Купляйце беларускае! I насiце... iтальянскае?
Лiна МАЛIНIНА
Тэма з праблемай Сезоны прыходзяць i сыходзяць, а прываблiваць публiку чымсьцi трэба. Вось таму сталiчныя клубы i асвойваюць новы фармат вечарынак — модныя. I называюць iх як трэба, па-моднаму: Fashion Party, i дызайнераў запрашаюць модных — сваiх, беларускiх. Ну i што, што ў нас няма Юдашкiна цi Дольчэ i Габана — затое ў нас ёсць самы модны дызайнер апошняй пяцiгодкi Iван Айплатаў (на фота). Менавiта яго i зрабiў «цвiком» паказу калекцый вясна—лета-2006 клуб «BRONX». На папярэдняй прэс-канферэнцыi беларуская Fashion Party (трэцяя па лiку) параўноўвалася з Тыднямi моды ў Маскве i Парыжы, паказамi ў Мiлане i Берлiнскiм «Вялiкiм подыумам». Зрэшты, трэба ж з чагосьцi пачынаць, каб павярнуць беларускiх моднiкаў i беларускую моду тварамi адзiн да аднаго, а не на Захад...ШТО МЕРКАВАЛАСЯ... «На ранейшых падобных вечарынках мы старалiся прывучыць людзей да думкi, што ў Беларусi ёсць вядомыя дызайнеры i ёсць фэшн-iндустрыя. Зараз наша задача — паказаць эпатажныя, стыльныя, модныя i нязмушаныя калекцыi, кожную рэч з якiх можна будзе апрануць на сябе», — тлумачыў крэатыўны дырэктар клуба Кiрыл Чэрцiн. А вось вядомы брэнд-кансультант Алена Папова з задачай блiцкрыгу «ўсё i адразу» не пагадзiлася. «Пакуль што гаварыць пра беларускую фэшн-iндустрыю не прадстаўляецца магчымым. Ёсць дызайнеры, цiкавыя з пункту гледжання манеры выканання, свежасцi iдэй i гэтак далей; аднак iндустрыя — гэта прамысловасць, гэта вялiкая машына для заробку грошай. I да гэтага нам трэба яшчэ прыйсцi. А пакуль што я бязмежна рада, што ў нас ёсць монстр моды i творчы генiй Ваня Айплатаў, ёсць маладыя i цiкавыя Людмiла Лабкова, Вольга Самошчанка, сёстры Парфяновiч...», — падзялiлася прафесiйнымi назiраннямi Алена Папова. Сам «монстр моды» паблажлiва заўважыў, што, па шчырасцi, для дызайнера ўдзел у калектыўных клубных паказах — гэта дыскрэдытацыя маркi, але ў клубе «BRONX» ёсць добры подыум i iншыя ўмовы, таму з iмi супрацоўнiчаць цiкава. Малады дызайнер Людмiла Лабкова, якая прадстаўляла сваю першую сур’ёзную працу — калекцыю «прэт-а-партэ» з фестывалю «Млын моды», — была самай сцiплай з мяркуемых удзельнiкаў. ШТО АТРЫМАЛАСЯ... Да таго, што нiводнае з начных мерапрыемстваў у Мiнску не пачынаецца ў запланаваны час, усе ў прынцыпе прызвычаiлiся. А вось да iмёнаў беларускiх дызайнераў, мяркуючы па ўсiм, прыслухалiся яшчэ мала — таму кожны ўдалы выхад мадэляў наведвальнiкi горача вiталi i абмяркоўвалi. Праўда, паказ доўжыўся ажно тры гадзiны, i да канца вытрывалi не ўсе... Затое тыя, хто застаўся, убачылi не толькi адзенне з багемных калекцый сусветных брэндаў Жана-Поля Гацье, Антонiо Мараса, Гаэтана Навара i iншых, але таксама вячэрнi шык жаночай калекцыi Людмiлы Лабковай — ад футра да карункаў, i забаўны «мiкс» калекцый 2004—2006 гадоў ад Iвана Айплатава: «Марскiя ваўкi i авечкi», «Deribas de luxe» i скандальнай «Das ist fantastisch!». Айплатаў, дарэчы, зрабiў сюрпрыз i выставiў яшчэ некалькi рэчаў са сваёй новай «прыкалiсцкай» калекцыi, зробленай па заказу тэлеклуба гумарыстаў «Comedy Club» (фота 1). Самыя цярплiвыя моднiкi дачакалiся аўкцыёну рэчаў з калекцый Айплатава. I вось ён здзiвiў. Ну, добра, на хвалi «Еўрабачання» больш як за 200 долараў усё ж быў набыты дзявочы камплекцiк маечка-шорты — копiя таго, у якiм Палiна Смолава здымалася ў клiпе «Mum» (фота 2). Удалося прадаць яшчэ пару маечак. Але каб «джынсавы кароль» Айплатаў не прадаў па смешнай цане пару фiрменных штаноў? Загадка, не iначай. Дызайнер, мiж iншым, нам па сакрэту казаў, што гатовы i з сябе майку зняць для аўкцыёну — але гэтага не спатрэбiлася. ...I ШТО ДАЛЕЙ? Прыгадваю дыялог двух персанажаў з вядомай бардаўскай песнi: «Як вы мяркуеце, гэта ўсё будзе насiцца? — Я так мяркую, што ўсё гэта варта пашыць...». Такое ўражанне, што беларускiя дызайнеры таксама робяць свае калекцыi толькi для таго, каб сябе ярка i заўважна паказаць. I зусiм не для таго, каб гэта нехта насiў. Скажам, дзяўчатам апранац-ца «пад Айплатава» апошнiм часам рызыкоўна: Яўгенiю Паўлiну блыталi з Палiнай Смолавай, калi першая знялася ў дакладна такой жа сукенцы, якую вельмi любiць другая... А Аляксея Хлястова i самога Iвана Айплатава ў аднолькавых маечках «акула шоу-бiзнэсу» пераблытаць не дазваляе толькi камплекцыя. Увогуле, маё глыбокае перакананне, што Iван Айплатаў шые свае дзявочыя мадэлi для субтыльных кiтаянак (усе рэчы выглядаюць максiмум на 42-i памер, а сукенкi канчаюцца там, дзе ў звычайных людзей ногi губляюць сваё гордае iмя), а мужчынскiя перароблiвае са старых запасаў нераспрададзеных савецкiх фуфаек. Але гэта ўжо чыстай вады суб’ектыў. Сумны аб’ектыў у тым, што модныя вечарынкi праходзяць, адзiнкавыя рэчы прадаюцца, але не носяць беларусы масава вопратку ад беларускiх жа дызайнераў! Палiна Смолава i iншыя персанажы шоу-бiзнэсу ў разлiк не iдуць: за тое, што яны апранаюць для выхаду на сцэну, дырэктар школы вучня з заняткаў выдалiць. Атрымлiваецца, дызайнеры чакаюць, калi iх калекцыi будуць распрадавацца на радзiме, а суайчыннiкi чакаюць, калi ж нам прапануюць штосьцi даступнае па цане (не можа Гальяна i Айплатаў каштаваць аднолькава!) i такое, што сапраўды зможа насiць не толькi манекен у вiтрыне. Замкнёнае кола... Колы, дарэчы, зараз у модзе — у выглядзе буйнога гароху.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сезоны прыходзяць i сыходзяць, а прываблiваць публiку чымсьцi трэба |
|