«Белая ноч» Алены Грышанавай
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Выхад у свет На прэзентацыю спявачкi артысты прыйшлi ў светлым i дарылi ў асноўным белыя ружыЛета ў шоу-бiзнэсе традыцыйна лiчыцца «мёртвым сезонам». I для арганiзатараў апошняй артыстычнай тусоўкi паставiць эфектную кропку — задача i прэстыжная, i адказная, i вельмi нялёгкая. Аднак, забягаючы наперад, засведчым: камандзе Алены Грышанавай гэта ўдалося. Ператварыць прэзентацыю ўласнага дэбютнага альбома ў масавае гулянне з цыганамi, феерверкам, танцамi жывата i хiп-хопам — такое раней не ўдавалася, бадай, нiводнаму прадстаўнiку беларускай поп-сцэны. Да вечарынкi «ад Алены» больш за ўсё пасуе эпiтэт «першая». Гэта першая з падобных тусовак, падзеленая на тры дакладныя зоны: чырвоныя дываны, вялiкая гасцявая зала са сцэнай i асобная VIP-зала. Дарэчы, упершыню пафас чырвоных дывановых дарожак спрацаваў як трэба: госцi-артысты пад’язджалi да комплексу «Журавiнка», выходзiлi з машын i дэфiлявалi па дарожцы, даючы мiнi-iнтэрв’ю вядучым Дзмiтрыю Шунiну i Юлii Зыкавай. Прычым астатнiм гасцям не абавязкова было выходзiць на вулiцу цi прылiпаць да вокнаў, каб разгледзець дэталi: падзеi транслявалiся на вялiкiя экраны ў кожнай зале. Сама Алена Грышанава прыбыла апошняй — проста з карабля на баль. У лiтаральным сэнсе: Алену даставiў па Свiслачы белы катэр, упрыгожаны рознымi сцяжкамi-стужкамi, ды яшчэ з феерверкам. «Калi б мост быў вышэйшым, то прыплыла б i на яхце, а так даводзiцца абыходзiцца тым, што ёсць», — рэзюмавала дырэктар спявачкi Анжэлiна. Далей, упершыню на маёй памяцi паняцце «дрэс-код» не iгнаравалася (дагэтуль нашы зоркi «и в пир, и в мир» выходзiлi амаль аднолькава — у джынсах). У запрашальнiках было ўказана — светлыя кактэйльныя ўборы, — i большасць гасцей акуратна выканалi просьбу арганiзатараў. Выглядала стыльна i ўжо блiзка да паняцця «багема». Нарэшце, першы раз асабiстая нагода аднаго артыста зрабiлася агульным святам: акрамя вялiкага сольнага выступлення Алены Грышанавай, якая адкрыла вечарынку (шэсць перамен канцэртных касцюмаў за гадзiну — няслаба), у праграме было заяўлена каля 30 артыстаў, кожны з якiх прагнуў павiншаваць калегу песняй. Да таго ж на вечарынцы прысутнiчала кiраўнiцтва вядучых тэлеканалаў i радыёстанцый, прадстаўнiкi бiзнэс-элiты, цыганскi ансамбль «Алюр», вядомыя музычныя прадзюсары — словам, размах у мерапрыемства атрымаўся менавiта такi, як i было заяўлена: «прэзентацыя якасна новага ўзроўню». Перш чым прымаць вiншаваннi i бясконцыя шыкоўныя букеты, спявачка вырашыла аддзячыць усiх, хто дапамог выпусцiць i ўвогуле зрабiць дыск «Каханне не забiваюць». Так што сваю долю апладысментаў аўтары тэкстаў i кампазiтары атрымалi. Зрэшты, апладысментамi справа не абмежавалася. Як аўтары, так i прадзюсары Вiктар Рудзь i Вiктар Грышанаў (ён жа муж спявачкi i цяпер ужо дыпламаваны юрыст) былi адзначаны адмысловымi статуэткамi а-ля Оскар — кубак не кубак, ваза не ваза, але нешта падобнае. Свайго «Оскара» атрымала таксама i Кацярына Клышэўская, якая выступiла дызайнерам дыска. А паколькi Кацярына — жонка лiдара гурту «Тяни-Толкай» Паўла Клышэўскага, якi для Грышанавай i пiша, i спявае з ёй дуэтам, то можна сказаць, што ў Грышанавых—Клышэўскiх цяпер плённае