Зажывуць у хатах ад «Нафтана» сем’i Паўла, Мiкалая ды Iвана...
Святлана БАРЫСЕНКА, Вiктар ПАЗНЯКОЎ. Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА, Алега ЕЛЬКІНА.
Магутныя планы ААТ «Нафтан» вырабляе звыш 70 найменняў прадуктаў нафтаперапрацоўкi, якiя прымяняюцца практычна ва ўсiх галiнах народнай гаспадаркi. Да 2010 года аб’ём перапрацаванай нафты павiнен павялiчыцца да 12 мiльёнаў тон у год. Якасць выпускаемых палiваў павiнна быць прыведзена ў поўную адпаведнасць з еўрапейскiмi спецыфiкацыямi. Плануецца ажыццявiць шэраг смелых тэхналагiчных рашэнняў, скiраваных на паляпшэнне якасных характарыстык выпускаемай прадукцыi i, у першую чаргу, дызельнага палiва — асноўнага экспартнага прадукту ААТ «Нафтан». Дарэчы, звыш 70 працэнтаў прадукцыi экспартуецца ў асноўным у краiны Еўрасаюза. Сёлета прадпрыемства-гiгант здае ў эксплуатацыю 15 дамоў, раскiданых па вёсках Пастаўшчыны. Заказчыкам будаўнiцтва ў дадзеным выпадку выступае мясцовая ўлада, якая i размяркоўвае службовае жыллё па патрэбах. Навасёл будзе жыць у домiку да таго часу, пакуль у канкрэтным рэгiёне будуць запатрабаваныя яго прафесiйныя ўменнi, i аплачваць яму давядзецца толькi камунальныя паслугi. Непасрэдна «Нафтан» намагаецца выконваць незвычайную задачу якасна i нават раней устаноўленага тэрмiну. Дарэчы, прадпрыемства выдаткоўвае грошы не толькi на саму будоўлю, яно ўзяло на сябе i ўсе iншыя расходы, не прадугледжаныя адпаведнай дакументацыяй, напрыклад, транспартныя, паколькi горад «Нафтана» — Наваполацк i Пастаўскi раён знаходзяцца на адлегласцi амаль 200 кiламетраў. Сацыяльны эфект Палац культуры вышэйшай катэгорыi — гэта 23 творчыя калектывы, 7 з якiх носяць ганаровае званне ўзорнага цi народнага. У перспектыве будынак палаца плануецца поўнасцю рэканструяваць. Загарадная база адпачынку «Якаўцы» дазваляе адначасова камфартабельна адпачыць больш як 150 работнiкам прадпрыемства i членам iх сем’яў, а дзiцячы летнi аздараўленчы лагер «Камета», разлiчаны на адпачынак i аздараўленне 500 дзяцей у змену, лiчыцца адным з лепшых месцаў дзiцячага адпачынку ў рэгiёне. У жнiўнi-вераснi чаргавiкi на жыллё адсвяткуюць доўгачаканае наваселле. У мiкрараёне «Васiлеўцы» на вулiцы Маладзёжнай «Нафтан» завяршыў ўзвядзенне двух жылых дамоў: панельнага на 72 кватэры i цагельнага на 39. Плануецца прытрымлiвацца такiх гадавых тэмпаў i надалей, хоць цяперашнiя аб’ёмы будаўнiцтва не здольны цалкам вырашыць кватэрнае пытанне. На «вытворчай» чарзе, як правiла, знаходзяцца каля 600—700 чалавек, а значыць, магчымасць адкрыць на родным заводзе крэдытную лiнiю пад будаўнiцтва жылля прадаставiцца новаспечанаму чаргавiку не праз год-два. 15+15 Паводле дзяржаўнай задачы — адраджаць вёску з дапамогай забеспячэння маладых спецыялiстаў уладкаваным жыллём — «Нафтану» неабходна ўзвесцi сёлета 15 жылых будынкаў. Дарэчы, нафтаперапрацоўчы гiгант — адзiнае прамысловае прадпрыемства вобласцi, якое атрымала падобнае даручэнне. У астатнiх выпадках задачу выконваюць будаўнiчыя арганiзацыi. У першым квартале гэтага года былi ўведзены два дамы, а на першае паўгоддзе запланаваны яшчэ пяць, якiя будуць здадзены ў блiжэйшы час датэрмiнова. Нягледзячы на тое, што нарматыўны тэрмiн будаўнiцтва — чатыры месяцы, мы ўзялi на сябе абавязкi справiцца за тры. Самае