Валютны «голад» беларусам не пагражае...
Iгар ШЧУЧЭНКА
Па чутках i на справе У абменных пунктах банкаў сёння можна набыць i долары, i еўраЗ надыходам сезона адпачынкаў у краiне назiраецца больш актыўны попыт насельнiцтва на свабодна канверсаваную валюту. Яно i не дзiўна: так было заўсёды, i традыцыйна чэрвень-верасень для «абменнiкаў» «гарачы» перыяд. Попытам карыстаецца i долар ЗША, i еўра, расiйскi рубель таксама людзi купляюць. Бадай, адзiнае адрозненне, якое можа сёлета назiрацца, — большы, чым звычайна, попыт на еўра. Еўра, канешне, на фоне нестабiльнага становiшча долара, якi хiстаецца ўверх-унiз, зараз выглядае куды перспектыўней. Магчыма, гэта, а таксама значнае адрозненне памiж абменнымi курсамi долара i еўра ў нашых банках дае падставу для размоў, што часам можна пачуць, аб дэфiцыце еўрапейскай валюты ў абменных пунктах, якi зараз iснуе. Зрэшты, абапiраючыся на ўласны вопыт, зазначу, што пакуль нiчога падобнага не заўважаў. Усё, як звычайна: доўгiх чэргаў ля «абменнiкаў» няма, а купiць еўра можна калi не ў адным, то ўжо ў iншым банку дакладна. Напрыклад, у абменным пункце № 29 «Абсалютбанка», дзе ўчора курс аднаго еўра складаў 2800 рублёў (USD, мiж iншым, прадаваўся за 1150 рублёў за адзiн долар), ранiцай касiр паведамiла, што купiць, напрыклад, 100, 200 еўра тут не праблема. Праўда, прыйдзецца пачакаць: людзi звычайна здаюць па 10, 20, 50 еўра — пакуль сума набяжыць... Дарэчы, што датычыцца расчараванняў у долары i так званай перарыентацыi пакупнiкоў на еўра. Так, сёлета на наяўным рынку еўра ўдалося значна ўзвысiцца над доларам. Падзеi на сусветных рынках развiвалiся не на карысць апошняга, i таму курсавая рознiца памiж доларам i еўра iстотна павялiчылася. А летась, узгадаем, назiралася зусiм iншая тэндэнцыя, калi ўладальнiкi еўра, якiя набылi гэту валюту ў «абменнiках» за беларускiя рублi, панеслi страты. Курс нашага рубля тады ўмацаваўся больш як на 10 працэнтаў. Такiм чынам, людзi, якiя летась набылi еўра менавiта для сваiх «матрацных» зберажэнняў, паспяшалiся i згубiлi. Наогул, добрая i бясплатная парада ад нашых экспертаў тым, хто робiць валютныя накапленi i захоўвае iх дома: спрабаваць весцi гульню на курсавых рознiцах — даволi безнадзейны занятак. Фактараў, якiя ўплываюць на хiстаннi валют шмат, а ўлiчваючы ў асноўным невялiкiя нашы зберажэннi, не трэба асаблiва ламаць сабе галаву — долар цi еўра. Паверце, зараз любая дробязь у стане выклiкаць падзенне таго ж USD, цi, наадварот, рост. Рэцэпт просты — падзялiце накапленнi на некалькi валют. Спаць будзе саладзей... Аднак вернемся да сённяшняй сiтуацыi на валютным рынку краiны. Яна, як пракаментаваў «Звяздзе» прэс-сакратар Нацыянальнага банка Беларусi Мiхаiл ЖУРАВОВIЧ, стабiльная i знаходзiцца поўнасцю пад кантролем галоўнага банка. Што ж датычыцца пэўнага недахопу еўра, якi можа назiрацца ў некаторых абменных пунктах, то не трэба гэта спiсваць на ажыятажны попыт насельнiцтва на еўрапейскiя грошы. Справа ў тым, што еўра адносна новая валюта, i калi ён уводзiўся, беларускiя банкi закупiлi пэўную суму, якая зараз i «ходзiць» з рук у рукi ў рэспублiцы. Гэта значыць, беларускi рынак не настолькi насычаны еўра ў параўнаннi з доларам цi расiйскiм рублём. Нацыянальны банк, дарэчы, рэкамендаваў банкам закупiць яшчэ еўра за мяжой, каб папоўнiць iмi айчынны рынак, аднак улiчваючы той факт, што за гэта банкiрам трэба плацiць камiсiйныя, яны ўстрымлiваюцца ад падобнай аперацыi. Таму банкi ў асноўным працуюць з еўра па прынцыпу — купiлi ў насельнiцтва i прадалi яму ж. Гаворачы ж пра долю еўра i долара, што знаходзяцца зараз у наяўным абарачэннi ў рэспублiцы, Мiхаiл Журавовiч падкрэслiў, што каля 82 працэнтаў — гэта амерыканская валюта, каля 8,2 працэнта — еўра. У беларусаў, у адрозненне ад даўно мiнулых часоў, ужо няма нiякiх праблем з набыццём валюты, заўважаюць у Нацбанку. Беларускiя банкi маюць дастатковыя валютныя рэсурсы, i iм па сiлах задаволiць «апетыт» людзей. А вось з апошнiм, калi меркаваць па даных галоўнага банка, якраз усё ў парадку. У студзенi—красавiку насельнiцтва прадало банкам у эквiваленце 911 мiльёнаў долараў, а набыло ў абменных пунктах i валютных касах банкаў каля 1 мiльярда 156 мiльёнаў, гэта значыць на 245 мiльёнаў больш, чым было прададзена. У маi, паводле папярэднiх даных, адмоўнае сальда ў гандлi наяўнай валютай з насельнiцтвам склала каля 40 мiльёнаў долараў ЗША. Спецыялiсты галоўнага банка тлумачаць высокi попыт беларусаў на замежную валюту апярэджваючым ростам даходаў у параўнаннi з аб’ёмамi вытворчасцi спажывецкiх тавараў. Да таго ж многiя грамадзяне папаўняюць купленай СКВ свае зберажэннi, як так званыя «матрацныя», так i дэпазiты ў банках. Акрамя гэтага, паводле ацэнак банкiраў, больш як палова куплi буйных сум СКВ у «абменнiках» робiцца прадпрымальнiкамi, якiя выкарыстоўваюць потым валюту для закупкi iмпартных спажывецкiх тавараў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У абменных пунктах банкаў сёння можна набыць i долары, i еўра |
|