Мiкалай ПРАСТАЛУПАЎ: «Пакупнiкi другаснага жылля сталiцы чакаюць iстотнага патаннення»
Сяргей КУРКАЧ
У першы месяц года цэны на другасным рынку сталiчнага жылля пасля чарговага моцнага павышэння ў снежнi працягвалi аўтаматычна павялiчвацца. Праўда, па тым «цэннiку» кватэры ўжо нiхто не купляў. Гэтай вясной i ў пачатку лета патэнцыяльныя пакупнiкi ўвогуле аб’явiлi астранамiчным цэнам на жыллё маўклiвы байкот. На пытаннi карэспандэнта газеты «Звязда» адказвае дырэктар беларускай асацыяцыi «Нерухомасць» Мiкалай Прасталупаў.
— Згодна са статыстыкай iнфармацыйнага каталога рэспублiканскага выдання «Нерухомасць Беларусi», сярэднi кошт прапанавання мiнскiх кватэр застаецца амаль нязменным на працягу ўжо 3—4 месяцаў. Спецыялiзаваныя выданнi прадказвалі не вельмi «маладым» кватэрам на другасным рынку жылля iстотнае патанненне ўжо ў першы месяц лета. Зараз сiтуацыя на жыллёвым рынку складваецца крыху iнакш. — На сталiчным рынку працягваецца поўнае зацiшша. Разам з тым назiраецца пэўная актывiзацыя прадаўцоў жылля. Зараз у аб’яднанай базе прапаноў агенцтваў нерухомасцi знаходзiцца каля 3 тысяч кватэр. Сёння ўжо не назiраецца такога, калi клiенты набывалi па любому кошту менавiта аднапакаёвыя кватэры i такiм чынам укладвалi свае грошы ў нерухомасць. Людзi з «лiшнiмi» фiнансамi другасны рынак нерухомасцi часова пакiнулi. Здзелкi праводзяцца толькi ў ланцугу мены-продажу жылля для вырашэння жыллёвых праблем. На рынку засталiся толькi «альтэрнатыўшчыкi», калi клiент прадае сваё жыллё, каб набыць новую кватэру. Гэтыя здзелкi на цэнавы фон рынку нерухомасцi не паўплываюць, бо ўдзельнiкамi такой ракiроўкi аплачваюцца толькi сумы рознiцы памiж рознымi тыпамi кватэр. — Разам з тым за мiнулы тыдзень у Мiнску сярэднi кошт квадратнага метра жылля прапанавання аднапакаёвай кватэры знiзiўся на адзiн долар i склаў 1126 долараў. Сярэдняя цана аднапакаёвай кватэры сёння роўная 38 тысяч 410 долараў ЗША. — Сiтуацыя на другасным рынку жылля сталiцы даволi складаная. Недзе палова прадаўцоў жылля заўважылi, што цэны будуць падаць, i адразу пачалi прапаноўваць кватэры крыху нiжэй за ранейшы цэнавы фон. Другая палова прадаўцоў (галоўным чынам гэта датычыцца кватэр у прэстыжных мiкрараёнах або ў не вельмi старых дамах) працягвае павялiчваць кошт прапанавання з перспектывай таго, што блiжэй да зiмы нерухомасць абавязкова падаражае. За апошнiя два месяцы iстотна павялiчыўся цэнавы дыяпазон на цалкам аднолькавыя тыпы кватэр. Сёння мiнiмальны кошт аднапакаёвых «хрушчовак» i кватэр у панельных дамах на крайнiх паверхах агульнай плошчай ад 29 да 34 квадратных метраў роўны 31—33 тысячам долараў ЗША. Разам з тым такiя ж кватэры могуць быць прапанаваны пакупнiкам i за 35 тысяч «баксаў». — Пры сённяшнiм малым попыце на жыллё цi пачалi прадаўцы «iсцi насустрач» пакупнiкам? — Гэтым летам другасны рынак жылля стаў неаднастайным як па цане кватэр, так i па алгарытмах паводзiнаў прадаўцоў. Калi камусьцi неабходна прадаць сваю нерухомасць у блiжэйшы час, то канчатковы кошт продажу кватэры можа быць знiжаны ад узроўню прапанавання прыкладна на 1,5—2 тысячы долараў. — Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка 15 чэрвеня гэтага