Алергiя на камфорт
Дзесьцi да 20 працэнтаў насельнiцтва планеты пакутуе ад алергiчных захворванняў. Ад стагоддзя да стагоддзя, ад дзесяцiгоддзя да дзесяцiгоддзя колькасць алергiкаў няўхiльна расце. Чым гэта абумоўлена? Вiдавочна, жаданнем чалавека жыць лепш. Цывiлiзацыя патрабуе ахвяр: за лепшае трэба плацiць. У тым лiку за пражыванне ў буйным горадзе, за сучасную харчовую прамысловасць i г.д. А новазеландцам, напрыклад, — яшчэ i за дзiвосную раслiннасць. Новая Зеландыя — краiна-лiдар па колькасцi пакутнiкаў ад алергii на пылок. Паводле адных прагнозаў, частата алергiчных хвароб павiнна стабiлiзавацца, паводле другiх, — будзе працягвацца iх рост. На думку доктара медыцынскiх навук, загадчыка кафедры полiклiнiчнай педыятрыi Беларускай медыцынскай акадэмii паслядыпломнай адукацыi Уладзiмiра ЖАРНАСЕКА, паколькi дасягненнi цывiлiзацыi актыўна ўкараняюцца ў жыццё беларусаў, наўрад цi можна рабiць аптымiстычныя прагнозы.
— Алергiчныя захворваннi можна падзялiць на вострыя алергiчныя рэакцыi i хранiчныя алергiчныя захворваннi. Вострыя станы ўзнiкаюць найчасцей у чалавека са спадчыннай схiльнасцю да алергii i праяўляюцца сыпам, крапiўнiцай, ацёкам Квiнке або цяжкай агульнай рэакцыяй у выглядзе анафiлактычнага шоку, што здараецца, на шчасце, вельмi рэдка. Хранiчныя захворваннi — гэта бранхiяльная астма, алергiчны рынiт, дэрматыт i некаторыя iншыя. Ад алергiчных захворванняў могуць пацярпець скура, дыхальныя шляхi, страўнiкава-кiшачны тракт. Па прычыннаму фактару алергiя дзелiцца на харчовую, пылковую, бытавую, калi алергiю правакуе хатнi пыл i мiкракляшчы, грыбковую — пад уздзеяннем спораў мiкрагрыбоў, iнсектную — ад насякомых i лекавую. Пры розных захворваннях i ў розным узросце больш значнымi становяцца тыя цi iншыя алергены. Скажам, пры бранхiяльнай астме вядучымi з’яўляюцца бытавыя алергены, а пры алергiчным насмарку — бытавыя i пылковыя. У дзяцей малодшага ўзросту, як правiла, назiраюцца харчовыя алергii, а з узростам могуць заявiць пра сябе i бытавыя, грыбковыя алергены. У дзяцей малодшага ўзросту часцей здараецца атапiчны дэрматыт, у старэйшых i дарослых — алергiя дыхальных шляхоў. — Мяркую, прычыны ўзнiкнення алергiчных станаў i захворванняў ужо добра вывучаны. Якая з iх на першым месцы? — Алергiчныя праблемы абумоўлены шэрагам прычын. Аднак асобна варта сказаць пра даказаны факт спадчыннай схiльнасцi. Вынайдзена звыш 20 генаў, якiя за яе адказваюць. Наяўнасць гена, зразумела, не абавязкова прыводзiць да захворвання. Аднак рэалiзавацца ген можа пад уздзеяннем неспрыяльных фактараў знешняга асяроддзя. З другога боку, i адсутнасць гена пакiдае 10-працэнтную рызыку набыцця захворвання. Калi ж хварэе адзiн з бацькоў, рызыка складае 30—35 працэнтаў, абодва — да 60—80. Аднак што ж здольна «запусцiць» спадчынную схiльнасць? Фактарамi рызыкi для будучага дзiцяцi можа быць злоўжыванне цяжарнай мацi высокаалергеннымi прадуктамi — малаком каровы, яйкамi, рыбай, арэхамi цi празмернае ўжыванне лекавых сродкаў. Для нованароджанага фактарамi рызыкi з’яўляюцца ранняе, да трох месяцаў жыцця, штучнае кармленне, ранняе ўвядзенне ў харчаванне высокаалергенных прадуктаў, частыя