Гаварлiвыя каштуюць у два разы даражэй
Сяргей КУРКАЧ
Разам з птушкамі У маiм пад’ездзе на першым паверсе ўсе жыхары трымаюць маленькiх цi зусiм маленькiх сабачак, якiх трэба абавязкова выгульваць увечары i ранiцай. Суседка па лесвiчнай пляцоўцы заўсёды гуляе ў двары са сваiм тоўстым катом. На паверх вышэй бацькi сваiм дзеткам набылi экзатычных марскiх свiнак. Сапраўдны заапарк атрымлiваецца, але мне больш даспадобы другi пад’езд дома, дзе «ўжывую» круглы год спяваюць птушкi.Дарэмна многiя лiчаць, што ўтрымлiваць птушыны «аркестр» — сумна i клопатна. Папугаi, канарэйкi i амадзiны хутка робяцца бадай самымi любiмымi членамi сям’i. Адразу заўважу, што птушкi гэтыя даволi непераборлiвыя. Трэба набыць не вельмi маленькую клетку, паставiць яе ў цёплае месца, насыпаць туды спецыяльнага цi рачнога пяску, i птушыны дом гатовы. Засталося толькi прыбiраць яго адзiн раз у два днi i не забываць паiць-кармiць крылатага сябра. Дарэчы, сёння з кармамi ў Мiнску i iншых буйных гарадах краiны праблем не iснуе: у заамагазiнах прадаюцца спецыяльныя сумесi, якiя складаюцца з насення проса, аўса, рапсу i сланечнiку. Самы звычайны корм для хвалiстых папугаяў i канарэек каштуе адносна танна, калi аб’ёмная ўпакоўка вагой 450 грамаў прапануецца за 1600 рублёў. Комплексны корм для амадзiўчыкаў, папугаяў розных вiдаў i канарэек вагой 500 грамаў каштуе ад 2,5 тысячы да 5 тысяч рублёў. Камбiнаваныя сумесi для асобных вiдаў папугаяў сярэдняга памеру, шчыглоў i чыжоў каштуюць ужо ад 3 да 7 тысяч рублёў за пачак. Галоўнае — не дазваляйце малым кармiць птушак вэнджанiнай i прысмакамi штучнага вырабу. Яшчэ спецыялiсты раяць ставiць клеткi ў такiм закутку пакояў, дзе зусiм няма скразнякоў, бо маленькiя птушачкi прастываюць хутка i ўжо не вылечваюцца. Дзюбастыя амадзiны Гэтыя прыгожыя мiнiяцюрныя iстоты пражываюць у Афрыцы, Паўднёвай Азii i Аўстралii. У Еўропу iх завезлi маракi. Птушка адразу стала моднай i за яе плацiлi такiя ж вялiкiя грошы, як за пародзiстага скакуна. Сёння амадзiны сталi самымi распаўсюджанымi дэкаратыўнымi птушкамi. Iснуе два падвiды: непасрэдна амадзiны з тоўстай масiўнай дзюбай i астрыльды, у якiх дзюбы танчэйшыя. Песня ў самцоў амадзiнаў i астральдаў нягучная, але меладычная i прыемная. Самкi ўвогуле паводзяць сябе як нямыя, таму купляюць iх значна менш. I дарэмна, бо асобныя амадзiнчыкi не толькi спяваюць, але i танцуюць: самец выцягваецца цi напыжваецца, а потым скача вакол самкi, вырабляючы ўсе магчымыя па. Хвалiсты папугай Раней хвалiстых папугаяў трымалi толькi прадстаўнiкi знацi i выключна ў клетках з серабра i слановай косцi. Птушкам нават наймалi спецыяльных настаўнiкаў, якiя кожны дзень рабiлi з iх крылатых суразмоўцаў. Сёння нават далёкi ад арнiталогii чалавек можа «разгаварыць» гэту птушку самастойна. Спецыялiсты заўважылi, што лепш за ўсё хвалiстыя папугаi ўспрымаюць жаночыя i дзiцячыя галасы. Гаварыць з iмi трэба роўным спакойным тонам, i птушка праз 7—10 месяцаў стане вашым галасавым двайнiком. У гэтым плане больш здольныя для «размовы» менавiта самцы, слоўнiкавы запас у якiх дасягае нават 100 слоў. Дарэчы, папугаi могуць выдатна парадзiраваць iншых птушак цi хатнiх жывёл. Крылаты сябар можа даваць сапраўдныя канцэрты, калi пачне спяваць, як канарэйка, мяўкаць, як суседскi кот, цi гаўкаць, як сабака. Самцы хвалiстых папугаяў у спецыялiзаваных магазiнах каштуюць 40 тысяч рублёў, а самкi ўжо ў два разы менш. Разам з тым, на рынку ў Ждановiчах гэтых птушак можна набыць значна танней, але без нiякай гарантыi. Пявучая канарэйка Сваю назву гэтыя птушкi атрымалi ад iспанскiх i партугальскiх мараплаўцаў, якiя ўбачылi i пачулi яе на Канарскiх астравах. У ХV стагоддзi канарэйкi пачалi хутка распаўсюджвацца па Еўропе. Iх пачалi трымаць нават у шахтах. Высветлiлася, што канарэйка даволi чула ўлоўлiвае пах газу, таму, калi ёй рабiлася дрэнна, людзi адразу сыходзiлi з шахты. Сёння канарэек набываюць выключна ў якасцi выдатных спевакоў. Спецыялiсты падлiчылi, што ў песнi канарэйкi, а дакладней, кенара, бо спяваюць менавiта самцы, iснуе да 15 вiдаў трэляў. Аднак не ўсе кенары адразу нараджаюцца спевакамi. Многiх гэтаму трэба вучыць. Маладую птушку раяць падсаджваць да сапраўднай спявачкi або ўключаць фанаграмы з канарэечнымi спевамi. Самка канарэйкi каштуе ў магазiне «Прырода» 20 тысяч рублёў, а яе галасiсты кенар — у два разы даражэй. Нарэшце, у спецыялiзаваных магазiнах магчыма набыць не вельмi вялiкую, стандартную клетку за 25 тысяч рублёў. Тут прапануюць нават маленькiя сiнiчнiкi за 10,5 тысячы i шпакоўнi за 6—10 тысяч рублёў, якiя можна ставiць у клетку. Таксама прадаецца звычайная драўляная шпакоўня за 17 880 рублёў. У продажы нават iснуюць прасторныя вулiчныя кармушкi з фанеры за 9—11 тысяч рублёў. Звычайныя для нашай мясцовасцi птушкi каштуюць у заамагазiнах нават даражэй за зкзотыку. Так, чыж каштуе 44 600 рублёў, а белагруды шчыгол — ажно 66 910. Папугай памерам з голуба вiду карэла, якi пачынае нядрэнна «балбатаць» пасля года навучання, каштуе 96 640 рублёў. А вось шыкоўных горных папугаяў памерам з пеўня можна адшукаць толькi на рынках у арнiтолагаў-аматараў за 160—170 долараў. Але жывуць такiя птушкi больш за 100 гадоў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У маiм пад’ездзе на першым паверсе ўсе жыхары трымаюць маленькiх цi зусiм маленькiх сабачак, якiх трэба абавязкова выгульваць увечары i ранiцай |
|