года падпiсаў Указ № 396 «Аб долевым будаўнiцтве шматкватэрных жылых дамоў». У прыватнасцi, у дакуменце замацоўваюцца меры па прадухiленню спекуляцый на рынку жылля. Так, цяпер забудоўшчык не мае права аддаваць перавагу адной асобе перад другой адносна заключэння дагавора, акрамя выпадкаў, прадугледжаных законамi або рашэннямi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь. Як дадзены дакумент можа адбiцца на агульнай сiтуацыi ў сферы жыллёвага будаўнiцтва ў гарадах краiны? — Гэтым дакументам прадугледжваюцца меры, якiя забяспечваюць абарону правоў дольнiкаў ад дзеянняў нядобрасумленных забудоўшчыкаў. Так, устанаўлiваецца забарона на прыцягненне сродкаў дольнiкаў забудоўшчыкамi, якiя маюць запазычанасць па плацяжах у бюджэт i пазабюджэтныя фонды, не маюць неабходных дакументаў для будаўнiцтва (лiцэнзii), дакументаў, якiя сведчаць права на зямельны ўчастак, дагавора будаўнiчага падраду i г.д. Пры выкананнi ўсiх пунктаў прэзiдэнцкага ўказа дольнiкi нават тэарэтычна не змогуць трапiць у пастку жыллёвай пiрамiды. Немалаважны той факт, што зараз удакладняюцца тэрмiны долевага будаўнiцтва, бо ўстанаўлiваецца яго гранiчны тэрмiн, якi адразу вызначаецца ў дагаворы з дольнiкам у адпаведнасцi з праектнай дакументацыяй i не можа перавышаць трох гадоў з дня заключэння дагавора. Дакументам дакладна i вычарпальна вызначаюцца падставы i парадак змянення цаны дагавора з тым, каб выключыць самавольства забудоўшчыка. На практыцы гэта павiнна садзейнiчаць знiжэнню кошту будаўнiцтва. — Сёння падрыхтаваны цэлы пакет заканадаўчых актаў i пастаноў урада, у якiх распiсана шмат прапаноў па знiжэнню кошту жылля на першасным рынку нерухомасцi. Пасля прыняцця гэтых мераў зменiцца кошт i другаснага жылля? — Зменiцца, але не так моцна. Сённяшнi другасны рынак жылля ў меншай ступенi падпарадкоўваецца эканамiчнай мэтазгоднасцi. Не дазваляюць iснуючыя сярэднiя заробкi грамадзян купляць жыллё ў сталiцы па такому кошту. Таму рынак сёння i замарозiўся. Дасягнуць iстотнага патаннення жылля i на другасным рынку магчыма толькi дзвюма мерамi. Мэрыi гарадоў павiнны аб’явiць аб прыёме заяў на будаўнiцтва жылля ад усiх чаргавiкоў па прынцыпу долевага будаўнiцтва, калi ўрад краiны абавязкова гарантуе на працягу 5 гадоў забяспечыць такiх клiентаў жыллём спажывецкiх якасцяў па цэнах не больш за 500—600 долараў за квадратны метр. Для выканання сваiх абавязкаў трэба дазволiць усiм буйным айчынным будаўнiчым арганiзацыям свабодна будаваць жыллё ў буйных гарадах краiны. — Разам з тым гэтыя меры абмяркоўваюцца ўжо больш за год i нiчога ў акрэсленым напрамку не адбываецца. Калi сiтуацыя ў будаўнiчай галiне застанецца на сённяшнiм этапе развiцця, то як будуць паводзiць сябе цэны на другаснае жыллё да пачатку наступнага года? — Песiмiстычны сцэнарый не выключаецца. Тады да верасня працягнецца стабiлiзацыя цi невялiкае патанненне. Потым да снежня зноў магчыма даражанне, але не больш чым на 10 працэнтаў. Спадзяюся, што гэтага не адбудзецца. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У першы месяц года цэны на другасным рынку сталiчнага жылля пасля чарговага моцнага павышэння ў снежнi працягвалi аўтаматычна павялiчвацца
|
|