сямейнае супрацоўнiцтва. Самым кранальным момантам прэзентацыi, бадай, стала «Калыханка» ў выкананнi Алены Грышанавай. Песню спявачка прысвяцiла дачцэ Дашы, i напрыканцы дзяўчынка выйшла з мамай на сцэну. Пазней абедзве занялi месцы за «сямейным» столiкам i адтуль слухалi большасць кампазiцый-вiншаванняў. Нечаканым, але прыемным сюрпрызам было выступленне маладога пiцерскага гурту «Игры блин», якi прадзюсары спявачкi заўважылi ў паўночнай расiйскай сталiцы i ўзялi пад крыло. Малады, аднак вельмi прафесiйны хiп-хоп як нельга лепей разбавiў крыху занадта пафасную атмасферу канцэрта. Здзiвiла i самая юная госця прэзентацыi — Ксюша Сiтнiк. Па-першае, маленькая спявачка падрыхтавала адмысловы нумар з танцам жывата, што ў спалучэннi з «усходнiм» касцюмам глядзелася проста выдатна. Па-другое, павiншавала яна старэйшую калегу вельмi сур’ёзна i па-даросламу: «Алена, жадаю табе, каб усе песнi з альбома сталi любiмымi i запатрабаванымi, сталi хiтамi. Я ў гэтым не сумняваюся». Пакуль адны артысты забаўлялi шаноўную публiку са сцэны, другiя абменьвалiся навiнамi ў VIP-зале, чамусьцi пастаянна збiваючыся ў пары. Напрыклад, аднаго з салiстаў «Атлантыкi» цяжка было ўбачыць без Вольгi Барабаншчыкавай, кампазiтар Васiль Раiнчык заняў выйгрышную для назiрання пазiцыю ў кутку побач з тэлевядучай Аленай Спiрыдовiч, Вера Карэтнiкава амаль не адыходзiла ад свайго сябра, а Аляксей Хлястоў паўсюль суправаджаў жонку. Праўда, апошняя пара хутка ператварылася ў трыо, бо Аляксей знайшоў часопiс са сваiм фота на вокладцы, i надалей не выпускаў яго з рук. А вось застаць побач з мужам Сашам Ларысу Грыбалёву ў нас ледзь атрымалася — спявачка мiльгала то тут, то там, паспяваючы з усiмi павiтацца. Таксама парай хадзiлi дзве загадкавыя бландзiнкi — сёстры, якiх мы бачылi ў рэкламе нейкага алею ў метро. Але што дзяўчаты робяць на прэзентацыi, так i не ўдалося высветлiць. Сёлетняя выпускнiца ВНУ Сorriana расказала, што абаранiла дыплом у сваiм лiнгвiстычным унiверсiтэце на 9 балаў, зараз будзе вырашаць пытанне з размеркаваннем. (Нагадаю, на нашу спявачку былi заманлiвыя планы ў тэлекампанiй Кiтая).. Паралельна дзяўчыне трэба рыхтаваць да выпуску ўласны альбом i хоць крыху адпачыць у Чэхii ад канцэртнай гонкi — зразумела, што выпускны баль стаiць у спiсе цi не на апошнiм месцы. «Класнае мерапрыемства, высокага ўзроўню, — падзялiўся назiраннямi харэограф Сяргей Епiхаў. — Увогуле, наша эстрада пакрысе выбiраецца на новы ўзровень. Я гэта нават па стаўленню да харэаграфii бачу. Хто здольны адначасова спяваць i танчыць? Лёша Хлястоў. Вера Карэтнiкава, толькi яна лянуецца. Ну i Палiна Смолава, канешне — гэта сапраўдны «энерджайзер». Нiбыта ў пацвярджэнне гэтых слоў, на сцэне пачаўся яскравы нумар — з падтанцоўкай у стылi бразiльскiх карнавалаў. Крыху пазней вiноўнiца ўрачыстасцi Алена Грышанава зазiрнула ў VIP-пакой, сабрала чарговую данiну з кветак. Пад’язджалi ўсё новыя госцi, i было падобна, што гулянне не скончыцца да ранiцы... У прынцыпе, так яно i атрымалася. Фiнальны акорд у сiмфонii свецкiх вечарынак прагучаў на славу. Да восенi можна разняволiцца?
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На прэзентацыю спявачкi артысты прыйшлi ў светлым i дарылi ў асноўным белыя ружы
|
|