Цэны на нафту б’юць гiстарычныя рэкорды
Iгар ШЧУЧЭНКА
Меркаванне Нягледзячы на завоблачныя цэны, попыт на «чорнае золата» ў свеце застаецца высокiмЗ 13 лiпеня на сусветных рынках цэны на нафту папаўзлi ўверх i трымаюцца зараз на самым высокiм за ўсю гiсторыю ўзроўнi — больш за 78 долараў ЗША за барэль. Аналiтыкi не выключаюць таго, што з цягам часу можа быць узяты i новы цэнавы бар’ер у 80 долараў ЗША. Справа ў тым, што магутны рост кошту сыравiны выклiкалi падзеi на Блiзкiм Усходзе, нягледзячы на тое, што Лiван i Iзраiль не ўдзельнiчаюць у здабычы нафты на экспарт. Аднак апаскi наконт далейшай эскалацыi насiлля, што можа вылiцца ў перабоi з пастаўкамi нафты з усяго рэгiёна, зрабiлi сваю чорную справу. — Як мы з вамi казалi i раней, рынкi сыравiны, асаблiва энергетычныя, зараз вельмi рэзка рэагуюць на любыя палiтычныя ўзрушэннi, — каментуе сiтуацыю вядомы эканамiст Валерый ДАШКЕВIЧ. — Дастаткова было толькi паведамiць некалькi дзён таму, што запасы нафты ў Злучаных Штатах скарацiлiся на 6 мiльёнаў барэляў, як рынак адразу ж адрэагаваў ростам цэн на сырую нафту. Да таго ж сiтуацыя ў Iраку i Iране застаецца па-ранейшаму напружанай i аптымальнага рашэння праблемы тут пакуль няма. Вось таму рынкi так балюча i рэагуюць на ўсялякiя паведамленнi... — Валерый Фларыянавiч, у некаторых экспертаў ужо няма сумнення ў тым, што хутка будзе пераадолена i мяжа ў 80 долараў за барэль. На Ваш погляд, наколькi гэта рэальна? — Гэта магчыма. У прынцыпе, на нейкiм кароткатэрмiновым этапе цэны могуць пераскочыць i за ўзровень у 80 долараў — панiка ёсць панiка. Не выключаю таго, што да восенi гэтага года кошт нафты можа дайсцi да названай вышэй мяжы, калi пачнецца сезон ураганаў у Мексiканскiм залiве, дзе амерыканцы здабываюць значную частку сваёй нафты. — У такiм разе, якiм чынам адаб’ецца на сусветнай эканомiцы магчымы i непрымальны рост цэн? — У нас ёсць вопыт 70-х гадоў, калi цана на нафту рэзка скокнула. У вынiку адбылася пэўная тэхналагiчная рэвалюцыя, гэта значыць у свеце сталi менш спажываць сыравiны, а новыя тэхналогii пачалi бурна развiвацца. Значнае скарачэнне спажывання прывяло да таго, што цэны на нафту ў рэшце рэшт упалi. Таму, на мой погляд, калi цэны доўгi час будуць захоўвацца на высокiм узроўнi, нешта аналагiчнае адбудзецца i зараз. Нарошчваць здабычу нафты наўрад цi ўяўляецца магчымым у значных аб’ёмах. Гэта значыць, мы пачнём менш трацiць мiнеральных рэсурсаў на абслугоўванне эканомiкi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
каментуе сiтуацыю вядомы эканамiст Валерый ДАШКЕВIЧ
|
|