Краiна ведае сваiх герояў спорту
Анатоль МЯСНIКОЎ
У Мiнску адкрыўся Музей спартыўнай славы
Столькi сапраўдных зорак сусветнага спорту адразу i ў адным месцы сустрэнеш не так i часта. Рамуальд Клiм, Марыя Iткiна, Мiкалай Мiлiгула, Алена Бялова, Аляксандр Мядзведзь, Антанiна Кошаль, Валерый Шарый, Марына Лобач, Аляксандр Каршакевiч, Янiна Карольчык, Iгар Макараў... На працягу апошняга паўстагоддзя яны разам са сваiмi сябрамi i калегамi славiлi беларускi спорт на арэнах дзесяткаў краiн усiх кантынентаў, выйграючы ў сапернiкаў i высока ўзнiмаючы сваiмi перамогамi прэстыж спачатку Саюза ССР, а цяпер — суверэннай Рэспублiкi Беларусь у душах i сэрцах мiльёнаў прыхiльнiкаў спорту. Пераможцы i прызёры Алiмпiйскiх гульняў, сусветных i еўрапейскiх чэмпiянатаў i першынстваў, яны ўпiсалi свае iмёны ў гiстарычны летапiс сусветнага спартыўнага руху. Гэта — сапраўдны залаты фонд нашай нацыi. А пачалося ўсё звыш 50 гадоў таму, калi ў Хельсiнкi на Гульнях ХV Алiмпiяды ўпершыню выступiла зборная Савецкага Саюза. Пад яе сцягам на старты выйшлi i сем беларусаў: лёгкаатлеты Мiхаiл Крываносаў, Цiмафей Лунёў, Мiхаiл Салтыкоў i Анатоль Юлiн, фехтавальшчыкi Герман Бокун i Юрый Дэксбах, вясляр Стэфан Мiхайлаў. Так пачаўся насамрэч вялiкi летапiс беларускага нацыянальнага алiмпiйскага руху. Выступаючы на адкрыццi Музея спартыўнай славы, памочнiк прэзiдэнта Беларусi, першы вiцэ-прэзiдэнт Нацыянальнага алiмпiйскага камiтэта рэспублiкi Генадзь АЛЯКСЕЕНКА адзначыў, што беларускаму народу сапраўды ёсць чым ганарыцца. 60 алiмпiйскiх чэмпiёнаў выхавала за апошнiя паўстагоддзя Беларусь. 147 чалавек станавiлiся прызёрамi летнiх i зiмовых Алiмпiяд. Iх дасягненнi i набыткi — на стэндах i вiтрынах музея. Ён, падкрэслiў выступоўца, павiнен стаць сапраўдным цэнтрам фiзкультурна-спартыўнага выхавання i падрыхтоўкi будучых алiмпiйцаў да адказных спартыўных баталiй. Знамянальнай падзеяй у жыццi рэспублiкi назваў адкрыццё Музея спартыўнай славы i мiнiстр спорту i турызму Беларусi Аляксандр ГРАГАРАЎ. «Фiзiчная культура i спорт у нашай краiне аднесены да прыярытэтных накiрункаў сацыяльнай палiтыкi, падкрэслiў ён. — Iх развiццё — палiтыка нашага прэзiдэнта, нашай дзяржавы. Выступленнi спартсменаў для беларускага народа заўсёды значныя i знакавыя. Алiмпiйскiмi чэмпiёнамi, чэмпiёнамi свету i Еўропы ганарыцца ўся краiна, яны па заслугах атрымлiваюць высокiя дзяржаўныя ўзнагароды, а трэнераў i ўвесь спартыўны актыў ведае ўсё насельнiцтва». Герой Савецкага Саюза, былы шматгадовы Старшыня Камiтэта па фiзiчнай культуры i спорту пры Савеце Мiнiстраў Беларусi Вiктар ЛIВЕНЦАЎ не хаваў радасцi i вялiкага задавальнення ад гэтай урачыстасцi. «У свой час, узначальваючы Спорткамiтэт, я марыў аб стварэннi такога музея, але не атрымлiвалася, увесь час чагосьцi не хапала. Музей спартыўнай славы — гэта энцыклапедыя беларускага спорту, нашага нацыянальнага спартыўнага руху, алiмпiзму...» Славутая гiмнастка Марына ЛОБАЧ шчыра i сардэчна падзякавала Нацыянальнаму алiмпiйскаму камiтэту Беларусi, Мiнiстэрству спорту i турызму рэспублiкi, шматлiкiм спонсарам за стварэнне Музея спартыўнай славы. «Я пераканана, — сказала яна, — што новая плеяда беларускiх спартсменаў сваiмi дасягненнямi на мiжнароднай спартыўнай арэне папоўнiць калекцыю экспанатаў музея...» Ганаровага права перарэзаць чырвоную стужку i адкрыць музей былi ўдастоены цi не самыя з тытулаваных нашых спартсменаў — чатырохразовая алiмпiйская чэмпiёнка Алена Бялова i пераможца трох Алiмпiйскiх гульняў Аляксандр Мядзведзь. Прама на ўрачыстасцi з нагоды адкрыцця музея каштоўныя спартыўныя рэлiквii i ўзнагароды яму перадалi заслужаныя майстры спорту Марыя Iткiна, Мiкалай Мiлiгула, Антанiна Кошаль, трэнер алiмпiйскага чэмпiёна Леанiда Тараненкi Iван Лагвiновiч i iншыя ганаровыя ўдзельнiкi адкрыцця музея.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Мiнску адкрыўся Музей спартыўнай славы |
|