Жаночы твар спрадвечнай песнi
Ларыса ЦIМОШЫК
Аднойчы вядомы беларускi фалькларыст на банкеце прапанаваў за яе тост са словамi: «За нашу Надзею Бабкiну». Другi яго паправiў: «Не, выключна за нашу Наталлю Матылiцкую!..» За спявачку, якую не трэба нi з кiм параўноўваць. Зрэшты, гэта i немагчыма. Таму што яна збiрае i спявае аўтэнтычныя беларускiя песнi, якiя таксама нi на што не падобныя. Калi перавесцi на сучасную мову — стопрацэнтныя хiты, якiя былi выпрабаваныя не адным стагоддзем, i зараз атрымлiваюць новае жыццё. Ёсць у гэтым нейкая сакральнасць, лiчыць Наталля. Таму што ёсць песнi, якiя робяць жанчыну жанчынай, ёсць такiя, якiя прыцягваюць мужчын. З Наталляй так i атрымалася. Прынамсi, у творчасцi...
— Ваша творчасць пачыналася з супрацоўнiцтва з мужчынамi — Уладзiмiрам Бярберавым, Юрасём Выдронкам. Жанчыне, для таго, каб спяваць, патрэбна, каб побач быў мужчына? — Першапачатковы штуршок мне далi не мужчыны, а самi песнi ў экспедыцыях. Потым я сама заспявала — i гэта адгукнулася ў маёй душы. Гэта было на вяселлi ў маёй сяброўкi ў Мiнску. Тады мяне пачуў Уладзiмiр Бярбераў, якi быў на яго запрошаны. Ён падскочыў i сказаў: «Скуль паненка?..» Ён якраз насiўся з iдэяй стварэння гурту. Гэта была сустрэча двух творчых людзей з падобнымi памкненнямi. Спачатку мы з iм удваiх спявалi, потым стварыўся гурт «Лiцвiны». Я вельмi актыўны чалавек, не чакаю, што хтосьцi мяне будзе штурхаць. Калi я сышла з «Лiцвiнаў», нарадзiла дачушку Сафiйку, пасядзела ў дэкрэце, вельмi засумавала па спевах. Пачуўшы на першым фестывалi «Таўкачыкi» Юру Выдронка i яго «Юр’я», вырашыла, што сама пайду да iх на рэпетыцыi i прапаную спяваць у iх. Мне падалося, што яго мужчынскай моцнай энергетыцы патрэбен сутворца з роўнай жаночай энергетыкай, каб была цэласная з’ява. На жаль, большасць нашых мужчын несвядома iмкнецца да дамiнавання i не разумее, наколькi можа быць больш плённым супрацоўнiцтва з жанчынай. Лепшы прыклад такога партнёрства быў з Алесем Ласём, разам з якiм запiсала свой першы сольны альбом «Пчолачка». Вядома, жанчына можа i сама спяваць, калi ёй дадзена. Але наколькi гэта можа быць больш прыгожа i натуральна, калi ёсць падтрымка. Нават маральная. Я вельмi ўдзячная Алесю Ласю, вядомаму майстру музычных iнструментаў, якi сам грае ў традыцыйнай манеры на васьмi iнструментах. Яго я ведала яшчэ з часоў «Лiцвiнаў». Я напачатку пабойвалася, але ўсё ж адважылася спытаць: цi маглi б мы запiсаць альбом? Гэта ж даволi цяжкая праца: трэба прыдумаць iнструментальную аранжыроўку да песень, зрабiць запiс у студыi... Надзiва, ён пагадзiўся адразу. Не было нават размовы пра грошы. Ён сказаў: «Дзеля цябе я гэта зраблю». А потым, пакуль я шукала прафесiйных дызайнераў, якiя б зрабiлi вокладку дыска, аказалася, што Алесь Лось ужо асвоiў камп’ютарны дызайн. Ён упершыню зрабiў вокладку дыска для мяне. Нiхто б лепш не адчуў гэтай стылiстыкi. Атрымалася ўдала ў многiм i з-за таго, што ён жанчыну ўспрымае па-партнёрску, што мне вельмi iмпануе. — Але вы пры гэтым засталiся i ў «Юр’i». — Так. Нядаўна мы прыехалi з Лiтвы, дзе адбываўся мiжнародны-фальклорны фестываль «Звiнiце, звiнiце, гуслi». На гэтай жа музычнай пляцоўцы я выступала 14 гадоў таму з «Лiцвiнамi». Я не паверыла, наколькi ўсё сiмвалiчна ў жыццi. На гэтым фестывалi можна выступiць толькi адзiн раз, а мне пашчасцiла спяваць там двойчы. Сольны канцэрт гурту «Юр’я» прайшоў з вялiкiм поспехам. Але якiя там былi выканаўцы: з Iнданезii, з Iндыi, з самых аддаленых краiн, дзе захаваўся архаiчны фальклор. Лiтоўцы шчаслiвыя, што могуць гэта бачыць i чуць. Мы з Выдронкам толькi аблiзнулiся: нам бы такiх гасцей