ПРА ПРЫГАЖУНЬ, ЦУКЕРКI-БУЛАЧКI I... КЕФIРНУЮ ДЫЕТУ
Юлiя СЯРГЕЕВА
Карэспандэнт «Звязды» пабывала на рэпетыцыi конкурсу «Мiс Беларусь»
...Зайздросцiлi лiтаральна ўсе знаёмыя. Прычым незалежна ад сацыяльнай, узроставай i палавой прыналежнасцi. Хлопцаў iнтрыгавала сама магчымасць паглядзець на прыгажунь. Дзяўчат жа цiкавiлi больш надзённыя пытаннi, але з падрабязнасцямi i пiкантнымi акалiчнасцямi: чым харчуюцца, як рухаюцца. Апошняе было цiкава i мне асабiста (ужо якi год думала паспрабаваць уласныя сiлы), аднак пэўную насцярожанасць адчувала i з iншай прычыны: усё ж гутарыць буду з фiналiсткамi конкурсу, напэўна, так проста да iх не падыдзеш... Таму напярэдаднi сустрэчы ў Нацыянальнай школе прыгажосцi фармулявала пытаннi i вызначала моманты, на якiя патрэбна звярнуць увагу: хочацца ж распазнаць сярод дзяўчат тую адзiную, якую прызнаюць «самай-самай»! Аднак для доўгiх гутарак часу не было: з 14.00 да 21.00 планавалася iнтэнсiўная рэпетыцыя па пастаноўцы. Забягаючы наперад: прабыла з дзяўчатамi побач каля чатырох гадзiн i ... сама стамiлася. Асабiстыя перавагi з’явiлiся, аднак вылучыць самую галоўную прыгажуню не здолела: усе дзяўчаты цiкавыя, кожная на свой лад. Нават калi не надта падабаецца знешнасць — фактар, згадзiцеся, досыць суб’ектыўны, — прыцягвае свежасць i маладосць. З iншага боку, уплываюць i такiя моманты, як манера трымацца i рухацца: адны дзяўчаты «падкупляюць» грацыёзнасцю, другiя — пачуццём уласнай годнасцi, трэцiя — жаноцкасцю, чацвёртыя — увогуле абаяльнасцю. Таму лiтаральна некалькi каментарыяў пра маральны клiмат у калектыве i настрой канкурсантак (без напамiну iмёнаў i, па зразумелых прычынах, iншай канкрэтызуючай iнфармацыi). ...Дзверы адчынiла Вольга Сярожнiкава — дырэктар i мастацкi кiраўнiк Нацыянальнай школы прыгажосцi. Дзяўчаты былi ўжо на месцы. Чакаючы выкладчыка, самастойна крышталiзавалi дэфiле. Усе акуратненькiя, тоненькiя i нейкiя «маленькiя», гледзячы збоку. Калi ж падысцi блiжэй — вельмi высокiя, з адточанымi фiгурамi. Няспешна i грацыёзна крочылi на высачэзных «шпiльках» (гэта абавязкова!). ПРА БУЛАЧКI I КЕФIРНУЮ ДЫЕТУ ...Насамрэч, у пакоi такая тэмпература, што верхняе адзенне хочацца апрануць лiтаральна праз некалькi хвiлiн. Дзяўчаты, дарэчы, зусiм i не надменныя, як падавалася раней. Хутчэй, наадварот: вельмi камунiкабельныя. Хваляванне адчуваецца, але гэта i не дзiўна: сярод абраных 24 канкурсантак прафесiйных «мадэлек» — толькi трэцяя частка, астатнiя — школьнiцы выпускных класаў. — А што, зусiм-зусiм нічога ў рот не бераце? — завязваю гутарку. — Без фанатызму. А ўвогуле нас добра кормяць. На падвячорак нават булачкi даюць. — Вы, вядома, адмаўляецеся? — Канешне! Хоць, шчыра кажучы ... некаторыя — i свае, i чужыя «змятаюць». З-за гэтага нават лiшак набралi. Дарэчы, падчас перапынку я заўважыла, што некаторыя не грэбавалi i пячэннем. — А як наконт кефiрнай дыеты? (адразу пасля завяршэння адборачнага тура, калi дзяўчаты толькi паехалi ў комплекс «Юнацтва», адна з газет надрукавала iнфармацыю, быццам iх усiх пасадзiлi на кефiрную дыету, бо «надта тоўстыя». — Ю. С.). — Не, лухта ўсё гэта! Нiхто тут не сядзiць на кефiры. «ШКЛА Ў ТУФЛЯХ НЯМА», АБО НЕКАЛЬКI СЛОЎ ПРА МАРАЛЬНЫ КЛIМАТ У комплексе «Юнацтва» дзяўчаты займаюцца ў трэнажорнай зале, ходзяць у салярый. Жывуць у двухмесных пакоях. Суседак выбiралi па iнтарэсах. Зыходзячы з таго, што сярод iх нямала студэнтак, праблем са зносiнамi, на першы погляд, не павiнна было быць. Аднак, гэта не так: — Я не здолела знайсцi сабе сяброўку, — дзелiцца адна з дзяўчат. — Сама вяду досыць актыўны лад жыцця, маю разнастайныя iнтарэсы, але мяне нiхто не зацiкавiў. — А як увогуле ахарактарызуеце ўнутраную атмасферу напярэдаднi конкурсу? Ужо адчуваецца жорсткая канкурэнцыя? — Наўрад цi. Пакуль досыць роўныя ўзаемаадносiны. Шкло ў туфлi не падкладваюць. Хоць канкурэнцыю ў нас стымулююць, абвяшчаючы вынiкi галасавання на сайце: выйдзе адна з дзяўчат у лiдары — да яе адпаведнае стаўленне — асобкам, а потым «апусцiцца» ў рэйтынгу — i нiбы нiчога не было. — А як вас рыхтуе псiхолаг? — Пакуль нiяк. Прайшлi псiхалагiчныя тэсты на вызначэнне тыпу тэмпераменту, пэўных асаблiвасцяў характару. Асноўная праца — перад конкурсам: як сябе паводзiць, калi выйграеш, i наадварот. «ПАКАЖЫЦЕ МНЕ ЛЬВIЦУ!»: ПРА ХАРАСТВО ГРАЦЫЁЗНАЙ ПАХОДКI Нарэшце прыходзiць выкладчык па дэфiле Наталля — i пачынаецца работа над пастаноўкай. Спачатку — невялiкая размiнка. Як аказалася, трымаць прэс i сцёгны ў тонусе можна i стоячы на нагах: ёсць адпаведныя практыкаваннi. Потым — некалькi рухаў з арабскiх танцаў: каб лепей «адчуць» i «зразумець» уласнае цела. Пасля — непасрэдна дэфiле. Якiх ужо толькi эпiтэтаў не наслухалiся дзяўчаты ў свой адрас: «Так, зрабiце рух, як той сабака, што выйшаў з ракi! Ну, чаго вы ўсе напружаныя? Расслабцеся...». Далей — больш сакавiтыя: «Нешта вы нiбы тыя зайцы-баязлiўцы... А дзе ўпэўненасць? Будуць жа выбiраць «Мiс Беларусi»!». Напрыканцы — проста загад: «Пакажыце мне львiцу!..» Гэта аказвае станоўчы эфект... Што выйшла ў вынiку — усё мы ўбачым сёння ўвечары.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Карэспандэнт «Звязды» пабывала на рэпетыцыi конкурсу «Мiс Беларусь» |
|