Перамога ў рэспублiканскай алiмпiядзе не з’яўляецца «пропускам» у ВНУ
Надзея НIКАЛАЕВА
«Гарачы» тэлефон «Звязды» 287-17-41 Чаму пераможцы рэспублiканскай алiмпiяды па працоўнаму навучанню не маюць такiх жа прывiлей пры паступленнi ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, як пераможцы iншых рэспублiканскiх алiмпiяд па агульнаадукацыйных дысцыплiнах? Такое зусiм не рытарычнае пытанне нам задалi чытачы, дзецi якiх сёлета былi ўдзельнiкамi алiмпiяды па працоўнаму навучанню. Як вынiкала са слоў нашых заяўнiкаў, арганiзатары абяцалi, што пераможцы алiмпiяды змогуць без экзаменаў паступаць на iнжынерна-педагагiчныя факультэты Беларускага нацыянальнага тэхнiчнага унiверсiтэта i Мазырскага дзяржаўнага педагагiчнага універсітэта. Але, як высветлiлася пазней, гэтыя абяцаннi аказалiся пустым гукам. Ва ўсялякiм выпадку ў прыёмных камiсiях ВНУ «парыў» абiтурыентаў рэзка «астудзiлi»: маўляў, нiякiх iльгот у правiлах прыёму для iх не прадугледжана...Расчараванне абiтурыентаў можна зразумець. I наўрад цi наш адказ дадасць iм аптымiзму. I ў Мазырскiм дзяржаўным педагагiчным унiверсiтэце, i ў БНТУ нам пацвердзiлi, што пераможцы рэспублiканскай алiмпiяды па працоўнаму навучанню будуць здаваць пры паступленнi ўсе тры ўступныя экзамены. Намеснiк начальнiка ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыi Мiнiстэрства адукацыi Валянцiна МАЕЎСКАЯ падкрэслiла ў гутарцы з карэспандэнтам «Звязды», што правядзенне ў краiне рэспублiканскiх алiмпiяд зарыентавана не на прадастаўленне iх пераможцам нейкiх iльгот пры паступленні. Яно мае зусiм iншую мэту — стварыць умовы для раскрыцця i рэалiзацыi творчага i iнтэлектуальнага патэнцыялу падрастаючага пакалення. Акрамя таго, Правiламi прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы прадугледжана, што пераможцы мiжнародных i рэспублiканскiх алiмпiяд па агульнаадукацыйных дысцыплiнах залiчваюцца без уступных iспытаў толькi на тыя спецыяльнасцi, дзе дадзены прадмет вызначаны прадметам другога профiльнага iспыту: матэматыкi паступаюць на матэматычныя факультэты, фiзiкi — на фiзiчныя i г.д. Пры паступленнi на iнжынерна-педагагiчныя факультэты акрамя экзамену па дзяржаўнай мове прадугледжаны профiльныя ўступныя iспыты па матэматыцы i фiзiцы. А вось дысцыплiну «працоўнае навучанне» пры паступленнi ў ВНУ не здаюць. Адказны сакратар Дзяржаўнай камiсii па кантролю за ходам падрыхтоўкi i правядзеннем уступных iспытаў у вышэйшых i сярэднiх спецыяльных навучальных установах Валерый Аўсяннiкаў дадаў, што пераможца рэспублiканскай алiмпiяды па працоўнаму навучанню можа быць майстрам на ўсе рукi, але мець не самую моцную падрыхтоўку па дысцыплiнах, якiя спатрэбяцца яму падчас навучання ў ВНУ, дзе рыхтуюць педагогаў-iнжынераў. Паводле слоў Валянцiны Маеўскай, усе пераможцы рэспублiканскай алiмпiяды па працоўнаму навучанню (уладальнiкi дыпломаў I, II i III ступеняў) былi заахвочаны сёлета каштоўнымi прызамi. Акрамя таго, яны будуць яшчэ ўзнагароджаны i прэмiямi спецыяльнага прэзiдэнцкага фонду па сацыяльнай падтрымцы таленавiтай i адоранай моладзi. Таму нельга сказаць, што яны аказалiся абдзеленыя ўвагай дзяржавы. Нельга скiдваць з рахунку i маральнае задавальненне, што атрымлiваюць дзецi, якiя перамагаюць на заключным, рэспублiканскiм, туры алiмпiяды...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чаму пераможцы рэспублiканскай алiмпiяды па працоўнаму навучанню не маюць такiх жа прывiлей пры паступленнi ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, як перамо |
|