важнае для нас на любым этапе — дысцыплiна i якасць работ. Пакуль мы не маем нiводнага наракання па здадзеных аб’ектах у гарантыйны тэрмiн. Пачынаем тры новыя будаўнiчыя пляцоўкi, бо ў другiм квартале мы павiнны здаць восем дамоў. Зразумела, хацелася б максiмальна задзейнiчаць летнi перыяд. Аднак крыху стрымлiвае нясвоечасовае забеспячэнне дакументацыяй з боку нашых заказчыкаў — сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва i раённага ўпраўлення капiтальнага будаўнiцтва. Ёсць замiнка i з будматэрыяламi: не стае цэменту, шчэбню, пiламатэрыялаў. Абумоўлена гэта тым, што па ўсёй краiне разгорнута будаўнiцтва самых розных аб’ектаў. Уласна будаўнiчым арганiзацыям тут прасцей, а нам даводзiцца шукаць выйсце за кошт уласных рэсурсаў. У працяг тэмы развiцця i падтрымкi вёскi варта дадаць яшчэ i той факт, што за кошт спонсарскай дапамогi канцэрна «Белнафтахiм», а менавiта такiх буйных прадпрыемстваў, як «Палiмiр», «Шкловалакно», нафтаправод «Дружба» i «Нафтан» плануецца ажыццявiць будаўнiцтва i рэканструкцыю некалькiх будынкаў у Мiёрскiм раёне, у прыватнасцi, жывёлагадоўчага комплексу на 730 галоў. Паводле папярэднiх падлiкаў, работы запатрабуюць каля 6,5 мiльярда рублёў. Сёлета павiнна быць распрацавана ўся належная дакументацыя. Кожнаму прадпрыемству даручаны свой участак работы. За «Нафтанам» — рэканструкцыя непасрэдна гаспадарчай фермы i старой панскай сядзiбы, якая належыць кааператыву «Мiёрскi». Першы пускавы комплекс фермы павiнен быць здадзены ўжо ў кастрычнiку... Пяцi тыпавым трохпакаёвым домiкам у вёсцы Юнькi, размешчанай лiтаральна за тры кiламетры ад Пастаў, засталося перажыць аддзелачныя работы звонку i ўнутры. Агульная плошча дома ў Юньках — 81,3, жылая — 40,59 кв. метра. Ёсць веранда, кухня, туалет, ванная... Мiнеральная вата ацяпляе звонку, а кацёл ацяплення на цвёрдым палiве — унутры. Дапасуецца да жылога будынка невялiчкi, сцiплы каменны хлеў, якi, як мяркуецца, пры жаданнi можна павялічыць у памерах у залежнасцi ад патрэб, а па першым часе лiчыцца, што можна трымаць, напрыклад, курэй. — Я выконвала аддзелачныя работы ў Свiранах, дзе абсалютна такiя ж домiкi, — кажа Вольга. — Праўда, там месца надта адкрытае — пустка. Тут мне больш падабаецца. Цiшыня, шмат дрэў, паветра чыстае, а як птушкi спяваюць!.. Можна сказаць, удалая камандзiроўка. Жывём у гасцiнiцы «Нарач», так што да працоўнага месца дабiраемся дзесьцi 45 хвiлiн. На розных аб`ектах такiя выезды доўжацца па-рознаму — ад 10 дзён да двух тыдняў у залежнасцi ад аб`ёму работ. У дадзеным выпадку мы ўжо «закругляемся». Працуем, праўда, гадзiн па адзiнаццаць у дзень. Нас тут дзевяць дзяўчат, для кожнай з якiх падобная работа не з’яўляецца чымсьцi новым, бо i непасрэдна на «Нафтане» мы працуем па спецыяльнасцi — выконваем рамонтныя работы. Наступны наш аб’ект — восем домiкаў у вёсцы Ярава, за 25 кiламетраў адсюль. У мяне самой ёсць жыллё — трохпакаёвая кватэра, але меншая за гэты домiк. Калi б раптам давялося перасялiцца сюды... чаму б не? Я хоць i гарадская, а вёску люблю... Пакуль кiпела аддзелачная работа, да дзяўчат падыходзiлi будучыя навасёлы, цiкавiлiся, якi дом лепшы, выбiралi месца. Можна меркаваць, што новае жыллё не засумуе без жыхароў. А навасёлы дзе? У вёсцы Вярэнькi яшчэ летась «Нафтан» здаў