прастудныя захворваннi. Акрамя таго, сваю адмоўную ролю могуць сыграць пасiўнае курэнне, забруджанае паветра, сырое памяшканне. Сусветная арганiзацыя аховы здароўя рэкамендуе жанчыне, якая кормiць дзiця групы рызыкi па алергiчных захворваннях, цалкам выключыць з рацыёну высокаалергенныя прадукты i абавязкова ўзгаднiць з урачом рацыён харчавання, каб пазбегнуць дэфiцыту кальцыю i бялку. Рэкамендавана, як вядома, абавязковае грудное кармленне на працягу першых шасцi месяцаў жыцця. Калi ж груднога малака не хапае, выкарыстоўваюцца спецыяльныя прафiлактычныя сумесi. Айчынны гандаль прапануе толькi адну падобную сумесь — «НАН гiпаалергенны». — Падчас цяжарнасцi, напэўна, лепш устрымацца ад спроб новых прадуктаў? — Сапраўды, падчас цяжарнасцi i ў перыяд лактацыi неабходна пазбягаць ужывання новых алергенных прадуктаў. Iх шмат, таму наогул i той жа шакалад, цытрусавыя, некаторыя ягады, скажам, клубнiцы, сунiцы, варта есцi пакрысе i не штодня. — Некаторым цяжарным, тым не менш, гэта не ўдаецца. Да таго ж у народзе кажуць «калi вельмi хочацца, значыць, можна, i столькi, колькi хочацца»... — Пераяданне любога прадукту можа выклiкаць рэакцыю павышанай адчувальнасцi, у аснове якой — не iмунны, як у выпадку з алергiяй, а дозазалежны механiзм. Гэта значыць, нiводны прадукт не можа ўжывацца ў любой колькасцi без наступстваў для арганiзма. У тым лiку з-за шырокага выкарыстання ў харчовай iндустрыi стабiлiзатараў, кансервантаў, фарбавальнiкаў. Дарэчы, у перыяд цяжарнасцi iдэальна было б абмяжоўваць такiя прадукты — iмкнуцца да натуральнасцi. Канешне, усе харчовыя стабiлiзатары прайшлi гiгiенiчную рэгiстрацыю, а значыць, у малых дозах яны бяспечныя, аднак у адрозненне ад замежнiкаў мы не маем магчымасцi аддаць перавагу наогул «неапрацаванаму» замежнаму фрукту. — Цi заўсёды ўдаецца ўстанавiць прычыну алергii? — Як ва ўсiм свеце, не заўсёды. Таму што алергiя можа быць выклiкана рознымi тыпамi рэакцый iмуннай сiстэмы. А iх чатыры: прасцей за ўсё выявiць першы — з дапамогай добравядомых насечак. Больш складаныя метады дыягностыкi — гэта даследаваннi крывi, якiя ў шырокай клiнiчнай практыцы амаль не даступныя. — Калi з’явiўся першы алергiк? — Колькi жыве чалавецтва, столькi iснуюць i алергiчныя хваробы. Iншая справа, рост захворваемасцi. Чым вышэй камфортнасць жыцця, тым больш алергiчных хвароб. Але ёсць i гiгiенiчная тэорыя развiцця захворваемасцi. Раней людзi часцей пакутавалi ад iнфекцый, iмунная сiстэма была скiравана на барацьбу з iмi. Цяпер iнфекцый менш, iмунная сiстэма павярнулася ў бок алергiчных рэакцый. — А наколькi эфектыўным можна назваць сучаснае лячэнне? — Першае, што патрэбна — нiзкаалергенная дыета i гiпаалергенны быт. Мыць пасцельную бялiзну рэкамендуецца штотыдзень у гарачай вадзе, з прасаваннем цi прасушкай на сонцы. Дываны i дывановыя пакрыццi — убраць. Аддаць перавагу мяккай мэблi з вiнiлавым цi скураным пакрыццём. Набыць пыласос з НЕРА-фiльтрам. Варта пазбягаць тытунёвага дыму. Пажадана не трымаць дома хатнiх жывёл цi хоць бы не дапускаць iх у спальню, мыць iх спецыяльным шампунем. Часта прыбiраць дом, выкарыстоўваць iнсектыцыды. Падчас палiнацыi раслiн пры