Шашлык, маца i дранiк
Алена КАЗЛОВА
У Магiлёве на Дзень горада адбылося свята нацыянальных культур «Мiр вашаму дому»
Пешаходная вулiца Ленiнская ў цэнтры Магiлёва напоўнiлася людзьмi ў розных нацыянальных строях. Беларусы i грузiны, армяне i яўрэi, азербайджанцы i ўкраiнцы, рускiя i палякi iшлi разам пад музыку духавога аркестра. На плошчы Зорак прадстаўнiкам кожнай з дыяспар уручылi караваi — сiмвалы гасцiннасцi. На сцэне пачаўся канцэрт старажытнай i народнай музыкi, у розных кутках вулiцы адчынiлiся нацыянальныя падворкi. — Мы прадстаўляем магiляўчанам свае традыцыi, кухню. Вось пахлава, шашлык з баранiны, курыныя крыльцы, — паказаве старшыня Магiлёўскай абласной азербайджанскай абшчыны Iльяс Iльясаў. — Але самае галоўнае — гэта, канешне, зносiны памiж людзьмi. Менавiта яны зблiжаюць людзей лепей за ўсё. На магiлёўскае свята з Масквы спецыяльна прыехаў вядомы азербайджанскi спявак Iльгар Мамедаў. Як толькi ён заспяваў надзвычай прыгожую i крыху сумную мелодыю, каля iмправiзаванай сцэны тут жа пачалi збiрацца гледачы. Украiнскi падворак схаваўся ў цянi таполяў, але знайсцi яго вельмi проста: песню «Ой, у гаi пры Дунаi» змяняе «На гародзе чорна рэдзька». Вяночкi, пацеркi i стужкi ў жанчын, чырвоныя казацкiя шаравары ў мужчын, i ўсюды — гiганцкiя жоўтыя сланечнiкi. На доўгiм i шырокiм стале размясцiлiся глыбокiя талеркi з вялiзнымi i сакавiтымi клубнiцамi. У невялiкiх гаршчочках пыхцяць гарачыя варэнiкi. — Дарэчы, беларускае сала не горш за ўкраiнскае, — усмiхаецца кiраўнiк культурна-асветнага грамадскага аб’яднання ўкраiнцаў Магiлёва «Днiпро» Анатоль Мошчанка. — Гэта я вам як спецыялiст у сале кажу! Песню пра Галю, якую казакi падманулi i забралi з сабою, падхоплiвае, здаецца, уся вулiца. А далей — падворак «Iберыя». Трэба толькi на iмгненне запаволiць крок, каб пачуць: «Частуйцеся, генацвале!» Грузiнскае таварыства ў Магiлёве — самае маладое, яму толькi паўтара года. Але яно ўжо атрымала вядомасць сваёй дабрачыннасцю, дапамогай iнвалiдам-калясачнiкам i дзiцячым установам. Цяпер з’явiўся, пакуль невялiкi, нацыянальны ансамбль. КажуцьЫ, грузiнскiя танцы вельмi сiмвалiчныя, тут кожны паварот мае сваё значэнне. Дзяўчаты ў старажытных вясельных сукенках ахвотна частуюць прахожых i распавядаюць, як правiльна спячы грузiнскi хлеб, зрабiць вiно. «Грузiнская кухня — гэта ежа багоў i пастухоў: яна смачная i простая», — дзелiцца сакрэтам намеснiк старшынi таварыства Таццяна Узiлашвiлi. Напрыклад, грузiны не будуць замочваць мяса для шашлыка i смажыць яго разам з агароднiнай. Яны раяць узяць свежую свiную паляндвiцу, парэзаць яе невялiкiмi кавалкамi пад прамым вуглом, каб мяса добра прыгатавалася, дадаць чырвоны перац i соль, добра перамяшаць i паставiць на ноч у халаднаватае месца пад гнёт. Для добрага смаку будучы шашлык можна спырснуць сухiм чырвоным вiном. Пасля смажання — есцi са свежай агароднiнай. А завяршылася свята агульным канцэртам усiх дыяспар на плошчы Зорак пад назвай «Карагод сяброўства».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Магiлёве на Дзень горада адбылося свята нацыянальных культур «Мiр вашаму дому» |
|