на «Таўкачыкi»... — Зараз музыкi спецыяльна вучацца спяваць у народнай манеры. Бабулi i дзядулi ў вёсках не вучылiся спяваць, нiхто iм голас не ставiў, а песня атрымлiвалася жывая. Вы таксама пачалi спяваць без спецыяльнай навукi, па поклiчу душы? — Сапраўды, да песнi мяне паклiкала душа. Яшчэ ў студэнцтве — ужо прайшло 19 гадоў як я спяваю. Шмат працавала з прафесiйнымi музыкантамi i мне не перашкаджала адсутнасць грунтоўнай музычнай адукацыi. «Азы» музычнай граматы атрымлiвала ў працэсе працы. У сваiм амплуа, у аўтэнтычных спевах, як фалькларыст i як вакалiстка я лiчу сябе прафесiйнай выканаўцай. Але калi разглядаць прафесiю як сродак зарабiць на кавалак хлеба, то нельга так сказаць. Яна ў мяне ў разрадзе любовi, хобi. У жыццi я яшчэ выкладаю мiфалогiю ва унiверсiтэце культуры i мастацтваў, рыхтую дысертацыю — гэта таксама маё, тое, што я люблю. Так, нашы бабулi не вучылiся ў спецыяльных установах. Але можна гаварыць пра народную вакальную школу. Як iснавала народная школа ў розных вiдах рамёстваў, што перадавалiся дынастычна, напрыклад, кавальства, разьба па дрэве... Перадача майстэрства адбывалася непасрэдна ад майстра. Тое ж i з традыцыйнымi спевамi. Гэта своеасаблiвы прафесiяналiзм. Бабкi яшчэ якiя прафесiяналкi!.. Успамiнаю бабуль з вёскi Янова Гомельскай вобласцi, якiя выступалi на Першым мiжнародным фестывалi фальклору ў Пiнску 12 гадоў таму. Сярод розных сучасных гуртоў i выканаўцаў з самых розных рэгiёнаў Беларусi яны вылучалiся: iм было за 80, а як пачалi спяваць, такая энергетыка, такi гук, форы далi маладым!.. На жаль, не ўсе разумеюць эстэтыку аўтэнтычнай песнi, у нас яшчэ не вельмi развiта пашана да яе. — Фальклор у нас мае жаночы твар: яго ў асноўным захоўваюць бабулi. З чым гэта звязана? — У беларускай традыцыi былi мужчынскiя спевы. Мужчынскi твар меў палескi традыцыйны спеў, але гэта iснавала не толькi на Палессi. У 70-я, 80-я гады Зiнаiда Мажэйка паказала, як спявалi дзядулi. Чаму ўсё змянiлася? Можна перафразаваць вядомы выраз беларускай пiсьменнiцы: у фальклора жаночы твар, таму што ў вайны не жаночы. У войнах, апошняй i папярэднiх, падчас рэпрэсiй, было вельмi падкошана сялянства, гiнулi ў асноўным мужчыны. Была i другая прычына. У савецкi час работнiкi клубаў прапаноўвалi на вёсцы свае канцэпцыi фальклорных спеваў. Жанчыны, падатлiвыя па натуры, на гэтую сiстэму клюнулi. Мужчыны больш самастойныя, iх не вельмi павядзеш туды, куды жадаюць культработнiкi. Насёння адсутнасць мужчынскага аўтэнтычнага спеву паспрабавала запоўнiць Iрына Мазюк са сваiмi студэнтамi, стварыўшы калектыў «Кудзьмень». Але ў гэтым накiрунку яшчэ трэба працаваць. — Ваш сольны альбом прадстаўляе жаночы спеў у аўтэнтычным стылi, без апрацоўкi. I гэта першы такi альбом у Беларусi. Што для вас было важна паказаць у iм? — Была задума паказаць тое, што асвоiла мая душа, самыя архаiчныя каляндарна-абрадавыя песнi, пачынаючы ад веснавых загукальных да калядных. Ёсць вясельныя, балады. Усяго 19 твораў з розных регiёнаў Беларусi. Шмат песень я запiсвала як фалькларыст, вельмi прасiла, каб нашы дзядулi i бабулi мне iх перадалi, i многiя гэта з вялiкай радасцю, ахвотай рабiлi. Яны разумеюць: калi зараз гэта не перадаць, то многае беззваротна сыдзе з зямлi. На вокладцы майго сольнага дыска «Пчолачка» выказана невымоўная мая ўдзячнасць да бабуляў i дзядоў беларускiх за гэтыя песнi. Яны нараджаюцца не проста голасам. Бывае, што i голас моцны, а песня нiчога не нясе. Няма энергетыкi. А чаму? Не падключана вышэйшая духоўная субстанцыя — i няма песнi. Мне, як сучаснаму чалавеку, важна было гэта адчуць. Складалi альбом так, каб было вiдавочна, якая