пяць домiкаў. Месца тут, праўда, «голае», можа, таму i не абжытае? Гаспадары знайшлiся толькi для двух будынкаў, а тры сумна паглядаюць пустымi вокнамi. — Ёсць у нас, як бачыце, i жыллё, i школа, i садок... А не едзе нiхто. Сумнавата, канешне, — шчыра кажа Марына. — Спецыялiстаў, праўда, зараз хапае, так што не ведаю, калi ж да суседзяў у госцi пайду... Поруч жыве адна маладая сям’я, мясцовы хлопец Уладзiмiр, жонка якога чакае дзiця... Крыху далей, дакладней, нiжэй — у балоце, туляцца яшчэ некалькi новых дамоў для маладых спецыялiстаў. Гэтыя будаваў не «Нафтан», з-за чаго, магчыма, iх характэрнай адметнасцю не стала якасць. Дамы, праўда, заселеныя: жывуць сем`i i 23-гадовага агранома, i шматдзетная... Але, паводле слоў Марыны, няма з чым параўноўваць: там «усё неакуратна зроблена, цвiль на сценах, калодзеж на вулiцы». Быццам бы i скардзiлiся на ўсё гэта, але недахопы засталiся некранутымi. Адпрацуюць у такiх умовах маладыя спецыялiсты належны тэрмiн ды з`едуць, канешне... Мясцовая Марына, праўда, застанецца. Будзе пацiху рамонт наблiжаць да завяршэння, што пры заробку да 300 тысяч рублёў расцягнецца надоўга. Як абжывецца, можа, прыйдзе час i тыпавы хлеў перарабiць. Зараз там немагчыма нiкога трымаць, «нiякай «вентыляцыi», паветра не варушыцца». Таму свiннi, карова «гадуюцца» ў мацi, так бы мовiць, на дваiх. Соткi свае Марына засадзiла — бульбай, агуркамi, цыбуляй... Марына да адзiнокага пражывання, у прынцыпе, нязвыклая. Вырасла яна ў вялiкай сям’i. Старэйшы брат зараз у сталiцы працуе, сярэднi — пастаўскi каледж вось толькi скончыў, а малодшы — пяцiкласнiк. А тут раптам i папляткарыць няма з кiм. Таму так шчыра, усур’ёз запрашала Марына журналiстаў яшчэ ў госцi прыязджаць. Можа, застанецца хто... Захавальнiк «старажытнасцяў» Уладзiмiр Рыгоравiч Цецярук — носьбiт унiкальнай прафесii. Паўгода ён выконвае абавязкi... захавальнiка экспанатаў музея працоўнай славы. I не выпадкова: гэты чалавек мае багаты прафесiйны вопыт узыходжання па службовай лесвiцы, прычым на адным прадпрыемстве: ад аператара ўстаноўкi ў 60-я гады да дырэктара «Нафтана» ў 1983—1992 гадах. — Зараз вядуцца рамонтныя работы па аднаўленню музея працоўнай славы, — расказвае Уладзiмiр Рыгоравiч. — Усе экспанаты знаходзяцца пакуль пад маiм пiльным наглядам, а да знамянальнай для прадпрыемства падзеi ў, па сучаснаму абсталяваным, памяшканнi iх змогуць пабачыць усе жадаючыя, нашы сябры i госцi... Жаданне рухацца наперад, браць новыя вяршынi, адным словам, поспех у рабоце любога чалавека абумоўлены, як вядома, трывалай падтрымкай з боку сям’i. Таму i не дзiўна, што роля захавальнiка сваiх самых вялiкiх каштоўнасцей — дваiх дзяцей i траiх унукаў бачыцца Уладзiмiру Рыгоравiчу самай важнай. У сваю чаргу менавiта любiмая работа служыла ўмацаванню сям’i, бо на такiх прадпрыемствах як «Нафтан» актыўна i на высокiм узроўнi развiвалася сацыяльная сфера. Тут нiколi не забывалi пра сваiх работнiкаў, усяляк падтрымлiвалi службовым жыллём, магчымасцю адпачываць на самых прэстыжных па тым часе курортах Саюза... Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Згодна з дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіцця вёскi, ААТ «Нафтан» другi год запар будуе жыллё для маладых спецыялiстаў Пастаўскага раёна |
|