У падарожжа — з багажом ведаў
Барыс ПРАКОПЧЫК
Турыстычная паездка — гэта не толькi адпачынак i знаёмства са славутасцямi таго цi iншага рэгiёна, але i чыста бытавыя нюансы, ад iгнаравання якiх вам будзе не зусiм камфортна альбо нават праблематычна. А значыць, у падарожжа трэба накiроўвацца з багажом не толькi рэчаў, але i ведаў па самых элементарных пытаннях. Вось што рэкамендуе ў гэтай сувязi Гродзенскi гарадскi турыстычна-iнфармацыйны цэнтр.
Што ўзяць у дарогу? Варта ўзяць з сабой цёплыя рэчы, зручны абутак для экскурсiй, а таксама парасон, бо надвор’е можа быць пераменлiвым. Невялiкая падушачка i плед зробяць ваша падарожжа больш камфортным, асаблiва калi яно працяглае, з начнымi пераездамi. Пажадана мець свой посуд. Памятайце, што ў гатэлях не заўсёды ёсць такiя паслугi, як будзiльнiк, фен, прас. Вельмi зручна мець пры сабе i iндывiдуальную аптэчку. З прадуктаў лепш за ўсё браць хуткарастваральныя суп i кашу, агароднiну i садавiну, хлеб у нарэзцы, сыр i мясныя прадукты ў вакуумнай упакоўцы, гарбату i каву ў пакецiках, цукар-рафiнад. Тым, хто збiраецца наведаць аквапаркi (басейны, сауны, лазнi), трэба ўзяць купальныя рэчы. У турах з адпачынкам пажадана мець сонцаахоўныя акуляры i галаўны ўбор. Пагранiчны кантроль i мытня Падчас праходжання пашпартнага кантролю неабходна мець пашпарт з неабходнымi вiзамi, дазвол на выезд дзiцяцi. На кожнай мяжы працэдура пашпартнага кантролю паўтараецца. На беларуска-польскай мяжы вы i ваш багаж праходзяць агляд. Памятайце аб мытных правiлах i неабходнасцi правiльнага запаўнення мытнай дэкларацыi. Строга забараняецца пры праходжаннi мяжы: выходзiць з аўтобуса, уступаць у перамовы i спрэчкi з афiцыйнымi асобамi. З пагранiчнiкамi i мытнiкам трэба паводзiць сябе карэктна, на ўсе пытаннi адказваць дакладна. Пры ўзнiкненнi якiх-небудзь спрэчных пытанняў неабходна паведамiць аб гэтым кiраўнiку групы. На мяжы забаронена фатаграфаваць i здымаць на вiдэакамеру, у такiх выпадках камеры могуць быць канфiскаваны пагранiчнiкамi. Увага! Графiк паездкi мае на ўвазе, што яго павiнны прытрымлiвацца ўсе ўдзельнiкi. I калi вы па нейкiх прычынах усё ж вырашыце пакiнуць групу, то неабходна паведамiць аб гэтым загадзя. У любым выпадку трэба ўзяць у суправаджаючага нумары тэлефонаў i адрасы гатэляў па маршруту. У выпадку самавольнай затрымкi турыста звесткi аб гэтым iнцыдэнце неадкладна перадаюцца ў iмiграцыйную службу i пасольства дзяржавы, якая выдала вiзу. Пры выяўленнi гэтага турыста ўладамi краiны, дзе ён застаўся альбо мае намер застацца (просьба аб пастаянным месцы жыхарства, замужжа, нелегальная работа i г.д.), яго дэпартуюць у краiну пражывання без права наведвання краiн Шэнгенскага пагаднення ў будучым. Валюта Для таго, каб камфортна адчуваць сябе ў Еўропе, было б добра мець валюту краiн, якiя вы праязджаеце, альбо краiн, дзе праводзiце большую частку тура. Калi вы бераце асноўную суму ў еўра, то абавязкова пастарайцеся мець дробныя купюры. Выкарыстоўвайце магчымасць абмену валюты па дарозе, бо па прыбыццi ў горад абменныя пункты могуць быць яшчэ альбо ўжо зачынены. Расходы Вас чакаюць расходы на харчаванне, грамадскi транспарт, забаўляльныя мерапрыемствы, бiлеты ў музеi, сауны i лазнi, пакупку сувенiраў i г.д. Абед у большасцi еўрапейскiх краiн абыдзецца прыкладна ў 10 еўра, вячэра без спiртных напояў — 10—20 еўра. Кошт праезду на гарадскiм транспарце вагаецца ў дыяпазоне ад 0,5 да 5 еўра ў залежнасцi ад краiны i горада. Уваходныя бiлеты ў музеi каштуюць ад 2 да 17 еўра, у сауны i лазнi — ад 10 да 25 еўра, на канцэрты i спектаклi — ад 15 еўра i больш. Кошт карыстання туалетам на стаянцы — каля 30—50 еўрацэнтаў. Сувенiры можна набыць у сярэднiм за 5—10 еўра кожны. У гасцiнiцы Калi вы ведзяце тэлефонныя перамовы з нумара гатэля, то адпаведныя рахункi аплачваюцца ў дзень ад’езду ў службе размяшчэння (reception) гатэля. Не дапускаецца прыносiць у рэстаран гатэля вашы ўласныя напоi. Нельга выносiць за межы рэстарана гатэля прадукты, узятыя са «шведскага стала» (буфета) без асобнай платы. Усе прадукты i напоi, што выносяцца са «шведскага стала» з рэстарана, павiнны быць аплачаны. Дарэчы, зусiм не абавязкова выпiваць за адзiн вечар набытую ў рэстаране гасцiнiцы бутэльку вiна цi iншага напiтка. Можна папрасiць афiцыянта зарэзерваваць для вас гэту бутэльку i спакойна карыстацца яе змесцiвам па працягу прымальнага для вас часу. Пошук забытых рэчаў у нумарах гасцiнiц вядзецца самастойна i за свой кошт.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Турыстычная паездка — гэта не толькi адпачынак i знаёмства са славутасцямi таго цi iншага рэгiёна, але i чыста бытавыя нюансы, ад iгнаравання якiх вам |
|