«Базар», як мора... кормiць!
Аляксандр ПУКШАНСКI
У Вiцебску ў 2,5 раза падаражэлi кватэры, якiя можна зняць падчас самага знакамiтага фестывалю нашай краiны. У дэфiцыце бiлеты на самыя лепшыя канцэрты, якiя купляюць з рук з «накруткай» мiнiмум працэнтаў 30. А бiлеты ў тэатр на спектаклi знакамiтых труп — толькi па вялiкаму блату.
Затое смачнай ежы, самых розных тавараў i сувенiраў прама на вулiцах хапае на ўсiх — горад пераўтвараецца ў вялiкую краму пад адкрытым небам. Дарэчы, увечары ў дыяметры 500 метраў ад галоўнай пляцоўкi фестывалю забаранiлi прадаваць спiртное. Адпачываючых на вулiцах будзе шмат. I амаль усе жаданнi можна задаволiць. Адны нешта прадаюць, другiя — ахвотна купляюць. Як на сапраўдным базары. Калi да «базару» аднапакаёвую кватэру на суткi можна было спакойна зняць праз агенцтва долараў за 10, сёння — мiнiмум за 25. У СМI з’явiлiся прыватныя аб’явы: «Здам кватэру на «славянку». Менавiта «славянкай» называюць тут «базар». Цiкава, што сёлета турфiрмы адкрыта заявiлi аб тым, што гатовы пасялiць прыезджых, якiя вырашылi самi прыехаць у фестывальны Вiцебск i не ўдзельнiчаюць у «базары». Нават гасцiнiцы ў гэтыя днi не закрыты для «выпадковых» гасцей. Рады тут патэнцыйным жыхарам з Расii, краiн СНД, а яшчэ лепш — з далёкага замежжа, бо плацяць за пражыванне яны адразу i параўнальна больш, чым дырэкцыя за ўдзельнiкаў фестывалю. Што датычыцца гатэляў, штогод перад «базарам» яны становяцца мiнi-будаўнiчымi пляцоўкамi. I нядаўна завяршылi касметычны рамонт у самых лепшых нумарах, дзе будуць жыць Пугачова, Кiркораў, Вайкуле i г.д. Але ж i гэтыя люксы не вельмi задаволяць самых зорных «зорак», бо ў райдэрах, напрыклад, названай тройцы ёсць патрабаванне аб жаданнi пражываць у 5-зорным гатэлi, а дзе ж яго ўзяць у Вiцебску, бо самы лепшы гатэль «Лучоса» — былы даўгабуд, што адкрыўся некалькi гадоў таму, цягне толькi на 4 зоркi, а невялiчкi «Эрыдан», якi да «Лучосы» быў месцам пражывання знакамiтасцяў, толькi нядаўна афiцыйна атрымаў 3 зоркi. А раней усе думалi, што так яно i ёсць. Аўтар гэтых радкоў на свае вочы ўбачыў зорныя нумары. У адным памянялi унiтаз, у другiм — ванную, абнавiлi iнтэр’ер... Паперу туалетную спецыяльна прывозяць з мiнскiх элiтных крам, бо ў Вiцебску такой «радасцi» не купiць... Для зорак выстаўлены ў пакоях мiнералка, сокi, ёсць у халадзiльнiках i спiртное. Менш вядомыя госцi — удзельнiкi фестывалю будуць жыць у звычайных iнтэрнатах (вось пашанцавала студэнтам, бо ў iнтэрнатах зрабiлi рамонт), а ўдзельнiкi дзiцячых калектываў — у летнiках. Каб «зоркам» было лягчэй дабiрацца ў Вiцебск, на поўным сур’ёзе прадугледжваецца магчымасць ажыццяўлення авiярэйсаў з далёкага i блiзкага замежжа. А пакуль што некаторыя, напрыклад, Кiркораў прылятаюць на чартэрах. Затое Пугачова, Разенбаум i iншыя любяць цягнiкi. Прадаўцы крам у цэнтры горада, што побач з Летнiм амфiтэатрам, рыхтуюць аўтаручкi i альбомы для аўтографаў зорак. Ведаюць, што Бабкiна па традыцыi абавязкова наведае фiрмовы магазiн «Мiлавiца», каб купiць сабе бялiзну, Гвердцытэлi любiць прывозiць дадому з гастроляў сувенiры ў нацыянальным стылi, а Iлона Бранявiцкая (дачка П’ехi) любiць купляць у Вiцебску адзенне... Фестываль афiцыйна пачынаецца 7 лiпеня. Бiлеты на канцэрт адкрыцця каштуюць ад 60 да 150 тысяч беларускiх рублёў. А Пугачова выступiць з сольнiкам 6 лiпеня (кошт бiлетаў: 30—100 тысяч рублёў). Павiнна спяваць пачынаючы з 22.00, але ж вiцябчане ўжо добра ведаюць, што артысты такога ўзроўню нiколi своечасова не выступаюць, вiдаць, прыйдзецца пачакаць...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Вiцебску ў 2,5 раза падаражэлi кватэры, якiя можна зняць падчас самага знакамiтага фестывалю нашай краiны. У дэфiцыце бiлеты на самыя лепшыя канцэрт
|
|