Час «гуляць». I... гандляваць
Сяргей ГРЫБ
Купiць як мага танней, i адначасова — прадаць па максiмальна высокай цане. Мiж тым, не сакрэт: нягледзячы на такiя, здавалася б, процiлеглыя мэты, сумясцiць iх цалкам рэальна. Дастаткова ўзгадаць цi не галоўны закон рынку — попыту i прапаноў. А таксама... вызначыць адпаведную «гандлёвую пляцоўку». Менавiта гэта i сталася мэтай стварэння Беларускай унiверсальнай таварнай бiржы. Рашэнне аб яе заснаваннi было прынята ўрадам краiны напрыканцы 2003 года. А роўна год таму тут адбылiся першыя таргi.
Гучныя абвесткi маклераў, мiтусня брокераў, ажыятаж — усё гэта хутчэй «малюнкi» з кiнафiльмаў. Першае, што адзначаеш непасрэдна ў зале бiржавых таргоў — яе строгае афармленне. Няма нiчога «лiшняга» — сталы i камп’ютары. I, адпаведна, уся ўвага — выключна да манiтораў. Просты i сам механiзм здзелак. Гандляры i пакупнiкi робяць загадзя заяўкi. А потым нацiскам на клавiшы «шукаюць» адзiн другога. Праўда, «стартавыя» прапановы ў дадзеным выпадку — зусiм не канчатковыя. Аб’ём партыi тавару, парадак пастаўкi, у рэшце рэшт, цэны вызначаюцца па ўзаемнай дамоўленасцi ў рэжыме «on-line». Гандаль не толькi магчымы — тут ён вiтаецца. — Удзел у таргах могуць прыняць усе суб’екты гаспадарання цi прадпрымальнiкi па сутнасцi пры адной умове — спецыяльнай акрэдытацыi, — тлумачыць начальнiк аддзела акрэдытацыi i допуску да таргоў Беларускай унiверсальнай таварнай бiржы Аляксандр Камароў. — I, да прыкладу, каб атрымаць яе, рэзiдэнтам нашай краiны неабходна напiсаць заяву, запоўнiць анкету, прадаставiць копii пасведчання аб дзяржаўнай рэгiстрацыi, рашэння аб прызначэннi кiраўнiка, пасведчання кiраўнiка, лiцэнзii, бухгалтарскага балансу, узоры подпiсаў i пячатак. Шмат у чым падобныя патрабаваннi i да нерэзiдэнтаў. Акрэдытацыя каштуе грошай. Зараз «кошт» брокерскага месца на працягу месяца пры гандлi лесам- цi металапрадукцыяй складае «на выбар» 250 тыс. беларускiх рублёў, 140 еўра, 165 долараў цi 4800 расiйскiх рублёў. А пры гандлi сельгаспрадукцыяй — 60 тыс. беларускiх рублёў, 1200 рублёў расiйскiх, 35 еўра цi 40 долараў. Плюс да таго давядзецца заплацiць пэўны працэнт ад сумы здзелкi — у якасцi збору за арганiзацыю i правядзення таргоў. Разам з тым нельга не заўважыць, што гэтым выдаткi i абмяжуюцца. Прынамсi, «бiржавы» варыянт дазваляе эканомiць на аб’явах аб правядзеннi тэндараў, утрыманнi шматлiкага штату менеджараў, на тых жа камандзiроўках i тэлефонных размовах. У вынiку — «выйгрыш» атрымлiваецца адчувальным. — Сама акрэдытацыя афармляецца за максiмальна сцiслы тэрмiн, звычайна ён складае 5—6 дзён, — працягвае Аляксандр Камароў. — Менавiта столькi часу трэба для таго, каб праверыць фiнансавую забяспечанасць клiентаў. Кожная здзелка заканчваецца заключэннем дагавора. I гарантыi яго выканання — справа не апошняя. Да слова, варта заўважыць, што парушэнне кантрактаў можа прывесцi да штрафных