прымайце лекi, каб папярэдзiць праявы непрыемных сiмптомаў на некалькi дзён. Але трэба быць асцярожнымi: эфект многiх лекаў, якiя здымаюць алергiчную рэакцыю, падобны на эфект лёгкага алкаголю — выклiкае санлiвасць. Таму не варта, да прыкладу, садзiцца за руль, калi вы выпiлi той жа супрасцiн. Прэпараты ж новага пакалення (тыпу кларыцiну) санлiвасць не выклiкаюць i больш зручныя ў прымяненнi: замест некалькiх вам спатрэбiцца ўсяго адна таблетка. Калi алергiя не сезонная, а пастаянная — усё больш складана, бо пастаянна пiць лекi нельга. Адзiнае выйсце — прайсцi даследаванне ў спецыялiзаваных алергалагiчных цэнтрах на выяўленне алергену, каб выключыць яго са свайго жыцця. Згадзiцеся, нiчога страшнага не адбудзецца, калi вам давядзецца адмовiцца ад апельсiнаў цi чырвоных яблыкаў. Значна больш хваравiта адбываецца развiтанне з хатнiмi жывёламi. Бо вельмi часта алергiю можа выклiкаць поўсць кошак, сабак, пух папугайчыкаў. Як бы вы iх ні любiлi, але калi ад кантакту з жывёламi з’яўляецца кашаль, то пытанне трэба вырашаць кардынальна. Яшчэ, магчыма, прыйдзецца прыняць дываны, зняць цяжкiя парцьеры хоць бы са спальнi, замянiць падушкi i коўдры на гiпаалергенныя, рэгулярна праводзiць вiльготнае прыбiранне. Калi ў пакоях шмат кветак, то вы павiнны ведаць, што мокрая зямля, пыльнае лiсце i пах кветак таксама могуць стаць прычынай вашых слёз. Правядзiце рэвiзiю ў сваiм доме, i тады на алергiю вам будзе начхаць. Народная медыцына таксама прапануе свае сродкi супраць алергii. • Корань дзьмухаўцу i корань лопуху здрабнiць у ступцы i змяшаць. 2 ст. лыжкi сумесi залiць трыма шклянкамi вады i пакiнуць на ноч. Ранiцай гатаваць 10 хвiлiн, затым яшчэ 10 хвiлiн настойваць. Працадзiць i прымаць па 1/2 шклянкi перад ядой i на ноч (усяго 5 разоў на дзень). • Калi ад алергii церпiць дзiця, рэкамендуецца наступнае. У красавiку-маi, калi маладая крапiва распускае лiсце, зрэзаць зверху 20 сантыметраў разам са сцяблом. Крапiву старанна прамыць i парэзаць дробна. Скласцi яе ў лiтровы слоiк, не ўтрамбоўваючы, i залiць халоднай гатаванай вадой. Настойваць 10 гадзiн. Даваць дзiцяцi пiць настой разам з кампотамi, сокамi без нормы. Такое лячэнне ачышчае кроў ад алергенаў, спрыяльна ўплывае на кiшэчнiк i заспакойвае нервовую сiстэму. • Адзiн з самых эфектыўных сродкаў пры лячэннi алергii — мумiё. На 1 г мумiё бяруць 1 лiтр цёплай вады. Добрае мумiё iмгненна раствараецца ў вадзе без прыкмет муцi. Водныя растворы мумiё нястойкiя i хутка разбураюцца, таму лепей рыхтаваць раствор на кожны дзень з разлiку 200 мг мумiё на 100 г вады. Прымаць ранiцай адзiн раз на суткi: дзецям 1—3 гадоў па 50 мл, 4—7 гадоў — па 70 мл, 8 гадоў i старэйшым — па 100 г раствору мумiё. Калi алергiя выражаная, можна прымаць яшчэ i ўдзень, але дозу паменшыць удвая. Дзеянне мумiё звычайна вельмi моцнае: нават ацёкi слiзiстай абалонкi горла праходзяць у першыя ж днi лячэння. Але курс лячэння павiнен быць працяглым, не менш чым 20 дзён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кожны трэцi чалавек на зямлi пакутуе на тую або iншую форму алергii. Колькасць такiх хворых з кожным дзесяцiгоддзем падвойваецца |
|