Рыгор ВАСIЛЕВIЧ: «Штогод у Канстытуцыйны Суд звяртаюцца тысячы грамадзян»
Падрыхтаваў Сяргей КУЗНЯЦОЎ
Днямi ў прамы эфiр Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё быў запрошаны Старшыня Канстытуцыйнага Суда Беларусi Рыгор ВАСIЛЕВIЧ. У студыi ён адказваў на пытаннi журналiста радыё i карэспандэнта «Звязды», а таксама свае пытаннi госцю задавалi радыёслухачы. Сёння наша газета друкуе справаздачу аб гэтай радыёпраграме.
У пачатку перадачы Рыгор Васiлевiч даў ацэнку сённяшняга стану прававой сiстэмы краiны: — У Беларусi створана сучасная прававая сiстэма. Важнейшы яе элемент — сучаснае заканадаўства. Так, за гады самастойнага развiцця ў краiне было прынята каля 1 тыс. законаў (безумоўна, частка з iх страцiла сваю юрыдычную сiлу). I нашае заканадаўства пастаянна ўдасканальваецца... — Якой, на ваш погляд, з’яўляецца роля Канстытуцыйнага Суда ў фармiраваннi дэмакратычнай прававой дзяржавы? — Роля Канстытуцыйнага Суда заключаецца ў тым, каб забяспечыць верхавенства Канстытуцыi. Хоць гэта задача ўсiх органаў улады: i парламента, i прэзiдэнта, i ўрада, i iншых уладных структур. Яны павiнны дзейнiчайць такiм чынам, каб прымаемыя прававыя акты адпавядалi Канстытуцыi... Не заўсёды можна адразу выявiць разыходжанне памiж прынятым падканстытуцыйным актам i Канстытуцыяй. I калi ўзнiкаюць сумненнi, цi адпавядае Асноўнаму Закону той цi iншы дакумент, то Канстытуцыйны Суд уключаецца ў работу i выносiць свой вердыкт, вырашае прававы канфлiкт. Робiцца гэта на аснове нашай Канстытуцыi i агульнапрынятых прынцыпаў мiжнароднага права. Хачу падкрэслiць, што Канстытуцыя Беларусi падрыхтавана з улiкам Еўрапейскай канвенцыi па правах чалавека (хоць гэты дакумент i не мае абавязковага характару для нашай краiны, але тыя iдэi, якiя зафiксаваныя ў канвенцыi, увайшлi ў тэкст нашай Канстытуцыi). У нашу Канстытуцыю ўключаны многiя нормы i iдэi, якiя ўтрымлiваюцца ў Пакце аб грамадзянскiх i палiтычных правах, у Пакце аб эканамiчных, сацыяльных i культурных правах. Беларусь — еўрапейская дзяржава (не толькi па геаграфiчнаму знаходжанню, але i па нашай культуры, менталiтэту). I мы выкарыстоўваем напрацоўкi, якiя iснуюць на еўрапейскiм кантыненце. У прыватнасцi, Еўрапейскага суда па правах чалавека, якi тлумачыць палажэннi Еўрапейскай канвенцыi па правах чалавека... — Звернемся да тэмы адпаведнасцi беларускаму заканадаўству мясцовых прававых актаў (напрыклад, якiя прымаюцца на раённым узроўнi). На працягу апошнiх гадоў паступала шмат iнфармацыi аб тым, што не змяншаецца колькасць зваротаў грамадзян краiны ў Канстытуцыйны Суд, звязаных з правамоцнасцю прыняцця на раённым узроўнi тых цi iншых прававых актаў, якiя не адпавядаюць беларускаму заканадаўству. Пры гэтым з 1 кастрычнiка сёлета, як плануецца, будзе ажыццяўляцца абавязковая юрыдычная экспертыза прававых актаў мясцовых Саветаў, якая будзе праводзiцца ўпраўленнямi юстыцыi аблвыканкамаў... — У нашай краiне дзейнiчае больш за 1600 мясцовых Саветаў дэпутатаў i прыкладна такая ж колькасць мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў. Кожны з гэтых суб’ектаў улады прымае свае прававыя акты, у тым лiку i нарматыўныя. I, безумоўна, службовыя асобы, якiя працуюць у згаданых структурах, iмкнуцца да таго, каб прымаць адпавядаючыя заканадаўству рашэннi. Але здараюцца i такiя выпадкi, калi прымаюцца акты, якiя не супадаюць з патрабаваннямi прававых актаў, што маюць больш высокую юрыдычную сiлу. Тады ў гэты працэс уключаецца i