санкцый. А таксама — да адхiлення ад далейшага ўдзелу ў таргах да вырашэння ўсiх спрэчак. I ўсё ж дадатковыя гарантыi — перавага не адзiная. Не меншы «плюс» бiржы — магчымасць «гульнi» з цэнамi. Прычым як у большы, так i ў меншы бок. — Адным з напрамкаў нашай работы з’яўляецца вытворчасць папярэдне iзаляваных труб, — распавядае начальнiк бюро маркетынгу ганцавiцкага прадпрыемства «Модуль» Таццяна Федарака. — Таму пытанне набыцця металiчнай сыравiны застаецца актуальным заўсёды. Прычым, калi раней мы працавалi з 1—2 пастаўшчыкамi напрамую, то сёлета «прыйшлi» на бiржу. I не пашкадавалi. Бо, па-першае, тут больш шырокi выбар i больш аператыўныя пастаўкi. А, па-другое, ёсць магчымасць дыктаваць свае ўмовы па цэнах. I такiм чынам — знiжаць сабекошт канчатковай прадукцыi. Тым часам гаворка аб цэнах — асобная. Адной з тэндэнцый апошняга часу сталася iх знiжэнне па металапрадукцыi. I, з iншага боку, рост — па лесаматэрыялах на ўнутраным рынку. Што да сельгаспрадукцыi, то тут сiтуацыя сталася неадназначнай. Мiнiмальная «планка», якая была вызначана для таго ж казеiну, аказалася вышэй, чым у суседнiх Расii i ва Украiне. На пэўны час таргi фактычна спынiлiся. I аднавiлiся толькi пасля скасавання «абмежавальнага» рашэння. Пры гэтым бiржавы кошт казеiну быў адрэгуляваны хутка — з улiкам кан’юнктуры рынку. — У нас не «дыктуецца», а проста адлюстроўваецца рэальны ўзровень цэн, — зазначае старшыня праўлення Беларускай унiверсальнай таварнай бiржы Аркадзь Салiкаў. — Прычым па вельмi празрыстай схеме, якая, у адрозненне ад прамых кантрактаў, не дапускае адвольных завышэнняў цi занiжэнняў. Добра прасочваюцца i самi памеры здзелак. А ў сваю чаргу гэта — перашкода супраць «шэрага» гандлю. Металапрадукцыя, лесапрадукцыя i сельгаспрадукцыя — такiя напрамкi таргоў на Беларускай унiверсальнай таварнай бiржы зараз. Аднак гэты пералiк можа быць пашыраны ўжо ў блiжэйшы час. I ў прыватнасцi, не выключана, што i надалей яго дапоўняць i iншыя даволi «цiкавыя» пазiцыi. — Сапраўды, нам яшчэ ёсць над чым працаваць. Скажам, вельмi хацелася б стварыць гарантыйныя фонды, наладзiць цесныя кантакты са страхавымi кампанiямi, мець уласныя склады з правядзеннем тут таварнай экспертызы, — заўважае Аркадзь Салiкаў. — Аднак не менш важная задача на сёння — удасканальванне бiржавых тэхналогiй. Лiтаральна днямi мы прапанавалi такi вiд паслуг, як таргi ў аддаленым доступе, што дазволiць заключаць здзелкi праз Iнтэрнэт непасрэдна са сваiх офiсаў. Наступным жа крокам стане наблiжэнне бiржавых пляцовак да гандляроў i пакупнiкоў у рэгiёнах. Так, першы фiлiял Беларускай унiверсальнай таварнай бiржы ўжо фактычна адчынены ў Брэсце. На чарзе — Гомель.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Купiць як мага танней, i адначасова — прадаць па максiмальна высокай цане. Мiж тым, не сакрэт: нягледзячы на такiя, здавалася б, процiлеглыя мэты, сум |
|