Лета — для дзетак. Калi разумныя мамы
Наталля ТАЛIВIНСКАЯ
— Беднае дзiцятка...Чаму ў яго такiя пунсовыя ручкi? Загаралi?..
— Не, мы на рынку з iм сядзелi... — У спёку? — Так, суседку чакалi... Гэтая размова адбылася памiж мамай двухгадовага хлопчыка i ўрачом-педыятрам 8-й гарадской дзiцячай палiклiнiкi Валянцiнай Обадавай. Валянцiна Кiрылаўна расказала, што гэта не адзiнкавы выпадак, калi да ўрачоў звяртаюцца бацькi з маленькiмi дзеткамi, якiя атрымалi моцныя сонечныя апёкi. Сёння нярэдка сустрэнеш бацькоў, якiя гуляюць з дзецьмi з 12 да 15 гадзiн, а гэта час, калi наогул нельга выходзiць з малымi на вулiцу летам у спякоту. Але сонечныя апёкi, — гэта не адзiная праблема лета... — Часцей за ўсё летам да нас звяртаюцца з вострымi кiшэчнымi iнфекцыямi, цеплавымi i сонечнымi ўдарамi i нават мiкраспарыяй — распавядае Валянцiна Обадава.— Каб зберагчы сваё дзiця ад гэтых нечаканасцяў, трэба выконваць некаторыя правiлы. ПРАВIЛА ПЕРШАЕ Каб усцерагчы дзiця ад цеплавога ўдару (а гэта агульнае пераграванне арганiзма), трэба заўсёды апранаць малога ў залежнасцi ад надвор’я. Навошта нацягваць «сем кофтачак», калi цёпла? Часта даводзiцца бачыць карцiну: iдзе маладая мама ў лёгкiм сарафане, а немаўля крычыць у калысцы, укручанае мала таго што ў цёплыя пялёнкi i чэпчыкi, дык яшчэ i накрытае коўдрай. Каб дзiця не атрымала сонечны ўдар (доўгае прамое ўздзеянне сонечных промняў), трэба чаргаваць знаходжанне на сонцы i ў ценi. З 12 да 15 гадзiн у спякоту не выходзiць на вулiцу ўвогуле. Калi вы вырашылi з малым пазагараць, то абавязкова трэба карыстацца сонцаахоўным крэмам. Не забывайцеся апранаць дзiцяцi панамку. Калi ўсё ж такi ў вашага дзiцяцi павысiлася тэмпература, яно стала капрызлiвым, то хутчэй за ўсё ў яго цеплавы цi сонечны ўдар. У гэтым выпадку трэба ў першую чаргу занесцi дзiця ў халаднаватае месца, распрануць, абцерцi яго халаднаватай вадой i накрыць прасцiнай. ПРАВIЛА ДРУГОЕ Калi ў малога ВКI (вострая кiшэчная iнфекцыя), то нi ў якiм выпадку нельга займацца самалячэннем, трэба абавязкова выклiкаць урача, гаворыць Валянцiна Обадава. Але ёсць агульныя правiлы, якiх трэба прытрымлiвацца кожнаму, каб папярэдзiць захворванне. Яны абавязковыя для мам з малымi дзецьмi. Трэба строга прытрымлiвацца тэрмiнаў i ўмоў захоўвання прадуктаў, якiя хутка псуюцца. Агароднiну, ягады, садавiну старанна мыць у праточнай вадзе; ахоўваць прадукты ад мух; не дапускаць межавання гатовых i сырых прадуктаў; выконваць патрабаваннi асабiстай гiгiены. А вось мамам з груднымi дзеткамi трэба да ўсяго мыць рукi перад кожным кармленнем. У адносiнах да гiгiены дзiцяцi: як мага часцей удзень мыць яму рукi i твар, а таксама абавязкова купаць кожны вечар; своечасова мяняць памперсы, нацельную i пасцельную бялiзну; не кiдаць памперсы i пялёнкi на падлогу. Кожны дзень прыбiраць i праветрываць памяшканне. Кармiць дзiця трэба толькi свежапрыгатаванай сумессю, кашай. ПРАВIЛА ТРЭЦЯЕ Акрамя таго, кожная мама павiнна ведаць, што не трэба кармiць дзiця на вулiцы. Памылковае меркаванне, што мыць апельсiны цi бананы не трэба, бо з iх здымаюць лупiну. Трэба мыць усю садавiну, папярэджвае ўрач-педыятр. Не лянуйцеся мыць дзiцячыя цацкi, асаблiва для малых, якiя ўсё цягнуць у рот. Наконт мiкраспарыi трэба ведаць, што заражаюцца ёю не толькi ад кошак ды сабак, але i ад прадметаў, на якiх засталiся iх шэрсць i лускавiнкi. Ёсць два старыя спосабы засцерагчыся ад мiкраспарыi. Першы — не кранаць вулiчных жывёл. I другi — прыйшоўшы з вулiцы, абавязкова мыць рукi i сабе, i малому. Будзеце выконваць летнiя парады педыятраў — будзе больш шанцаў, што ваша дзiця не захварэе.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Але сонечныя апёкi, — гэта не адзiная праблема лета
|
|