Канстытуцыйны Суд, калi да нас паступаюць адпаведныя звароты. Паўтару, большасць мясцовых Саветаў, а таксама выканаўчых i распарадчых органаў дзейнiчаюць у адпаведнасцi з заканадаўствам. Але нарматворчая дзейнасць вельмi iнтэнсiўная i вельмi складаная. I, безумоўна, тут могуць адбывацца пэўныя адыходы ад патрабаванняў Канстытуцыi i законаў... Я падтрымлiваю той падыход, якi зараз замацаваны ў заканадаўстве, што акты Саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню i акты адпаведных мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў будуць праходзiць экспертызу. Але i пасля рэгiстрацыi дакумента ў адпаведным дзяржаўным органе могуць выяўляцца нейкiя неадпаведнасцi зарэгiстраваных мясцовых рашэнняў Канстытуцыi цi законам. Галоўнае тут — своечасава выяўляць гэтыя неадпаведнасцi i супярэчаннi, а потым выпраўляць iх. — Пракаментуйце сiтуацыю з прыняццем Канстытуцыйнага акта Беларусi i Расii. Цi не здаецца вам, што палiтычная iнтэграцыя памiж дзвюма краiнамi дайшла да ступенi, пасля якой бакам вельмi цяжка зрабiць далейшыя крокi насустрач, бо супярэчнасцi па размеркаванню ўладных паўнамоцтваў у праекце Канстытуцыйнага акта вялiкiя... — Працэс iнтэграцыi — дастаткова складаны працэс. Мы можам гэта бачыць на прыкладзе рэалiзацыi Канстытуцыi для Еўропы. Так, у Францыi i Галандыi грамадзяне выказалiся супраць гэтай Канстытуцыi на тэрыторыях сваiх краiн. Што датычыцца Расii i Беларусi, то памiж нашымi краiнамi iснуюць цесныя сувязi, мы маем адны каранi. I працэс iнтэграцыi дзяржаў з’яўляецца аб’ектыўным. Аднак мы павiнны знайсцi аптымальны варыянт узаемаадносiнаў памiж Расiяй як дзяржавай i Беларуссю як дзяржавай. Сёння мы гаворым пра захаванне дзяржаўнага суверэнiтэту. Усё павiнна быць на раўнапраўнай i добраахвотнай аснове. I тут задача стаiць перад палiтыкамi — вызначыць гэтую канцэпцыю ўзаемаадносiнаў... — Пытанне ад некалькiх слухачоў. Як трапiць на прыём у Канстытуцыйны Суд? — Хачу падкрэслiць, што беларускае заканадаўства вызначае тых суб’ектаў, якiя могуць унесцi нам прапановы, па якiх суд можа распачаць вытворчасць з вынясеннем Заключэння Канстытуцыйнага Суда. Гэта прэзiдэнт, абедзве палаты парламента, урад, Вярхоўны Суд i Вышэйшы Гаспадарчы Суд. Шэсць суб’ектаў. Напрыклад, нядаўна Палата прадстаўнiкоў унесла нам прапанову аб праверцы на адпаведнасць Канстытуцыi аднаго з ведамасных актаў. Таксама да нас звяртаюцца грамадзяне. Штогод да нас паступае некалькi тысяч зваротаў ад iх. Праўда, большасць зваротаў адносiцца да кампетэнцыi iншых органаў улады. Аднак частка зваротаў адносiцца да нашай кампетэнцыi — гаворка iдзе пра праверку канстытуцыйнасцi прававых актаў. У той жа час грамадзяне не валодаюць правам распачаць вытворчасць па той цi iншай справе ў Канстытуцыйным Судзе. Для пачатку вытворчасцi iм трэба прасiць аб звароце ў Канстытуцыйны Суд згаданых вышэй суб’ектаў... Аднак у той цi iншай ступенi мы рэагуем на звароты грамадзян. Мы выкарыстоўваем адпаведныя прымальныя фармулёўкi, каб уздзейнiчаць на неправавыя сiтуацыi (калi мы ўстанаўлiваем, што яны маюць месца)... — Пытанне ад слухача. Пенсiянерка з Мiнска пытаецца, цi можа быць накладзены на яе штраф большы, чым памер яе пенсii. — Забароны рабiць гэта няма. Але орган, якi накладае штраф, можа ўлiчыць усе абставiны справы, у тым лiку i матэрыяльнае становiшча грамадзянкi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Рыгор Васiлевiч даў ацэнку сённяшняга стану прававой сiстэмы краiны
|
|