Спрашчэнне тэстаў паставiць прыёмныя камiсii ў тупiк
Надзея НIКАЛАЕВА
19 чэрвеня ў гiсторыi правядзення на Беларусi цэнтралiзаванага тэсцiравання, быў пастаўлены новы рэкорд: у гэты дзень удзел у тэставым экзамене па матэматыцы ўзялi адначасова больш за 96,5 тысячы чалавек. Праўда, 23 абiтурыенты да фiнiшу так i не дайшлi — яны былi выдалены з аўдыторый за розныя парушэннi...
Лiтаральна адразу пасля завяршэння ЦТ яго ўдзельнiкi пачалi дзялiцца сваiмi ўражаннямi ад складанасцi прапанаваных iм тэстаў. Самымi гучнымi аказалiся, як заўсёды, пакрыўджаныя галасы: як i ў папярэднiя гады стваральнiкаў тэстаў абвiнавацiлi ў... «непад’ёмнасцi» для ўчарашнiх выпускнiкоў многiх тэставых заданняў, з якiмi не заўсёды могуць справiцца нават школьныя настаўнiкi. — Нечаканасцю для нас такiя абвiнавачаннi не сталi, хоць яны нас, зразумела, не могуць не засмучаць, — прызнаўся дырэктар Рэспублiканскага iнстытута кантролю ведаў Мiкалай Фяськоў. — Хачу запэўнiць, што ўзровень складанасцi тэставых заданняў па ўсiх агульнаадукацыйных дысцыплiнах не выходзiць за рамкi патрабаванняў праграм сярэдняй агульнаадукацыйнай школы, якiя зацвярджаюцца ў галоўным адукацыйным ведамстве нашай краiны. Мiнiстэрствам адукацыi зацвярджаецца таксама i спецыфiкацыя тэста па кожнай дысцыплiне, якой мы кiруемся пры стварэннi будучых тэстаў. Плюс для ацэнкi якасцi тэставых заданняў, якiя плануецца прапанаваць будучым абiтурыентам, абавязкова прыцягваюцца спецыяльна створаныя экспертныя камiсii. Падчас правядзення ў красавiку рэпетыцыйнага тэсцiравання ў абiтурыентаў была магчымасць ацанiць свае веды i ўбачыць прабелы ў сваёй падрыхтоўцы, паколькi iм былi прапанаваныя тэсты спецыфiкацыi 2006 года. Я асабiста перакананы, што ў абiтурыента значна больш шанцаў праявiць сябе падчас выканання тэста, чым падчас здачы ўступнага экзамену ў традыцыйнай форме. Усё ж такi ў тэст па матэматыцы ўключаны 25 заданняў рознай складанасцi: ад элементарных заданняў да заданняў пятага ўзроўню, якiя дазваляюць адабраць таленавiтую моладзь для матэматычных факультэтаў унiверсiтэтаў. У тым выпадку, калi абiтурыент не асiлiў адно заданне, у яго заўсёды ёсць шанц «рэабiлiтавацца» на iншым. Прычым усе ўдзельнiкi тэсцiравання знаходзяцца ў роўных умовах. I зусiм iншая справа — правядзенне экзамену ў традыцыйнай форме, калi абiтурыенту можа проста элементарна пашанцаваць з экзаменацыйным бiлетам цi экзаменацыйным заданнем. Той, хто лiчыць, што тэсты трэба спрашчаць, не разумее, што ў гэтым выпадку колькасць абiтурыентаў з высокiмi баламi можа аказацца большай за колькасць бюджэтных месцаў. I як у такiм разе, цiкава, прыёмная камiсiя будзе ажыццяўляць ранжыраванне прэтэндэнтаў? Ну не могуць усе абiтурыенты атрымлiваць на цэнтралiзаваным тэсцiраваннi вышэйшыя адзнакi. Таксама як i школьныя «дзевяткi» i «дзесяткi» не могуць аўтаматычна пацвярджацца на цэнтралiзаваным тэсцiраваннi. Летась, напрыклад, «дзесяткi» атрымалi на добраахвотным ЦТ па матэматыцы толькi 54 чалавекi або 0,10 працэнта ад агульнай колькасцi яго ўдзельнiкаў, i 29 чалавек — на профiльным бюджэтным тэсцiраваннi (0,07 працэнта), а «дзевяткi» — адпаведна 155 чалавек (0,27 працэнта) i 88 чалавек (0,2 працэнта). Самыя высокiя вынiкi дэманструюць традыцыйна навучэнцы гiмназiй, лiцэяў i класаў з паглыбленым вывучэннем матэматычных дысцыплiн i гэта цалкам лагiчна. А пераважная большасць абiтурыентаў знаходзяцца ў сярэдзiне рэйтынгавай 100-бальнай шкалы. Вынiк у 100 тэставых балаў — увогуле вялiкая рэдкасць для цэнтралiзаванага тэсцiравання. Тым не менш амаль заўсёды знаходзяцца абiтурыенты, якiя дэманструюць такi блiскучы вынiк. I гэта з’яўляецца лепшым доказам таго, што з тэстам можна цалкам справiцца... Вельмi здзiвiў нас летась выпускнiк 10-й сярэдняй школы Салiгорска Павел Ралюк, якi двойчы набраў на тэстах максiмальныя 100 балаў: гэта былi тэсты па матэматыцы i фiзiцы... Прычым акрамя яго 100 балаў на цэнтралiзаваным тэсцiраваннi па фiзiцы (нi на бюджэтным, нi на добраахвотным ) не здолеў набраць больш нiводны ўдзельнiк.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
19 чэрвеня ў гiсторыi правядзення на Беларусi цэнтралiзаванага тэсцiравання, быў пастаўлены новы рэкорд: у гэты дзень удзел у тэставым экзамене па мат |
|