пылковай алергii — закрываць вокны i дзверы, карыстацца кандыцыянерам. Не абмяжоўваць фiзiчную актыўнасць. Абавязкова патрэбна праводзiць медыкаментознае лячэнне. У нас ёсць зараз увесь арсенал медыкаментаў, якiя выкарыстоўваюцца ў свеце. Напрыклад, антыгiстамiнныя прэпараты — для лячэння рынiту i скуры. Пры астме паказаны мясцовыя гарманальныя прэпараты ў выглядзе аэразоляў, пры атапiчным дэрматыце — мазi на аснове гармонаў. Ёсць група лекаў, якiя змяншаюць сiмптомы хранiчных алергiчных захворванняў. Ёсць i лячэнне прычынным алергенам — напрыклад, алергенам пылку, мiкракляшча хатняга пылу, грыбковым алергенам. Такое лячэнне з’яўляецца перспектыўным. Праўда, паказана яно не ўсiм. — Без лекаў не абысцiся? — Пры хранiчных алергiчных захворваннях дабiцца iдэальнага стану скуры практычна нерэальна. З аднаго боку, нельга пакiдаць дзiця на трох прадуктах — гэта непазбежна справакуе дэфiцыт мiнералаў i вiтамiнаў. Дыету павiнен складаць урач. Адначасова патрэбны i медыкаменты. Даказана, што дрэнны кантроль алергiчнага захворвання скуры здольны праз сiстэму бiялагiчна актыўных рэчываў, якiя ўтвараюцца пры запаленнi, даць старт алергiчнаму запаленню ў дыхальных шляхах. Не трэба чакаць, пакуль дзiця перарасце! Неабходна лячыцца медыкаментамi. Некаторым дзецям з атапiчным дэрматытам сапраўды шанцуе i да трох гадоў праблема знiкае. Аднак у большасцi праблемы са скурай застаюцца i развiваецца алергiя дыхальных шляхоў. — Цi можа на аднаго чалавека навалiцца некалькi алергiчных захворванняў? — Згодна з даследаваннем, якое мы праводзiм на нашай кафедры, у беларускiх дзяцей з узростам часцей назiраецца такая паталогiя. Мае месца атапiчная трыяда: спалучэнне бранхiяльнай астмы, атапiчнага дэрматыту i алергiчнага рынiту. Ад колькасцi ўсiх дзяцей з хранiчнымi алергiчнымi захворваннямi трыяда ў залежнасцi ад узросту складае 7-10 працэнтаў. — Вялiкае выкарыстанне лекаў таксама здольна выклiкаць алергiю? — Так i ёсць. Самымi алергеннымi з’яўляюцца антыбiётыкi, тэмпературапанiжальныя прэпараты i вiтамiны. Увогуле, чым часцей выкарыстоўваецца той цi iншы медыкамент, тым большая верагоднасць развiцця алергii. Найперш у людзей з адпаведнай спадчыннасцю. — Алергiя на прэпараты вiтамiнаў — частая з’ява? — У Беларусi апошнiм часам не праводзiлiся даследаваннi па вiтамiннай забяспечанасцi, але згодна з расiйскiмi даследаваннямi ў розных рэгiёнах, 60—80 працэнтаў дзяцей маюць дэфiцыт вiтамiна С нават у цёплы час года. У кожнага трэцяга дзiцяцi — дэфiцыт некалькiх вiтамiнаў! Пры неразнастайным рацыёне дзецям абавязкова трэба даваць мультывiтамiны, асаблiва ў перыяд выздараўлення ад iнфекцыйных хвароб, з хваробамi страўнiкава-кiшачнага тракта, усiм, хто займаецца спортам, у перыяд iнтэнсiўнага росту. Усiм дзецям можна прымаць мультывiтамiны зiмой-вясной. Набывайце лепш мультывiтамiны, а не бiялагiчна актыўныя дабаўкi. БАД — не медыкамент, а значыць, ён не праходзiць строгага кантролю, i як ён паўплывае на арганiзм — не заўсёды вядома. Гутарыла Святлана БАРЫСЕНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзесьцi да 20 працэнтаў насельнiцтва планеты пакутуе ад алергiчных захворванняў |
|