Тэрарыстам далi «бярозавай кашы»
Мiкола ДЗЯБЁЛА
Жыхары цiхай правiнцыйнай Бярозы, напэўна, не на жарт спалохалiся, калi сярод белага дня раптам пачулi аўтаматныя i кулямётныя стрэлы, моцныя выбухi, грукат баявых машын i шум нiзкалётаючых верталётаў. Бой разгарэўся на самай ускраiне населенага пункта. Група тэрарыстаў, якая прасачылася на тэрыторыю Беларусi з-за мяжы з мэтай дэстабiлiзацыi сiтуацыi ў нашай краiне, захапiла адмiнiстрацыйны будынак мясцовага мяса-кансервавага камбiната. Як высветлiлася пазней, гэта была толькi адна з банд экстрэмiстаў. Другая тэрарыстычная група павiнна была правесцi рэйд па тэрыторыi Вiцебшчыны. Аднак там тэрырыстаў своечасова абяскошкодзiлi.
А вось у Бярозе лiквiдаваць банду без шуму i пылу не ўдалося. Загнаныя ў кут бандыты ўзялi ў заложнiкi 7 супрацоўнiкаў прадпрыемства i запатрабавалi два верталёты, на якiх яны планавалi выбрацца з пасткi. У адваротным выпадку тэрарысты пагражалi забiць заложнiкаў. Каб прадэманстраваць сур’ёзнасць сваiх намераў, бандыты выкiнулi праз акно аднаго з заложнiкаў, а потым стрэлiлi яму ў спiну. Прадстаўнiк антытэрарыстычнага спецпадраздзялення КДБ «Альфа» спрабаваў дамовiцца з камандзiрам экстрэмiстаў Стасам. Тэрарыстам былi абяцаны верталёты i гарантыя захавання жыццяў, пры ўмове, што яны адпусцяць заложнiкаў. Верталёты i сапраўды з’явiлiся, «завiслi» на некалькi хвiлiн над захопленым будынкам, каб даць магчымасць дэсанцiравацца на дах байцам «Альфы». Потым «вяртушкi» знiклi. «Перагаворшчык» патлумачыў тэрарыстам, што верталёты проста не змаглi прызямлiцца i давядзецца крыху пачакаць, калi яны знойдуць прыдатнае для пасадкi месца. Экстрэмiсты, вiдавочна, нешта западозрыўшы, вылучылi жорсткiя патрабаваннi: прадаставiць верталёты праз некалькi хвiлiн, у адваротным выпадку ўсе заложнiкi будуць расстраляныя. Стала зразумела, што далей весцi перамовы бессэнсоўна i «альфаўцы» пачалi штурм будынка. Дзеяннi байцоў антытэрарыстычнага падраздзялення былi настолькi iмклiвыя i зладжаныя, што ўжо праз некалькi хвiлiн пасля пачатку наступу заложнiкi былi вызваленыя i эвакуiраваныя на бронетранспарцёры ў бяспечнае месца. Бандыты аказвалi ўпартае супрацiўленне i таму ўсе да аднаго былi лiквiдаваныя. Праўда, у самы апошнi момант хтосьцi з тэрарыстаў паспеў узарваць ёмiстасць з амiякам. Адбыўся выкiд у паветра каля 3 тон гэтага рэчыва, узнiкла рэальная пагроза атручвання людзей ў радыусе каля 1 кiламетра. Да таго ж пад абломкамi пашкоджанага будынка засталiся работнiкi камбiната. I тут за справу ўзялiся байцы раённага падраздзялення Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях, а таксама выратавальныя службы прадпрыемства, супрацоўнiкi цэнтра гiгiены i эпiдэмiялогii, медыкi «хуткай дапамогi». Вынiкi тэракту i на гэты раз былi аператыўна лiквiдаваны. Жыхары Бярозы могуць спаць спакойна... Вучэннi завяршылiся. Так, гэта былi тактыка-спецыяльныя вучэннi «Блок-2006». Праводзiлiся яны ў рамках камандна-штабных вучэнняў «Шчыт Саюза-2006». Апроч супрацоўнiкаў КДБ, у iх былi задзейнiчаны падраздзяленнi мiлiцыi, вайскоўцы, выратавальнiкi i нават цывiльныя людзi з лiку прадстаўнiкоў органаў мясцовай улады i кiравання. Барацьба з тэрарызмам стала справай сапраўды ўсенароднай. Хоць i тэрарысты, i выбух на мясакамбiнаце былi «ўмоўныя». Праўда, як адзначыў пасля вучэнняў мiнiстр па надзвычайных сiтуацыях Энвер Барыеў, беларускiм выратавальнiкам насамрэч даволi часта даводзiцца лiквiдоўваць вынiкi падобных аварый, бо амiяк i iншыя атрутныя рэчывы выкарыстоўваюцца на многiх прадпрыемствах, а з тэхнiкай бяспекi «сябруюць», на жаль, не ўсе. Напрыклад, у чэрвенi такое здарэнне адбылося ў Гомелi. Кiраўнiк МНС станоўча ацанiў дзеяннi сваiх падначаленых, падкрэслiўшы, што ў лiквiдацыi наступстваў тэракта прымалi толькi бярозаўскiя выратавальнiкi. Увогуле, паводле слоў генерала Барыева, беларускiя выратавальныя службы за год выязджаюць прыкладна на 40 тысяч трывожных выклiкаў i столькi ж праводзяць «трэнiровак». Пастаянна трымаюць порах сухiм i айчынныя спецслужбы. Падводзячы вынiкi тактыка-спецыяльных вучэнняў «Блок-2006», першы намеснiк старшынi КДБ Васiль Дземянцей адзначыў, што падобныя сiтуацыi з захопам заложнiкаў апошнiм часам нярэдка ўзнiкаюць у Чэчнi. Хоць у Беларусi, паводле яго слоў, абстаноўка стабiльная i рэальных умоў для тэрарызму няма, аднак зусiм выключаць верагоднасць тэракта нельга. Мiнск—Бяроза—Мiнск.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Жыхары цiхай правiнцыйнай Бярозы, напэўна, не на жарт спалохалiся, калi сярод белага дня раптам пачулi аўтаматныя i кулямётныя стрэлы, моцныя выбухi, |
|