Ёсць нагода
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
12 гадоў — узрост дзяцiнства iзноў
Газета для падлеткаў «Переходный возраст» адзначыла сваё 12-годдзе. I хоць дата, як кажуць, не «круглая», калектыў рэдакцыi вырашыў наладзiць сапраўднае свята. Ды не проста наладзiць, а зрабiць яго агульным i запрасiць усiх сяброў. Свята праходзiла не ў афiцыйнай абстаноўцы кабiнетаў, а ў сучасным парку забаў «Dreamland» у цэнтры Мiнска. «Нам падыходзiць, — жартоўна адзначыла намеснiк галоўнага рэдактара Таццяна Прановiч, — мы якраз увайшлi ў пераходны ўзрост». — А вы памятаяце сябе ў пераходным узросце? — цiкаўлюся. — Канешне. Але я была нетыповым падлеткам: гэткая выдатнiца, якая многа чытала i слухалася бацькоў. Хоць, здаралася, i сваволiла, i дадому вярталася позна — асаблiва калi праводзiла лета ў вёсцы ў дзядулi. Ён на ноч зачыняў вароты, i мне даводзiлася падпаўзаць пад iмi... А вось наш галоўны рэдактар Галiна Барысаўна Пшонiк ужо ў юнацтве была актыўная, любiла турызм, вандроўкi — мабыць, таму i ў газеты характар атрымаўся лёгкi. Павiншаваць любiмае выданне з днём нараджэння прыйшлi студэнты факультэта журналiстыкi, пазаштатныя аўтары, героi публiкацый, удзельнiкi фан-клубаў газеты з розных гарадоў Беларусi... Карацей, усе тыя падлеткi, каму ёсць чым заняцца, акрамя ўжывання пiва i «завiсання» днямi i начамi ў сумнiўных кампанiях. Некаторыя, як, напрыклад, выхаванцы эстраднай студыi «Канфецi» i вакальна-эстраднай студыi «Элен», рабiлi музычныя падарункi. Iншыя, як уласны карэспандэнт i па сумяшчальнiцтву старшыня фан-клуба ў Полацку Наташа Бойка, казалi цёплыя словы. Былi i масавыя «заезды» на атракцыёнах, i шматлiкiя конкурсы з прызамi. Увечары для моладзi прайшла дыскатэка.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
12 гадоў — узрост дзяцiнства iзноў |
|