розная песня ў розных рэгiёнах Беларусi. У савецкi час фальклорныя калектывы падганялi словы песень на дыялектах пад лiтаратурную мову. Я iмкнулася пазбавiцца гэтай унiфiкацыi. У песнi «На ряцэ, ряцэ» мяккае «р», на Падня- проўi ў нас вымаўляюць менавiта так. Вымаўленне ў вялiкай ступенi ўплывае на мелодыку, iнакш няма каларыту песнi. Як у мелодыцы хацела ўсе нюансы максiмальна захаваць, так i ў мове. Вельмi хацелася паказаць песнi пад лiру, якiя ў пост спяваюцца, калi каляндарныя нельга было спяваць. Ёсць балады, напрыклад, «Явар i бяроза». Яе вельмi любiў Уладзiмiр Караткевiч i зрабiў на аснове яе сваю паэму «Явар i калiна». На дыску яна ў аўтэнтычным варыянце, якi я запiсала на Случчыне. Ёсць у альбоме унiкальны твор — «Песня пра страшны суд». Некалi яе спявалi старцы — так называлi жабракоў, якiя па вёсках хадзiлi. Не проста песня, а народны пераклад «Адкрыцця» ад Iаана Багаслова. Твор, якi цудам захаваўся, у савецкi час фалькларысты не запiсвалi такiх, таму многае знiкла. Гэта мая вялiкая знаходка. Цiкава: спявалi старцы, а запомнiла бабуля, якая ажно ў дзяцiнстве яе чула! Вось дзе жаночы i мужчынскi пачаткi ў нашай песнi... — Назва «Пчолачка» таксама навеяная песняй? — Адна з песень называецца «Да ярыласа пчолачка», яна са Случчыны. Я яе зрабiла назвай дыска, таму што сама са Случчыны. Паводле гэтай песнi, пчолачка — сiмвал працавiтасцi. Пчолак у вёсцы называлi Божымi жывёлкамi. Пчолы збiралi i стваралi ежу Багоў, якая магла лекаваць, а з воску рабiлi свечкi. Усё дзеля чалавека i дзеля Бога. Пчолачка ў фальклоры была сiмвалам адухоўленай i працавiтай жанчыны, якая не для сябе, а для iншых i для Бога рабiла добрае. — Якi для вас быў самы дарагi падарунак? — Аднойчы я атрымала неверагодны падарунак. У мяне ёсць канцэртная вопратка — Ляхавiцкi строй, аўтэнтычны, саматканы, якi я набыла яшчэ ў студэнцтве ў экспедыцыях. За многа гадоў ад шматразовага мыцця кашуля пранасiлася. Я сказала пра гэта аднойчы па тэлефоне свайму даўняму сябру, якi працаваў настаўнiкам на Случчыне. А потым апынулася ў тых краях з канцэртам. Ён на яго прыехаў — як толькi даведаўся? Пасля выступлення падносiць падарунак — новую ляхавiцкую кашулю. Я сама музейны работнiк, шмат перабрала сваiмi рукамi ў экспедыцыях, вельмi цаню такiя вырабы. Гэта быў сапраўды унiкальны i патрэбны дар. — Каму вы перадаяце свае веды пра традыцыi? — Мая дачка, на жаль, аддае перавагу сучаснаму, папулярнаму, напэўна, узрост такi. Але мае студэнты кажуць, што этнiчная музыка сёння самая модная ў свеце. Становiцца моднай i ў нас. Прынамсi, ёсць людзi, якiя адчуваюць яе каштоўнасць i сапраўднасць. Мае студэнты падыходзяць i пытаюцца, як iм пачаць спяваць?.. Фальклорны рух разгортваецца i, дзякуй Богу, што няма ў iм аднастайнасцi, як раней. З’явiлася энцыклапедыя «Беларускi фальклор», я радуюся за ўсiх сваiх сяброў, якiя там прадстаўлены — i «Лiцвiны», i «Юр’я» з Выдронкам. У другiм томе ёсць артыкул i пра мяне... — Хто ваш самы ўдзячны слухач? — Напэўна, хлопчык Тамаш, сын сяброўкi, вяселле якой вызначыла мой песенны лёс. Ён быў малы, а ўжо слухаў першы дыск «Лiцвiнаў». Пазапамiнаў усе галасы. Мы неяк iшлi разам, i ён спытаў: «А ты праўда Матылiцкая?» Кажу, так. Тады ён пачаў спяваць: «Голуб на чарэшнi». Я падхапiла... Мы iшлi па Мiнску i спявалi. Я ўдзячная сваёй сяброўцы, што ў нашым гарадскiм асяроддзi яна выхавала такога сына. Гэта наша будучыня заспявала...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аднойчы вядомы беларускi фалькларыст на банкеце прапанаваў за яе тост са словамi: «За нашу Надзею Бабкiну». Другi яго паправiў: «Не, выключна за нашу |
|