Чарнаморскi рэгiён павiнен стаць зонай стабiльнасцi, росквiту i мiру
Барыс ПРАКОПЧЫК
Сваю ролю ў гэтым бачаць i беларускiя парламентарыi
У Ерэване адбылося чарговае пленарнае пасяджэнне Генеральнай асамблеi ПАЧЭС — парламенцкай асамблеi арганiзацыi Чарнаморскага эканамiчнага супрацоўнiцтва. У рабоце гэтага форуму ўдзельнiчалi i парламентарыi Нацыянальнага сходу Беларусi — дэпутат Палаты прадстаўнiкоў Лiлiя Кашанкова i член Савета Рэспублiкi Уладзiмiр Шышко. Наша даведка. Парламенцкая асамблея арганiзацыi Чарнаморскага эканамiчнага супрацоўнiцтва была створана ў 1993 годзе. Яна накiроўвае свае намаганнi на развiццё эканамiчнага, палiтычнага i культурнага супрацоўнiцтва памiж народамi рэгiёна з мэтай пераўтварэння яго ў зону стабiльнасцi, росквiту i мiру. Асамблея выпрацоўвае рэкамендацыi для рэалiзацыi праектаў шматбаковага супрацоўнiцтва ў такiх галiнах, як гандаль, банкаўская справа i фiнансы, транспарт, энергетыка, сельская гаспадарка, iнфармацыйнае грамадства, барацьба з арганiзаванай злачыннасцю i тэрарызмам, а таксама пытаннi культуры, сацыяльнага забеспячэння i навакольнага асяроддзя. — Праз Чарнаморскi рэгiён праходзiць мноства эканамiчных шляхоў i таму Беларусь, якая знаходзiцца на водападзеле Балтыйскага i Чорнага мораў, натуральна, мае вялiкi iнтарэс да супрацоўнiцтва ў рамках гэтай мiжнароднай арганiзацыi, — зазначыла ў гутарцы з карэспандэнтам «Звязды» Лiлiя Кашанкова. — У 2004 годзе нашы дэпутаты былi запрошаны на яе пасяджэнне ў якасцi гасцей, а ў снежнi мiнулага года Нацыянальнаму сходу Рэспублiкi Беларусь аднагалосна надалi статус назiральнiка. У такой жа якасцi ў рабоце ПАЧЭС пакуль удзельнiчаюць i парламентарыi з Францыi, Германii, Iзраiля, Славакii. Пры гэтым, як нам сказалi ў сакратарыяце гэтай арганiзацыi, Беларусь мае ўвесь неабходны патэнцыял, каб стаць яе членам. На сёння асамблея аб’ядноўвае членаў парламентаў з дванаццацi краiн. — Якiя пытаннi абмяркоўвалiся ў Ерэване? — Сакратарыятам ПАЧЭС былi падрыхтаваны вельмi цiкавыя даклады, з якiмi мы мелi магчымасць загадзя азнаёмiцца. Асноўнай тэмай дыскусii была «Энергетычная бяспека ў Чарнаморскiм рэгiёне». Другая тэма датычылася супрацоўнiцтва ў барацьбе з эканамiчнымi злачынствамi. I трэцяе пытанне — «Дыялог культур як сродак умацавання даверу памiж народамi». Па кожнаму пытанню дэпутаты з краiн — членаў арганiзацыi i назiральнiкі маглi выйсцi да трыбуны i выказаць свае заўвагi i прапановы. — Беларуская дэлегацыя такой магчымасцю скарысталася? — Так, мы актыўна ўдзельнiчалi ў абмеркаваннi пытання аб дыялогу культур. Абвясцiлi асноўныя тэзiсы палiтыкi нашай дзяржавы ў галiне культуры, расказалi аб вялiзнай падтрымцы, якую аказваюць прэзiдэнт i ўрад Беларусi адораным дзецям. Вельмi зацiкавiла дэпутатаў i наша iнфармацыя аб Усебеларускiм фестывалi нацыянальных культур. У перапынку да нас падыходзiлi парламентарыi з розных краiн i казалi, што Гродна можа прэтэндаваць на званне «Горад культуры свету» (ёсць такi рух у рамках арганiзацыi Чарнаморскага супрацоўнiцтва). Мы таксама расказалi аб рэканструкцыi Аўгустоўскага канала i, адпаведна, аб умацаваннi культурных сувязяў памiж Беларуссю, Польшчай i Лiтвой, аб рэстаўрацыi нашых гiстарычных помнiкаў у Мiры, Нясвiжы, Тураве, i, канешне, аб новым будынку Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi. Акрамя таго, мы выказалi ўдзячнасць прадстаўнiкам тых краiн, якiя падтрымалi нашу Ксенiю Сiтнiк на конкурсе «Еўрабачання». Выступiлi i з прапановай: у рамках краiн Чарнаморскага рэгiёна правесцi сустрэчу жанчын, дзе абмеркаваць праблемы мацярынства, дзяцiнства, духоўнай культуры. Гэта таксама знайшло падтрымку ўдзельнiкаў форуму. Важна i тое, што мы сустрэлiся са сваiмi калегамi — парламентарыямi з iншых краiн, у прыватнасцi, з Расii, Турцыi, Арменii. Да прыкладу, турэцкая дэлегацыя выказала iнтарэс да нашай металаапрацоўчай прамысловасцi, а таксама намер запрасiць нашы калектывы ў Турцыю на фестываль фальклорнага мастацтва.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сваю ролю ў гэтым бачаць i беларускiя парламентарыi
|
|