Кабельнае тэлебачанне будзе развiвацца ва ўсiх раёнах Мiншчыны
Дзмiтрый АЛЬФЕР
Да 2010 года ўсе раённыя газеты Мiнскай вобласцi будуць выходзiць у поўным колеры. Раённыя сродкi масавай iнфармацыi ў апошнiя гады значна палепшылi якасць, павялiчылi свой аб’ём. Яшчэ адна станоўчая тэндэнцыя — з’яўленне мясцовага кабельнага тэлебачання.
— Пры дапамозе Мiнскага абласнога выканаўчага камiтэта вырашана праблема матэрыяльнага забеспячэння. Усе рэдакцыi газет маюць уласны настольны выдавецкi цэнтр, амаль у кожнага журналiста на рабочым стале з’явiўся камп’ютар, лiчбавая фотакамера. Практычна, супрацоўнiкi раённых газет на Мiншчыне маюць такiя ж неабходныя ўмовы для працы, як i iх калегi з рэспублiканскiх i абласных выданняў, — зазначае начальнiк упраўлення iдэалогii Мiнскага аблвыканкама Таццяна ДЗЕДУХ. — Магу падкрэслiць, што жыхары вобласцi задаволены працай сваiх мясцовых сродкаў масавай iнфармацыi. У наступныя гады вялiкая ўвага будзе ўдзяляцца кабельнаму тэлебачанню. Як сведчыць практыка, тэлевiзiйныя праграмы мясцовых студый карыстаюцца вялiкай папулярнасцю. Яшчэ напрыканцы мiнулага года старшыня Мiнаблвыканкама Мiкалай Дамашкевiч прыняў рашэнне аб развiццi сеткi рэгiянальнага тэлебачання. Той факт, што на мясцовыя выданнi падпiсваюцца з той жа ахвотай, як i на «буйныя» газеты, сведчыць аб прафесiяналiзме журналiстаў-раёншчыкаў. Кожны год выпускнiкi факультэта журналiстыкi БДУ пачынаюць працаваць у раённым друку. Мы спыталi ў дэкана журфака Сяргея ДУБОВIКА аб яго асабiстым поглядзе на развiццё мясцовага друку: — За апошнiя пяць гадоў абрыс «раёнкi» змянiўся ў бок значнага паляпшэння. I ў большасцi сваёй, гэта заслуга Мiнскага аблвыканкама. Сёння няма рэдакцыi, якая б не мела неабходных умоў для працы. Агульны тыраж усiх раёнак амаль не саступае вядучым выданням краiны. Людзi, якiя жывуць у вёсках i невялiкiх гарадах, вельмi паважаюць «сваю», мясцовую газету, i з ахвотай яе чытаюць. Таму зараз раёнкi на ўздыме, i гэта вельмi добра. Са свайго боку выкладчыкi факультэта журналiстыкi дапамагаюць развiццю. У нас дзейнiчае праграма перападрыхтоўкi журналiстаў з раёнаў. Распачалi дзейнасць i семiнары — разам з выкладчыкамi, старшынямi кафедраў, прадстаўнiкамi ад Мiнiстэрства iнфармацыi i Мiнскага аблвыканкама мы ўжо наведалi Маладзечна, дзе сабралi рэдактараў усiх раённых газет вобласцi. Увогуле, разлiчваем ахапiць такiмi мерапрыемствамi амаль усе вобласцi. Расказвае рэдактар «Маладзечанскай газеты» Аляксандр ХАЗЯНIН: — У нас нават з’явiлiся журналiсцкiя дынастыi. I гэты факт вельмi радасны. Пры рэдакцыi газеты, а таксама ў некалькiх школах горада ёсць студыi маладога журналiста, творчыя майстэрнi. У нашым выданнi працавалi журналiсты, якiя на сёння сталi вядомымi ў краiне. I зараз нашых супрацоўнiкаў запрашаюць у рэспублiканскiя газеты, але яны застаюцца ў родным Маладзечне, таму што па-сапраўднаму любяць яго. Напэўна, адзiная праблема, якая засталася пакуль не да канца вырашанай, звязана з самаакупнасцю мясцовых сродкаў масавай iнфармацыi. На сёння ў вобласцi толькi «Маладзечанская газета» на сто працэнтаў прыбытковая.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да 2010 года ўсе раённыя газеты Мiнскай вобласцi будуць выходзiць у поўным колеры. Раённыя сродкi масавай iнфармацыi ў апошнiя гады значна палепшылi я
|
|